Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяперашняя ўлада — саўдзельніца злачынстваў, бо ўтойвае праўду». 10 цытатаў з форуму пра бальшавіцкі тэрор


23 жніўня ў Эўропе адзначаецца Дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму.

Менавіта ў гэты дзень у 1939 годзе быў падпісаны пакт Молатава —Рыбэнтропа аб ненападзе паміж Нямеччынай і СССР і сакрэтныя пратаколы, што падзялілі Эўропу на сфэру ўплыву двух таталітарных рэжымаў.

У Менску да гэтага дня быў прымеркаваны форум «Бальшавіцкі тэрор. Права на высьвятленьне ісьціны», у якім узялі ўдзел навукоўцы, дасьледчыкі, лідэры палітычных партый і рухаў, нашчадкі рэпрэсаваных, грамадзкія актывісты.

«Нацызм і камунізм зьяўляюцца братамі-блізьнятамі»

Ігар Кузьняцоў, кандыдат гістарычных навук, дасьледчык тэмы рэпрэсій, перакананы, што самыя жорсткія злачынствы ХХ стагодзьдзя ўчынілі два таталітарныя рэжымы: савецкі і нацысцкі:

Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў

«Нацызм і камунізм зьяўляюцца братамі-блізьнятамі, яны не маглі існаваць адзін без аднаго. Нездарма Сталін дапамагаў Трэцяму рэйху аднаўляць узброеныя сілы. І Гудэрыян, і іншыя нацысты навучаліся ў СССР. Сталін фактычна рыхтаваў Другую ўсясьветную вайну. І хоць Нямеччына і першай напала, Савецкі Саюз стварыў спрыяльныя ўмовы, каб яна гэта зрабіла. Абедзьве таталітарныя дзяржавы вінаватыя ў разьвязваньні Другой усясьветнай вайны, абедзьве дзяржавы ўчынілі злачынствы, якія не падлягаюць тэрміну даўнасьці — ваенныя злачынствы супраць чалавецтва.

Калі параўноўваць страты савецкага народу ад сталінскага рэжыму і страты Нямеччыны ад нацысцкага рэжыму, то параўнаньне будзе не на карысьць нацызму. У Нямеччыне нацысцкі рэжым рэпрэсаваў каля 1% насельніцтва. У Савецкім Саюзе, у залежнасьці ад рэгіёну, — ад 15 да 30%.

Дзень падпісаньня пакту Молатава — Рыбэнтропа — гэта дзень, калі два таталітарныя рэжымы сталі плячо ў плячо. Тады яны зьнялі свае публічныя маскі — і антыфашысцкую, і антыкамуністычную, паказалі ўсяму сьвету, што яны адзіныя ў свай мэце — нянавісьці да асноўнага нетаталітарнага сьвету. З жніўня 1939 году па чэрвень 1941-га Эўропа пакаштавала ўсе жахі вайны: і бамбаваньніі, і анэксію тэрыторый, і масавую гібель мірнага насельніцтва. Таму 23 жніўня — гэта сапраўды знакавая, трагічная дата ў гісторыі ня толькі Эўропы, але і ўсяго сьвету».

Архівы закрытыя. Рэпрэсаваных не рэабілітавалі

Дырэктарка Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская лічыць, што тэма сталінскіх рэпрэсій знаходзіцца зараз у цэнтры ўвагі сьвядомай грамадзкасьці:

Раіса Міхайлоўская
Раіса Міхайлоўская

«Але што зрабіла для гэтага дзяржава? Архівы закрытыя. Рэпрэсаваныя паводле палітычных матываў не рэабілітаваныя, сьпісы гэтых людзей невядомыя, падручнікі перапісаныя — то бок дзяржава ня хоча займацца вось гэтай нашай страшнай неаформленай спадчынай.

Месцы масавых расстрэлаў — гэта наша памяць, гэта наша сумленьне. Што зрабіла дзяржава для мэмарыялізацыі, захаваньня гэтых месцаў? Нядаўна мы зноў назіралі драматычную барацьбу за ахоўную зону вакол Курапатаў; моладзь, якая разьбіла намёты каля ўрочышча і не дала разгарнуцца будаўнічай тэхніцы. Многіх асудзілі за гэта, прызначылі вялікія штрафы. Гэтым разам улада вымушаная была адступіць. Але што будзе далей?»

