Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бішкеку з удзелам Лукашэнкі пачынаецца саміт ШАС. Што трэба ведаць пра арганізацыю

Удзельнікі папярэдняга саміту ШАС. 1 верасьня 2025 году
Удзельнікі папярэдняга саміту ШАС. 1 верасьня 2025 году

У Бішкеку на юбілейны саміт Шанхайскай арганізацыі супрацы зьбіраюцца лідэры дзяржаваў, якія ўваходзяць у арбіту Кітаю і Расеі. Беларусь з 2024 году таксама ўваходзіць у ШАС, і ў Бішкек на саміт накіраваўся Аляксандар Лукашэнка.

У абед 31 жніўня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка вылецеў у Бішкек і што 1 верасьня ён прыме ўдзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы, прымеркаваны да 25-годзьдзя арганізацыі.

Плянуюць разгляд пытаньняў у сфэрах бясьпекі, энэргетыкі, транспарту, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, лічбавізацыі, паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі.

Старшыня КНР Сі Дзіньпінь, кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін і больш за дзясятак іншых лідэраў зьбяруцца ў панядзелак у Кіргізстане на двухдзённы саміт Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС) — рэгіянальнага блёку, які імкнецца супрацьстаяць Захаду. Група, якая адзначае сваё 25-годзьдзе, аб’ядноўвае Кітай, Індыю, Расею, Пакістан, Іран, чатыры краіны Цэнтральнай Азіі і хаўрусьніцу Масквы Беларусь.

Прыбыўшы ў Бішкек у нядзелю, Сі высока ацаніў тое, што ён назваў «залатым пэрыядам» адносінаў КНР з Кіргізстанам у Цэнтральнай Азіі. Кітай паглыбляе свой уплыў у рэгіёне, дзе гістарычна дамінуе Расея, перадае AFP.

Чальцы ШАС пад міжнароднымі санкцыямі

ШАС можа дапамагчы Ірану і Расеі толькі да пэўнай ступені, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Сутыкнуўшыся з усё большай канфрантацыяй з Захадам, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін глядзіць на ўсход, каб аднавіць пазыцыі сваёй краіны ў рэгіёне. Лідэр з Крамля мае цяжкі пэрыяд: эканоміка Расеі разбураецца ад заходніх санкцыяў і ўдараў украінскіх бесьпілётнікаў, хаўрусьнік Расеі Іран цярпіць ад вайны, а лідэры былых дзяржаваў-кліентаў, такіх як Сырыя і Вэнэсуэла, былі зрынутыя пры стрыманай рэакцыі Масквы.

Чакаецца, што Пуцін правядзе двухбаковыя сустрэчы з прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі і прэзыдэнтам Турцыі, якая не ўваходзіць у ШАС, — Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Крамлёўскія чыноўнікі заявілі, што ў Пуціна заплянавана як мінімум дзевяць двухбаковых сустрэчаў, бо Масква імкнецца зрабіць арганізацыю процівагай заходняму ўплыву ў рэгіёне.

Масква і Тэгеран знаходзяцца пад жорсткімі заходнімі санкцыямі — Расея за поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, а Іран — за мноства дзеяньняў, у тым ліку за падтрымку экстрэмісцкай дзейнасьці на Блізкім Усходзе і меркаванае імкненьне стварыць ядзерную зброю. Кіеў і Захад запатрабавалі ад Ірану спыніць пастаўку Расеі бесьпілётнікаў «Шахед» для вайны ва Ўкраіне, а амэрыканскія службоўцы заявілі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што Расея надае Ірану інфармацыю аб цэлях для атак на амэрыканскія войскі і вайсковыя абʼекты на Блізкім Усходзе, пацьвердзіўшы паведамленьне Washington Post.

Таксама на парадку дня ШАС будзе пагадненьне аб будаўніцтве чатырох атамных электрастанцыяў у Іране на 25 мільярдаў даляраў, падпісанае Тэгеранам з расейскай дзяржаўнай ядзернай кампаніяй «Росатом».

Насэр аль-Тамімі, брытанскі аналітык і заснавальнік MidEast Strategia, напісаў у сетцы X, што ШАС можа дапамагчы ў значнай ступені ізаляванаму Ірану, «але толькі да пэўнай ступені».

«ШАС прапануе Ірану шырэйшае палітычнае прыкрыцьцё, дапамагае паменшыць яго міжнародную ізаляцыю і пашырае магчымасьці для гандлю і разьлікаў у юанях, рублях і іншых нацыянальных валютах. Робячы гэта, яна можа нязначна зьнізіць залежнасьць Тэгерана ад заходняй фінансавай сыстэмы. Але ШАС ня ёсьць эканамічным шчытом ад санкцыяў ЗША. Ёй бракуе цалкам разьвітай альтэрнатыўнай фінансавай архітэктуры, яна не забясьпечвае надзейнай абароны буйным банкам і кампаніям, якія цярпяць ад другасных санкцыяў, і ня можа прымусіць Кітай ці Індыю несьці высокія эканамічныя выдаткі дзеля Ірану», — напісаў ён.

Сі і Пуцін раней выкарыстоўвалі саміты ШАС для прасоўваньня свайго бачаньня «шматпалярнага сьвету» і адзінага фронту супраць Захаду. Сустрэча адбудзецца праз чатыры з паловай гады пасьля ўварваньня Масквы ва Ўкраіну і праз шэсьць месяцаў пасьля пачатку вайны паміж Вашынгтонам і Тэгеранам.

