ЗША заявілі аб скарачэньні бюджэту ААН больш чым на 285 мільёнаў даляраў

Сталы прадстаўнік ЗША пры ААН Нікі Хэйлі

Злучаныя Штаты заяўляюць аб ўзгадненьні скарачэньня бюджэту ААН на 2018-2019 гады на суму больш чым 285 мільёнаў даляраў.

«У дадатак да такой значнай эканоміі сродкаў, мы скарацілі разьдзьмутыя функцыі кіраваньня і падтрымкі ў ААН», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве сталага прадстаўніка ЗША пры ААН Нікі Хэйлі.

У заяве не пазначаная ўся сума бюджэту арганізацыі і не пазначана, як гэта паўплывае на ўнёскі ЗША. Паводле The New York Times, згодна з формулай, прывязанай да памераў эканомікі і іншых вымярэньняў, устаноўленых у адпаведнаьсці з артыкулам Статуту ААН, Злучаныя Штаты адказныя за 22 адсоткі ад дзейнага бюджэту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У 2016-2017 гадах ЗША заплацілі каля 1,2 млрд даляраў з агульнага бюджэту ААН 5,4 млрд даляраў.

Нікі Хэйлі заявіла, што «неэфэктыўнасьць і перарасход» арганізацыі добра вядомыя, і Вашынгтон не дазволіць «выкарыстоўваць шчодрасьць амэрыканскага народа».

«Гэта гістарычнае скарачэньне выдаткаў — у дадатак да шматлікіх іншых крокаў вядзе да больш эфэктыўнасьці і падсправаздачнасьці ААН — гэта вялікі крок у правільным кірунку», — заявіла Хэйлі.

Яна таксама сказала, што, хоць місія ЗША пры ААН задаволеная вынікамі бюджэтных перамоваў, яна будзе працягваць «шукаць шляхі павышэньня эфэктыўнасьці ААН, абараняючы нашы (ЗША — РС) інтарэсы».

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў, што паменшыць фінансавую дапамогу краінам, якія прагаласуюць за рэзалюцыю ААН, якая асуджае прызнаньне Вашынгтонам Ерусаліму сталіцай Ізраілю. «Яны бяруць сотні мільёнаў даляраў і нават мільярды даляраў, а потым галасуюць супраць нас. Што ж, мы сочым за гэтымі галасамі. Няхай галасуюць супраць нас. Мы зэканомім нямала. Нам усё роўна», — заявіў Трамп перад журналістамі ў Белым доме.

21 сьнежня Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю, што абвясьціла несапраўдным рашэньне ЗША прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраілю і асудзіла Трампа перанесьці ў гэты горад амэрыканскую амбасаду.

За рэзалюцыю прагаласавала пераважная большасьць краінаў-удзельніц ААН — 128. Дзевяць краін выказаліся супраць, 35 краін устрымаліся. Беларусь галасавала ў падтрымку рэзалюцыі.