120 «курапатаў» па ўсёй Беларусі

​Дасьледчык Ігар Кузьняцоў выказаў думку, што на сёньняшні дзень устаноўка дзяржавы такая: пагадзіцца, што ў Беларусі ёсьць адно месца масавых расстрэлаў — Курапаты:

«Але насамрэч на тэрыторыі Беларусі выяўлена каля 120 месцаў пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій (толькі ў Менску такіх месцаў 11).

Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў

Усяго ў Беларусі было рэпрэсавана 1 мільён 400 тысяч — 1 мільён 600 тысяч беларусаў. І лічба будзе расьці, таму што афіцыйная ўлада лічыць рэпрэсіямі расстрэлы, пазбаўленьне волі, выпраўленчыя працоўныя лягеры і высылку ў адміністрацыйным парадку, якая зарэгістравана дакумэнтальна (хоць дакумэнтальна зафіксавана ня больш за 20% тых, хто рэальна быў высланы).

Яшчэ адзін з найважнейшых урокаў, які мы павінны засвоіць з таго часу: з рэпрэсіямі трэба змагацца да таго, як яны набываюць масавы характар. І сучасныя падзеі ў Беларусі пацьвярджаюць гэта».

Адкрыць доступ да архіваў!

8 лютага 2005 году на 61-й сэсіі камісіі ў правах чалавека ААН быў прыняты абноўлены звод прынцыпаў абароны і заахвочваньня правоў чалавека, каб не было беспакаранасьці. У ім шэсьць пунктаў:

  • неад’емнае права на высьвятленьне ісьціны;
  • абавязак захаваньня памяці;
  • права пацярпелых на інфармацыю;
  • гарантыя эфэктыўнага забесьпячэньня права на інфармацыю;
  • захады ў захаваньні архіваў;
  • захады аблягчэньня доступу ў архівы.

У Беларусі таксама ёсьць заканадаўства, але як яно выконваецца? Дасьледчык-архівіст Зьміцер Дрозд кажа:

Зьміцер Дрозд
Зьміцер Дрозд

«У нас ёсьць Канстытуцыя, артыкул 34 гарантуе права на атрыманьне інфармацыі. Ёсьць Закон аб архіўнай справе і справаводзтве. Артыкул 29: „Доступ да архіўных дакумэнтаў абмяжоўваецца, калі ёсьць падстава лічыць, што гэта пацягне за сабой выдаваньне дзяржаўных сакрэтаў, камэрцыйнай і іншай тайны, парушае правы і інтарэсы грамадзянаў. Абмежаваньне доступу да архіўных дакумэнтаў, у якіх зьмяшчаюцца зьвесткі, што адносяцца да асабістай таямніцы, вызначаецца на тэрмін 75 гадоў“.

Гэта значыць, няма ніякіх падставаў, каб абмежаваць доступ да несакрэтных дакумэнтаў. Сёлета мы будзем адзначаць ужо 80-годзьдзе „вялікага тэрору“. Усе падзеі 1937-1938 гадоў, і нават 1941 году, ужо не падпадаюць ні пад якія абмежаваньні. На падставе гэтага і пабудаваная наша рэзалюцыя: адкрыць доступ да архіваў.

У архіў КДБ тэарэтычна можна трапіць, але толькі пры ўмове, калі дакажаш, што ты цікавісься сваім сваяком, падасі процьму дакумэнтаў, што вызначаюць ступень сваяцтва.

Таксама ёсьць база зьвестак рэпрэсаваных, якая налічвае 180 тысяч канкрэтных людзей з прозьвішчамі, артыкуламі. База захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Там няма ніякіх таямніц! Гэта людзі, якія ўжо рэабілітаваныя. Але база мае грыф: толькі „для службовага карыстаньня“. Зноў жа, калі ты хочаш нешта даведацца — дакажы дакумэнтальна, што цікавісься родным чалавекам. Гэтая база павінна быць адкрытая для ўсіх».