Іран будзе аказваць яго прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян.

Сі Дзіньпін, Пуцін, Пэзэшкіян, а таксама прэзыдэнт Індыі Нарэндра Модзі і прэзыдэнт Пакістану Шахбаз Шарыф павінны прыняць удзел у пленарным паседжаньні пад старшынствам прэзыдэнта Кіргізстану Садыра Джапарава. Чакаецца таксама ўдзел прэзыдэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана, хоць яго краіна фармальна не ўваходзіць у арганізацыю.

Супраца Расеі і Ірану

Расея і Іран — адны з самых падсанкцыйных дзяржаўва у сьвеце — значна паглыбілі свае вайсковыя і эканамічныя сувязі пасьля ўварваньня Масквы ва Ўкраіну. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў Маскву і Пэкін аб недапушчэньні ўзбраеньня Ірану. Сустрэча Пуціна з Пэзэшкіянам чакаецца празь некалькі дзён пасьля таго, як дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф зьдзейсьніў рэдкую паездку ў Маскву, амэрыканскія мэдыя мяркуюць, што ён мог абмеркаваць там Украіну і Іран.

ШАС гістарычна засяроджвалася на эканамічных пытаньнях, але апошнімі гады пад кіраўніцтвам Пэкіну і Масквы набрала абароты і ў палітычнай сфэры.

Ва ўстаноўчай дэклярацыі ШАС гаворыцца, што група «ня ёсьць альянсам, накіраваным супраць іншых дзяржаваў». Але Сі і Пуцін ня раз выступалі на самітах ШАС з антызаходнімі прамовамі. На леташняняй сустрэчы Пуцін абвінаваціў заходнія краіны ў правакаваньні вайны ва Ўкраіне, а Сі асудзіў «акты запалохваньня», маючы на ўвазе напружанасьць паміж ЗША і Кітаем.

Рэальныя і гандлёвыя войны

Саміт у Бішкеку праходзіць, калі некаторыя чальцы ШАС удзельнічаюць у рэальных або гандлёвых войнах. У гэтым месяцы ЗША ўвялі другасныя санкцыі супраць гандлёвых партнэраў Ірану ў сэктарах золата, тэхналёгіяў, лічбавых актываў, авіяцыі і морскага транспарту, імкнучыся паралізаваць эканоміку Тэгерану. Вашынгтон пагражаў санкцыямі таксама хаўрусьнікам Ірану.

Кітай, буйны імпартэр іранскай нафты, адказаў заявай, што будзе «цьвёрда абараняць» свае інтарэсы. Іран, які жыве пад санкцыямі з моманту рэвалюцыі 1979 году, рэгулярна заяўляў, што не паддасца эканамічнаму ціску. Але Пэзэшкіян прызнаў, што яго краіна сутыкаецца з «эканамічнымі цяжкасьцямі». Іран далучыўся да блёку толькі ў 2023 годзе.

Кітай і Расея спаборнічаюць за ўплыў у Цэнтральнай Азіі — багатым рэсурсамі рэгіёне, які мае вырашальнае значэнне для транспартаваньня тавараў паміж Эўропай і Азіяй, у той час як Пэкін часам мае напружаныя адносіны з Індыяй і Пакістанам.

Што такое ШАС

Заснаваная ў 2001 годзе, ШАС цяпер уключае Кітай, Індыю, Расею, Беларусь, Іран, Казахстан, Кіргізстан, Пакістан, Таджыкістан і Ўзбэкістан. Афганістан і Манголія — дзяржавы-назіральніцы, а 14 іншых дзяржаваў, пераважна Паўднёва-Ўсходняй Азіі і Блізкага Ўсходу, выступаюць у якасьці «партнэраў у дыялёгу».

Беларусь прынялі ў ШАС у канцы 2024 году.

Хоць Кітай імкнецца, каб ШАС адыгрывала ўсё большую ролю на ўсясьветнай арэне, пакуль невядома, наколькі эфектыўнай будзе гэтая арганізацыя. У мінулым ШАС засяроджвалася на падтрыманьні ініцыятываў у галіне бясьпекі дзяржаваў-чальцоў, у тым ліку самога Кітаю, які заяўляў, што ШАС эфэктыўна змагаецца з тэрарызмам, сэпаратызмам і экстрэмізмам. Менавіта гэтыя пагрозы Пэкін агучыў пасьля таго, як у 2018 годзе зьмясьціў больш за 1 мільён уйгураў, казахаў і прадстаўнікоў іншых пераважна мусульманскіх меншасьцяў у лягеры, турмы й іншыя месцы зьняволеньня.

Летась лідэры краін ШАС прынялі Т’яньдзіньскую дэклярацыю. У дэклярацыі выказваецца прыхільнасць лініі, якая выключае блёкавыя і канфрантацыйныя падыходы да разьвязаньня праблемаў міжнароднага разьвіцьця. Згодна з тэкстам дакумэнту, дзяржавы ШАС пацьвердзілі рашучасьць працягваць сумесную барацьбу з тэрарызмам, сэпаратызмам і экстрэмізмам. Акрамя таго, яны дамовіліся стварыць Банк разьвіцьця ШАС, паведаміла РБК. У тэксьце дэклярацыі лідэры падкрэсьлілі, што геапалітычная канфрантацыя і пагрозы бясьпецы і стабільнасьці абвастраюцца, у тым ліку ў рэгіёне ШАС.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG