Трамп заклікаў іранскія войскі скласьці зброю, а мірных жыхароў падняць паўстаньне

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Вашынгтон, 5 сакавіка 2026

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў вайскоўцаў, паліцыю і Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) Ірану скласьці зброю і паабяцаў ім «поўную недатыкальнасьць», калі яны пакінуць дзейную ўладу краіны.

Гэтую заяву Дональд Трамп зрабіў падчас росту асьцярогаў, што вайна ЗША і Ізраілю супраць Ірану распаўсюджваецца на ўвесь Блізкі Ўсходзе і закранае ня толькі арабскіх хаўрусьнікаў Вашынгтону, але і краіны па-за рэгіёнам Пэрсыдзкай затокі — Азэрбайджан, Турэччыну, Кіпр і нават Шры-Лянку, якая знаходзіцца прыкладна за 3900 кілямэтраў ад эпіцэнтру падзеяў, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Выступаючы ў Белым доме 5 сакавіка, Трамп заклікаў іранскія сілавыя структуры стаць на бок іранскага грамадзтва і дапамагчы зрынуць урад, які кіруе краінай з моманту Ісламскай рэвалюцыі 1989 году.

«Я зноў заклікаю ўсіх чальцоў Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі, вайскоўцаў і паліцыю скласьці зброю, — сказаў Трамп. — Цяпер самы час заступіцца за іранскі народ і дапамагчы яму вярнуць сваю краіну».

Your browser doesn’t support HTML5

Israel Strikes Lebanon As Lawmaker Says Goal Is To 'Topple Regime' In Iran

Трамп падкрэсьліў, што тыя, хто здасца, атрымаюць абарону. «Мы дамо вам імунітэт», — сказаў ён і дадаў, што тыя, хто гэта робіць, апынуцца «на правільным баку гісторыі»:

«Вы будзеце цалкам у бясьпецы, з поўным імунітэтам, інакш вам гарантаваная сьмерць. А я не хачу гэтага бачыць».

Трамп таксама зьвярнуўся да іранскіх дыпляматаў, якія знаходзяцца за мяжой, з просьбай аб дапамозе ў фармаваньні будучыні Ірану:

«Мы заклікаем іранскіх дыпляматаў па ўсім сьвеце прасіць аб прытулку і дапамагчы нам сфармаваць новы і лепшы Іран зь вялікім патэнцыялам».

Пазьней, у інтэрвію NBC News, Трамп заявіў, што пакуль не разглядае магчымасьці выкарыстаньня амэрыканскіх войскаў у наземнай апэрацыі ў Іране.

«Гэта марнаваньне часу. Яны страцілі ўсё. Яны страцілі свой флёт. Яны страцілі ўсё, што маглі страціць», — сказаў ён NBC News у тэлефоннай размове і дадаў, што ранейшая заўвага міністра замежных справаў Ірану Абаса Аракчы пра тое, што Іран гатовы да наземнага ўварваньня ЗША ці Ізраілю, была «пустой».

Вялікія страты

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што вайсковы патэнцыял Ірану быў сур’ёзна зьменшаны ў нядаўніх баях.

«За тры дні іх зэнітная зброя зьнікла. У іх няма вайскова-паветраных сілаў. У іх няма супрацьпаветранай абароны, — сказаў Трамп. — Усе іхныя самалёты прапалі. Іхная сувязь прапала».

Ён таксама сказаў, што прыкладна 60 адсоткаў іранскіх ракет і 64 адсоткі іх пускавых установак былі зьнішчаныя, а вайскова-морскі флёт Ірану страціў 24 караблі.

«Іх вайскова-морскі флёт прапаў», — сказаў Трамп.

Ён абвінаваціў Тэгеран у тым, што той нацэльваў ракеты на некалькі краін Пэрсыдзкай затокі, у тым ліку Катар, Саудаўскую Арабію і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты.

Пра выбар наступнага кіраўніка Ірану

Некалькімі гадзінамі раней Трамп заявіў, што Вашынгтон дапаможа выбраць наступнага лідэра Ірану пасьля таго, як найвышэйшы кіраўнік гэтай краіны Алі Хамэнэі быў забіты на пачатковым этапе супольных амэрыканска-ізраільскіх авіяўдараў 28 лютага.

У інтэрвію Reuters Трамп адкінуў кандыдатуру Муджтабы Хамэнэі, сына нябожчыка Алі і прыхільніка жорсткай лініі, якога лічылі фаварытам у пераемніцтве, і назваў яго «лёгкавагавіком».

«Мы хочам удзельнічаць у працэсе выбару асобы, якая будзе весьці Іран у будучыню, — працытавала Трампа агенцтва. — Нам ня трэба вяртацца кожныя пяць гадоў і рабіць гэта зноў і зноў... Кагосьці, хто будзе вялікім для народу, вялікім для краіны».

