Як паведамляе БелТА, на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Бішкеку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «ў кастрычніку ў Беларусі пройдзе „контратэрарыстычны форум“ з сумеснымі вучэньнямі дзяржаваў — чальцоў ШАС і СНД».
Таксама, зь яго словаў, чакаецца запуск «унівэрсальнага цэнтру» супрацьдзеяньня «выклікам і пагрозам бясьпецы дзяржаваў — чальцоў ШАС».
Лукашэнка заклікаў «справай» падтрымаць ШАС і назваў яе «адной з найважнейшых апораў стабільнасьці ў Эўразіі». ШАС, паводле яго, павінна стаць цэнтрам «шматпалярнага ўладкаваньня сьвету».
Лукашэнка абвінаваціў Захад у санкцыйным ціску, арганізацыі «каляровых рэвалюцыяў», у гібрыдным узьдзеяньні і нават у пачатку вайны:
«У цяперашні час дэманстратыўна вярнулася беспасярэдняя масаваная ваенная агрэсія».
Пра рэальную поўнамаштабную вайну, якую вядзе Расея супраць Украіны пры падтрымцы ўладаў Беларусі з 2022 году, Аляксандар Лукашэнка ў сваім выступе на саміце ШАС у Бішкеку не згадаў. Пры гэтым ён заклікаў да «фармаваньня новай архітэктуры бясьпекі ў Эўразіі, стварэньня новай прасторы супрацоўніцтва».
Яшчэ Лукашэнка спрабаваў прасоўваць на саміце ШАС эканамічныя праекты і казаў пра эканамічную выгаду гэтай арганізацыі для Беларусі.
«Рэгулярны кантакт нашых профільных ведамстваў наладжаны. І мы чакаем усё, што колькасьць сустрэчаў пяройдзе ў якасьць, запусьціць маштабныя практычныя ініцыятывы. Цьвёрда падтрымліваем найхутчэйшае заснаваньне Банку разьвіцьця ШАС, каб надаць дадатковую ўстойлівасьць нашым эканамічным сувязям і ўмацаваць фінансавы сувэрэнітэт рэгіёну», — заявіў ён.
Што такое ШАС
Заснаваная ў 2001 годзе, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва цяпер уключае Кітай, Індыю, Расею, Беларусь, Іран, Казахстан, Кіргізстан, Пакістан, Таджыкістан і Ўзбэкістан. Афганістан і Манголія — дзяржавы-назіральніцы, а 14 іншых дзяржаваў, пераважна Паўднёва-Ўсходняй Азіі і Блізкага Ўсходу, выступаюць у якасьці «партнэраў у дыялёгу».
ШАС гістарычна засяроджвалася на эканамічных пытаньнях, але апошнімі гадамі пад кіраўніцтвам Пэкіну і Масквы набрала абароты і ў палітычнай сфэры.
Ва ўстаноўчай дэклярацыі ШАС гаворыцца, што група «ня ёсьць альянсам, накіраваным супраць іншых дзяржаваў». Але Сі і Пуцін ня раз выступалі на самітах ШАС з антызаходнімі прамовамі. На леташняй сустрэчы Пуцін абвінаваціў заходнія краіны ў правакаваньні вайны ва Ўкраіне, а Сі асудзіў «акты запалохваньня», маючы на ўвазе напружанасьць паміж ЗША і Кітаем.
Беларусь прынялі ў ШАС у канцы 2024 году.
Форум