Расейскі школьнік сказаў, што ня ўсе нямецкія салдаты хацелі ваяваць. Яго зацкавалі

Сталінградзкая бітва, 1942 год, ілюстрацыйнае фота

Словы аб тым, што ня ўсе немцы хацелі ваяваць у Другой усясьветнай, успрынялі як «рэабілітацыю нацызму», паскардзіліся на гімназіста ў пракуратуру, ФСБ і адміністрацыю прэзыдэнта, абражалі ў сацсетках і пагражалі асабіста.

Гімназісты з расейскага Новага Ўрэнгою (Ямала-Нянецкая аўтаномная акруга) 19 лістапада выступілі ў нямецкім Бундэстагу з дакладамі, прымеркаванымі да Дня смутку — нямецкага дня памяці ахвяраў войнаў і дзяржаўнага гвалту. Расейскія і нямецкія школьнікі вывучалі біяграфіі ахвяраў Другой усясьветнай вайны — расейцы рабілі даклады пра немцаў, немцы пра расейцаў.

Старшаклясьнік Мікалай Дзесятнічэнка расказаў пра лёс нямецкага салдата Георга Ёхана Раў, які трапіў у палон у Сталінградзе і ў палоне памёр. Дзесятнічэнка казаў, што бачыў «магілы нявінна загінулых людзей, сярод якіх многія хацелі жыць мірна і не хацелі ваяваць», згадаў аповеды прадзеда, які ваяваў на савецкім боку. Прамову ён завяршыў словамі надзеі на тое, што сьвет ніколі больш не пабачыць войнаў.

У расейскамоўным інтэрнэце абурыліся выступам школьніка: пракрамлёўскія СМІ прадставілі даклад як «пакаяньне за нявінна забітых салдатаў Вэрмахту», гімназіста пачалі абражаць у сацсетках у публічных пастах і асабістых паведамленьнях яму і родзічам, заклікалі зьбіць яго. Адзін блогер зьвярнуўся ў ФСБ і адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай праверыць гімназіста на прадмет «рэабілітацыі фашызму»; мясцовая дэпутатка-камуністка накіравала запыты аб праверцы ў гімназію, дэпартамэнт адукацыі і пракуратуру; дэпутат Савету Фэдэрацыі патрабаваў праверыць гімназію, назваўшы выступ «недапушчальным».

Тэлевядоўца каналу «Расея-1» Вольга Скабеева абурылася словамі «так званы Сталінградзкі кацёл» і «нявінна забітыя немцы» (насамрэч — «нявінна загінулыя людзі»). Іншы вядоўца каналу Ўладзімір Салаўёў заклікаў адвезьці хлопца на могілкі і «спакойна ўсё патлумачыць».

У гімназіі заступіліся за хлопца, а яго настаўніца растлумачыла, што на частцы відэа, што распаўсюджваюць у сацсетках, няпоўны даклад без завяршальных словаў. Таксама ў абарону гімназіста выступіў мэр Новага Ўрэнгою: маўляў, той падзяліўся сваімі адкрыцьцямі пра тое, што ня ўсе немцы хацелі ваяваць, а не даваў ацэнак нацызму; заклікаў да непрыманьня вайны і нацызму.

Маці гімназіста казала, што сына няправільна зразумелі, бо праз рэглямэнт даклад быў скарочаны з 7-8 хвілінаў да дзьвюх, а місія была «ўспомніць урокі вайны, каб не дапусьціць яе жахаў». Яна таксама адзначыла, што сын сфатаграфаваўся з копіяй савецкага «сьцяга перамогі» на фоне сучаснага Рэйхстагу.

Чытайце падрабязьней на сайце «Сибирь.Реалии» >>