«Сын Хамэнэі для мяне непрымальны. Мы хочам кагосьці, хто прынясе Ірану гармонію і мір», — сказаў Трамп у інтэрвію Axios.

Піт Гэґсэт: Барацьба толькі пачалася

Тым часам кіраўнік абароны ЗША Піт Гэґсэт папярэдзіў Тэгеран, што там памыляюцца, калі думаюць, што Злучаныя Штаты ня змогуць вытрымаць працяглую вайну, і адзначыў, што амэрыканскія войскі толькі пачалі баявыя дзеяньні.

«Іран спадзяецца, што мы ня зможам такога вытрымаць, але гэта вельмі памылковы разьлік», — сказаў Піт Гэґсэт журналістам у штаб-кватэры Цэнтральнага камандаваньня ЗША.

5 сакавіка Пэнтагон заявіў, што амэрыканскія вайскоўцы патапілі больш за 30 іранскіх караблёў, а балістычных ракетных удараў з боку Ірану паменела на 90 адсоткаў зь першага дня вайны, прычым каля 60 адсоткаў пускавых установак зьнішчаныя.

Ізраіль пачынае наступны этап, Іран адказвае

Начальнік Генэральнага штабу Ізраілю Эяль Замір 5 сакавіка заявіў, што ўзброеныя сілы краіны пачынаюць наступны этап сваіх дзеяньняў супраць Ірану, у якім мерацца яшчэ мацней разбурыць «рэжым і яго ваенны патэнцыял».

Ён сказаў, што з 28 лютага ізраільскія ВПС на пачатковым «этапе нечаканай атакі» зьдзейсьнілі ў Іране каля 2500 нападаў, атрымалі перавагу ў паветры і зьнішчылі больш за 60 адсоткаў пускавых установак балістычных ракет.

Іранская дзяржаўная тэлевізія паведаміла пра выбухі ў некалькіх раёнах сталіцы раніцай 6 сакавіка.

Ізраільскія войскі таксама ўзмацнілі атаку на хаўрусныя Ірану сілы «Хэзбалы» ў суседнім Лібане.

Наступствы ізраільскага авіяўдару ў Лібане

У адказ іранскія войскі выпусьцілі па Ізраілі дзьве новыя хвалі ракет і выкарысталі баявыя галоўкі з касэтнымі боепрыпасамі, паведаміла іранская дзяржаўная тэлевізія.

Касэтныя боепрыпасы пераважна забароненыя на міжнародным узроўні, бо яны раскідваюць выбухоўку на вялікіх тэрыторыях і асабліва небясьпечныя для цывільных. Ізраіль раней абвінавачваў Іран у стральбе такімі боепрыпасамі.

У іншым месцы іранскі ракетны ўдар выклікаў пажар на дзяржаўным нафтаперапрацоўчым заводзе Бахрэйну, а ў Саудаўскай Арабіі некаторым супрацоўнікам заходніх пасольстваў у Эр-Рыядзе загадалі ўкрыцца на месцы пасьля ранейшага нападу на комплекс амбасады ЗША.

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ) заявілі, што іхныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны перанялі шэсьць балістычных ракет, адна зь якіх упала на іх тэрыторыі. Службоўцы ААЭ заявілі, што гэтая дзяржава разглядае магчымасьць замарозіць іранскія актывы, каб пакараць Тэгеран за напады на яе тэрыторыю.

Абʼекты ў краінах па-за рэгіёнам Пэрсыдзкай затокі — у Азэрбайджане, Турэччыне, Іраку — таксама пацярпелі ад іранскіх бесьпілётнікаў у першыя шэсьць дзён баёў. Амэрыканская падводная лодка 4 сакавіка патапіла ля ўзьбярэжжа Шры-Ланкі іранскі вайсковы карабель, загінулі сама меней 87 маракоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бесьпілётнікі з Ірану ўпалі ў Азэрбайджане, у тым ліку на аэрапорт у Нахічэвані

У Азэрбайджане, які суседзіць з Іранам на паўночным захадзе, растуць асьцярогі перад уцягваньнем гэтай дзяржавы Паўднёвага Каўказу ў вайну. Баку абвінаваціў Іран у запуску дронаў, якія 5 сакавіка ўдарылі па аэрапорце і школе ў Нахічэвані — аўтаноміі Азэрбайджану, назваў гэта «актам тэрарызму» і паабяцаў адказ. Тэгеран адмаўляў, што запускаў бесьпілётнікі, у выніку чаго параненыя два чалавекі.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША 5 сакавіка папярэдзіў амэрыканскіх грамадзян у Азэрбайджане ўнікаць паездак у Нахічэвань пасьля ўдараў бесьпілётнікаў.

У матэрыяле выкарыстаныя публікацыі Іранскай службы Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і агенцтваў Reuters і AFP.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам сапраўды трэба ўбачыць, што Расея не нясе пагрозы суседнім краінам». Вялікае інтэрвію кіраўніцы вонкавай палітыкі ЭЗ Каі Калас

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.