Архівы КДБ масава зьнішчалі

Удзельнікі форуму
Удзельнікі форуму

​Гісторык, дасьледчыца тэмы сталінскіх рэпрэсій Тацяна Процька ў 1990- 91 гадах працавала ў трох архівах КДБ Беларусі — Цэнтральным, Гомельскім і Гарадзенскім, а таксама ў архіве ФСБ Расеі. Але паглядзець яшчэ раз нават тыя дакумэнты, зь якімі ёй дазволілі азнаёміцца на пачатку 1990-х, больш не ўдалося, хоць яна не адзін раз яшчэ спрабавала трапіць у архівы КДБ:

«У 2013 годзе я атрымала адмову, якая мяне вельмі зьдзівіла: я ж казала, што ня проста хачу папрацаваць, а пераправерыць інфармацыю, зьвесткі, якія бачыла раней. Я назвала канкрэтныя фонды, вопісы, а мне адказалі, што гэтых спраў у архіве няма! Я захоўваю гэты адказ з подпісам намесьніка старшыні КДБ Сергіенкі.

Калі я пачала працаваць у архівах КДБ, мне прынесьлі вялікія тэчкі, дзе былі акты аб зьнішчэньні дакумэнтаў. Пасьля 1961 году і пасьля 1990-га, калі Саюз пачаў распадацца, адбылося масавае зьнішчэньне дакумэнтаў з архіваў КДБ.

Але справы павінны быць даступныя — прайшло ўжо больш за 75 гадоў. Мы павінны мець гэтую крыніцу, архівы».

Тэрор зьнішчаў будучыню

75-гадовы Ўладзімер Раманоўскі нарадзіўся ў ГУЛАГу ў Магаданскай вобласьці. Ягоная маці Валянціна Добрава, настаўніца расейскай мовы і літаратуры, пасьля даносу калегі была асуджаная ў 1938 годзе на 7 гадоў лягераў і пяць гадоў пазбаўленьня правоў.

Уладзімер Раманоўскі
Уладзімер Раманоўскі

Уладзімер Раманоўскі, які стварыў унікальны відэаархіў, кажа, што мае відэазапіс двухгадзіннага інтэрвію са сваёй маці:

«У канцы свайго расповеду пра ўсе жахі і цяжкасьці высылкі на Калыму ў 19 гадоў, маці вымаўляе такую фразу, якая рухае ўсімі маімі цяперашнімі дзеяньнямі: „Я наагул і не шкадую пра гэтыя гады (гэта як самаапраўданьне яе як асобы) — там было так шмат цудоўных людзей: прафэсараў, артыстаў, пісьменьнікаў, і я шмат ад іх даведалася і пераняла“. Ну і які вынік, што ты даведалася і пераняла? Чалавек стварае сваю будучыню сваім мінулым. І вось гэта скрадзеная савецкай уладай магчымасьць — другая галоўная подласьць ўлады, акрамя непасрэднага зьнішчэньня людзей, неабгрунтаваных рэпрэсій. І сам факт утойваньня праўды пра гэтыя падзеі сьведчыць пра тое, што фактычна цяперашняя ўлада зьяўляецца саўдзельнікам злачынстваў».

«Зь вялікай сям’і з 11 чалавек выжылі толькі я і маці, астатнія загінулі ў ГУЛАГу»

Зінаіда Тарасевіч таксама нарадзілася ў ГУЛАГу. Яе маці забралі ў 1930-м, выслалі зь Беларусі ў Архангельскую вобласьць:

Зінаіда Тарасевіч
Зінаіда Тарасевіч

«Людзі, якія пацярпелі падчас рэпрэсій, хацелі распавесьці, што тады адбывалася, каб іншыя ведалі праўду І з гэтай мэтай, каб нічога не было забыта, маці адважылася там нарадзіць дзіця — каб родныя даведаліся, дзе загінуў род. Маўляў, калі дзіця выжыве, сям’я ў Беларусі даведаецца пра лёс маці. Калі мы вярнуліся сюды, высьветлілася, што зь вялікай сям’і ў 11 чалавек выжылі толькі я і маці, астатнія загінулі ў ГУЛАГу. Няма каму было распавесьці... Таму я хачу, каб каб людзі ўяўлялі, што рабілася ў тыя часы, каб наш народ ведаў усю праўду пра рэпрэсіі».

«Каб мінулае не паўтарылася, патрэбна „прышчэпка“»

На думку Тацяны Процькі, дзяржаўная сыстэма Беларусі, якая зьяўляецца пераемніцай савецкай сыстэмы, ня можа існаваць без рэпрэсій:

«Гэтая сыстэма мае апраўданьне, абгрунтаваньне і пераносіцца ў сучасныя рэаліі. І ў сёньняшняй рэчаіснасьці АМАП ахоўвае парадак, міліцыя ахоўвае парадак, спэцслужбы ахоўваюць парадак. Вось гэтая парадыгма, укаранёная ў сьвядомасьць савецкіх людзей, пераносіцца і ў сьвядомасьць сучасных беларусаў. І гэта вельмі небясьпечна, мне здаецца. З гэтым трэба змагацца, асабліва тым людзям, якія маюць доступ да моладзевай аўдыторыі».

Абавязковыя адукацыйныя праграмы на тэму рэпрэсій

Кіраўнік руху «За Свабоду Юрась Губарэвіч лічыць, што ў школах, а таксама ў ВНУ, дзе рыхтуюць міліцыянтаў, супрацоўнікаў іншых спэцслужбаў, павінны быць спэцыяльныя адукацыйныя праграмы па тэме рэпрэсій. Ён узгадаў, як некалькі месяцаў таму трапіў на экскурсію ў былую турму Штазі ў Бэрліне:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Сярод сотняў тысяч наведнікаў, якія прыходзяць у музэй 80% — школьнікі. Гэта значыць, што ў Нямеччыне ёсьць разуменьне, што для маладога пакаленьня мусяць быць абавязковыя адукацыйныя праграмы на тэму рэпрэсій. Так павінна быць і ў нас.

Але ёсьць яшчэ адна мэтавая група: гэта сёньняшнія супрацоўнікі спэцслужбаў — МУС, КДБ, нават вайскоўцы. Ва ўстановах МУС, КДБ павінны быць абавязковыя спэцкурсы — як дзейнічалі іх папярэднікі і, самае галоўнае, — што сталася зь імі, бо хваля рэпрэсій закранула не адно пакаленьне. Яны павінны разумець, што калі сёньня яны згодныя на выкананьне злачынных загадаў сфабрыкаваць спачатку адміністрацыйную, а потым і крымінальную справу, незаконна затрымліваць людзей, то некалі прыйдуць і па іх. Павінна быць такая „прышчэпка“ — праз адукацыю і асьвету».

Патрэбен Інстытут нацыянальнай памяці

Сустаршыня аргкамітэту Партыі БХД Павал Севярынец кажа, што поўнамаштабнае раскрыцьцё ўсёй праўды пра рэпрэсіі магчыма толькі тады, калі ў Беларусі будзе беларуская ўлада:

Павал Севярынец
Павал Севярынец

«Безумоўна, павінен быць створаны Інстытут нацыянальнай памяці, павінна працаваць прэса, царква, павінны быць казаньні ў храмах пра гэта.

Трэба памятаць, што ўвосень гэтага году ўся нечысьць чырвоная падымецца, будзе трэсьці чырвонымі сьцягамі, расказваць, якія цудоўныя былі гэтыя ка́ты, што нішчылі мільёны людзей. І нам з вамі трэба мець адказ. Ня проста выходзіць і скрыгатаць зубамі, а рабіць справу, распавядаць пра ахвяры, праводзіць акцыі, удзельнічаць у хвалі пакаяньня. Рана ці позна ўся праўда зазьзяе, і гэты дзень будзе сапраўды адзначацца на дзяржаўным узроўні».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG