Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бесьпілётнікі з Ірану ўпалі ў Азэрбайджане, у тым ліку на аэрапорт у Нахічэвані

Момант выбуху на тэрыторыі аэрапорту гораду Нахічэвань, 5 сакавіка 2026 году
Момант выбуху на тэрыторыі аэрапорту гораду Нахічэвань, 5 сакавіка 2026 году

Афіцыйнай інфармацыі пакуль няма.

5 сакавіка бесьпілётнікі з Ірану пацэлілі па тэрыторыі аэрапорту гораду Нахічэвань, цэнтры аўтаномнай рэспублікі Азэрбайджану.

Пра гэта Азэрбайджанскай службе Радыё Свабода паведамілі жыхары аўтаноміі.

На відэа, якія публікуюць тэлеграм-каналы, можна ўбачыць выбух недалёка ад аэрапорту і клубы дыму.

У МЗС Азэрбайджану заявілі, што адзін бесьпілётнік урэзаўся ў будынак тэрміналу аэрапорту, а другі ўпаў побач з школай у вёсцы Шакарабад. У выніку атакі пашкоджаны будынак аэрапорту, пацярпелі два чалавекі.

Баку ўсклаў адказнасьць за тое, што здарылася, на Іран. Азэрбайджан пакідае за сабой права на дзеяньні ў адказ, а пасол Ірану ў Баку быў выкліканы ў МЗС і яму ўручылі ноту пратэсту, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Жыхар Нахічэвані расказаў Азэрбайджанскай службе Радыё Свабода, што бацькоў папрасілі забраць дзяцей з школаў. Паліцыя заклікала мясцовых жыхароў не пакідаць дамы і не зьбірацца вялікімі групамі.

Яшчэ некалькі бесьпілётнікаў упалі ў іншых месцах.

Reuters з спасылкай на крыніцу, блізкую да ўраду Азэрбайджану, піша, што бесьпілётнікі з Ірану ўпалі паблізу аэрапорту горада Нахічэвань. Улады Ірану тое, што здарылася, пакуль не камэнтавалі.

  • 28 лютага Ізраіль і ЗША пачалі наносіць удары па Іране, а Іран — па краінах рэгіёну, якія супрацоўнічаюць з ЗША.
  • Удары нанесеныя па Бахрэйне, Катары, Саудаўскай Арабіі, ААЭ. У Азэрбайджане няма вайсковых базаў ЗША, пра які-небудзь удзел гэтай краіны ў апэрацыі супраць Ірану не паведамлялася.
  • Нахічэванская рэспубліка аддзеленая ад асноўнай тэрыторыі Азэрбайджану тэрыторыяй Армэніі. Акрамя Армэніі, экскляў мяжуе з Іранам і на невялікім участку — з Турэччынай.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG