Міністэрства культуры Беларусі дазволіла паказваць «Сьмерць Сталіна»

Кадр зь фільма «Сьмерць Сталіна»

Начальнік упраўленьня па кінэматаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Аляксандар Рыдван заявіў Tut.by, што фільм «Сьмерць Сталіна» можа быць паказаны ў беларускіх кінатэатрах – Мінкульт ня супраць.

У час прагляду фільму адмыслоўцамі Мінкульту ніякіх парушэньняў заканадаўства Беларусі ня выявілі, дадаў Аляксандар Рыдван. Дадаткова накіроўваць стужку ў рэспубліканскую экспэртную камісію па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту і экстрэмізму ён ня лічыць мэтазгодным.

5 фактаў пра фільм «Сьмерць Сталіна», забаронены ў Беларусі і Расеі

Прэсавая сакратарка Міністэрства культуры Ілона Немава пацьвердзіла Свабодзе, што спэцыялісты міністэрства паглядзелі фільм і не пярэчаць, каб «Сьмерць Сталіна» была паказана ў кінатэатрах краіны. Спэцыялісты не знайшлі падставаў, каб накіроўваць фільм у Рэспубліканскую экспэртную камісію па папярэджаньні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці.

Дырэктарка па рэпэртуарным плянаваньні сеткі SilverScreen Анастасія Гурына пацьвердзіла, што яны атрымалі «дабро» ад Міністэрства культуры.

«Нам паведамілі, што паглядзелі супрацоўнікі Мінкульту і накіраваньня на дадатковую экспэртную камісію не патрабуецца, — кажа Гурына. — Ніякіх пярэчаньняў, заўвагаў да фільму няма. І, як у іншых эўрапейскіх краінах, фільм „Сьмерць Сталіна“ выходзіць свабодна ў пракат. Мы вельмі рады, што беларускія чыноўнікі зрабілі крок наперад, адмовіліся ад цэнзуры, як гэта здарылася ў Расеі.

З 8 па 21 лютага фільм пакажуць у кінатэатрах Silver Screen у гандлёвых цэнтрах Galileo и Dana Mall. Літаральна праз пару гадзін мы выставім на сайце нашай сеткі кінатэатраў».

Фільм таксама пакажуць у кінатэатры Falcon Club «Буцік Кіно».

Усясьветная прэм'ера адбылася ў верасьні

Паказ брытанскага фільму «Сьмерць Сталіна» быў заплянаваны ў Менску 25 і 26 студзеня ў кінатэатрах Falcon Club Буцік кіно і Silver Screen у гандлёвым цэнтры Dana Mall (апрача Менску, нідзе ў Беларусі не плянавалі паказу гэтай стужкі). Але пачатак паказу быў скасаваны празь Міністэрства культуры, давялося прыпыняць продаж квіткоў. Перад тым стала вядома пра адмену паказу гэтага фільму ў Расеі.

Усясьветная прэм'ера брытанскай сатырычнай камэдыі «Сьмерць Сталіна» адбылася ў верасьні 2017 году. Сюжэт кінакарціны засяроджаны на гонцы за ўладу ў СССР пасьля сьмерці Іосіфа Сталіна ў 1953 годзе. Фільм атрымаў высокія ацэнкі крытыкаў: 97% пазытыўных рэцэнзіяў на Rotten Tomatoes і 8.3 балы зь 10, а таксама 88 балаў са 100 на Metacritic.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Your browser doesn’t support HTML5

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна