25-годзьдзе Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва: канфлікты, суперніцтва і дэманстрацыя адзінства

Удзельнікі саміту ШАС у Бішкеку. 1 верасьня 2026

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (ШАС) адзначае свае 25 гадоў самітам у Бішкеку ў момант надзвычайнай напружанасьці, якая наўпрост закранае многіх сяброў гэтай усё шырэйшай рэгіянальнай групы.

Іран ваюе з Злучанымі Штатамі, вайна Расеі супраць Украіны палае без прыкметаў аслабленьня, Кітай сутыкаецца з усё большым ціскам ЗША з прычыны гандлю, а ядзерныя праціўнікі Індыя і Пакістан сядаюць побач, нягледзячы на глыбіннае суперніцтва, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Чатыры цэнтральнаазіяцкія ўдзельнікі кааліцыі — Кыргызстан, Казахстан, Узбэкістан і Таджыкістан — рэгіянальныя гульцы, але таксама абʼекты імкненьня розных краін павялічыць свой уплыў, у тым ліку Кітаю, Расеі, Індыі, а таксама Злучаных Штатаў, якія не ўваходзяць у ШАС.

У інтэрвію газэце Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Кітаю «Жэньмінь жыбао» генэральны сакратар ШАС Нурлан Ермекбаеў з Казахстану расхваліў «шанхайскі дух», які, паводле яго, уключае ў сябе ўзаемны давер, павагу і выгаду, што сярод іншых якасьцяў, на яго думку, робіць групу прывабнай для так званага Глябальнага Поўдня.

Але за гэтымі «агульнымі каштоўнасьцямі» хаваюцца глыбокія рознагалосьсі, бо ўдзельнікі выкарыстоўваюць плятформу ШАС для правядзеньня сваіх уласных, часта канкурэнтных прыярытэтаў. Кожны ўдзельнік «мае сваю ўласную адметную пазыцыю, а буйныя дзяржавы маюць адрозныя погляды», — сказаў кіргіскі палітычны аналітык Эміль Джураеў.

«Кітай і Індыя маюць розныя пазыцыі ў многіх пытаньнях, і паміж імі таксама ёсьць канфлікты, — сказаў Джураеў.— Расея спрабуе аказваць уплыў на сьвет і... працягвае сваю вайну, не спыняючы яе. Акрамя таго, ёсьць Іран. Усе чакаюць, што зробіць Іран».

Штогадовым самітам ШАС пазначана 25-годзьдзе з моманту стварэньня гэтай арганізацыі Кітаем, Расеяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам і Ўзбэкістанам. Цяпер сябры арганізацыі таксама Індыя, Пакістан, Іран і Беларусь. Разам зь дзяржавамі-назіральніцамі і партнэрамі ў дыялёгу ШАС рэпрэзэнтуе амаль палову насельніцтва сьвету і прыкладна чвэрць усясьветнай эканомікі.

«Бішкек сёньня стаў усясьветнай сталіцай», — абвясьціла мясцовая газэта 31 жніўня, калі лідэры сабраліся на двухбаковыя сустрэчы напярэдадні афіцыйнага саміту.

Чакаецца, што на паседжаньні 1 верасьня будзе прынятая Бішкецкая дэклярацыя, прысьвечаная гадавіне, а таксама тэматычныя заявы і рашэньні наконт бясьпекі, эканомікі, транспарту, аховы асяродзьдзя, штучнага інтэлекту, а таксама культурнай і гуманітарнай супрацы.

Аднак папярэднія зборы не прывялі да якіх-небудзь значных рашэньняў, і для большых і меншых сяброў арганізацыі тут ідзецца хутчэй пра выгляд, чым пра зьмест. Нягледзячы на глыбокія рознагалосьсі ўнутры арганізацыі, ШАС дае сваім сябрам і назіральнікам плятформу для сумеснага выступленьня на міжнароднай арэне і дэманстраваньня вагі шырэйшай групы, заявіў Рэйд Стэндыш, навуковы супрацоўнік Цэнтральнаэўрапейскага інстытуту азіяцкіх дасьледаваньняў і былы карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода%

«Магчыма, ШАС ня мае значных палітычных дасягненьняў і аслабленая ўнутраным суперніцтвам, але усё ж яна відавочна служыць мэце зьбіраньня гэтых лідэраў на форум, дзе не дамінуюць заходнія дзяржавы. Лідэры ШАС відавочна надаюць гэтаму вагу, інакш яны б не прыехалі».

ШАС і пазыцыя ЗША

Напярэдадні сустрэчы 31 жніўня міністраў фінансаў і кіраўнікоў цэнтральных банкаў краін G20 на другім баку сьвету, ў горадзе Эшвіл, штат Паўночная Караліна, міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт заявіў, што будзе заклікаць краіны-ўдзельніцы перагледзець свой гандаль з Кітаем, назваўшы глябальны гандлёвы прафіцыт Пэкіну прыкладна ў 1,2 трыльёна даляраў няўстойлівым.

На мінулым тыдні Бэсэнт заклікаў краіны разарваць сувязі з Іранам у рамках намаганьняў «перарэзаць усе эканамічныя сувязі, якія падтрымліваюць гэты тыранічны рэжым, пакуль Тэгеран не застанецца адзін».

Іран спадзяецца атрымаць ад саміту ШАС сыгнал аб тым, што ён не самотны.

«Пры супрацьстаяньні паміж Іранам і Амэрыкай мы маем чакаць больш жорсткіх заяваў, заяваў аб уплыве і ціску Захаду або дэклярацыі нязгоды з працэсамі ў Іране ці сьцьверджаньняў накшталт: «Вы робіце няправільна», — сказала кыргыская спэцыялістка ў палітычным аналізе Чынара Эсенгуль.

Расея таксама знаходзіцца пад усё больш жорсткімі санкцыямі Захаду за вайну супраць Украіны. У 2023 годзе Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна паводле падазрэньня ў ваенных злачынствах, зьвязаных зь незаконнай перасылкай украінскіх дзяцей у Расею.

Для Кітаю, з словаў Стэндыша, сустрэчы ШАС «служаць карыснай мэце, даючы сьвету важную магчымасьць убачыць, што ключавыя глябальныя рашэньні могуць быць прынятыя без прысутнасьці заходніх лідэраў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка на саміце ШАС разважаў пра бясьпеку і запрасіў хаўрусьнікаў на «контратэрарыстычны форум» у Менску

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Бішкеку з удзелам Лукашэнкі пачынаецца саміт ШАС. Што трэба ведаць пра арганізацыю