Быць на аўтазапраўцы ва Ўкраіне паблізу лініі фронту становіцца небясьпечным, паведамляе тэлеканал «Настоящее время».
Ізюм фактычна апошні адносна бясьпечны населены пункт Харкаўскай вобласьці перад заездам ува ўжо франтавую Данецкую вобласьць.
Да апошняга часу горад заставаўся «астраўком цывілізацыі» на франтавым ваенным Данбасе. Але зь пятага ліпеня расейскае войска пачало сыстэмна зьнішчаць ізюмскія АЗС.
Your browser doesn’t support HTML5
Как украинцы заправляются на АЗС в условиях постоянных российских атак
Пятага ліпеня ў выніку ўдару расейскай арміі па АЗС у Ізюме загінуў адзін чалавек, тры жанчыны параненыя.
Ізюмская АЗС раней была папулярным месцам у горадзе.
Сяргей, вартаўнік рэстаранчыку насупраць зьнішчанай АЗС, упэўнены, што гэта помста за ўдары ўкраінскай арміі па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах — ідзе паліўная вайна. Біць па запраўках пачалі некалькі тыдняў таму.
«Першы прылёт быў паўмесяца таму. Вось вокны вылецелі. І я так думаю, што цалялі туды», — кажа ён.
Праз паўдня ў Ізюме прагрымела яшчэ пара выбухаў, і на мапе зьнішчаных АЗС зьявіўся яшчэ адзін пункт, якому не дапамаглі ні мяхі зь пяском, ні антыдронавыя сеткі.
Адразу пасьля налётаў у 20-тысячным горадзе прэвэнтыўна закрыліся ўсе запраўкі. Тут упэўненыя — узаемныя ўдары па паліўнай галіне ня спыняцца. У ізюмскіх сацыяльных сетках людзей заклікаюць не запраўляцца лішні раз на мясцовых АЗС, унікаць працяглых перакусаў ці нейкіх працоўных сустрэч там, бо «ўсе запраўкі супернікам пазначаныя як плянавыя цэлі».
Ізюм — далёка ня першы горад, у якім расейскае войска зьнішчае запраўкі. За апошнія два тыдні ў Харкаўскай вобласьці было атакавана больш за 20 АЗС. На ўезьдзе ў Харкаў адну з заправачных станцыяў зьнішчылі напярэдадні раніцай.
«Яны цяпер усюды запраўкі б’юць, каб бэнзіну не было, каб не было чым запраўляць машыны. Я асабіста бачыла невялікі самалёцік. Дрон, ці як называецца», — апавядае мясцовая жыхарка.
Найбольш балюча ўдары па АЗС адчуваюцца ў невялікіх паселішчах. У Багадухаве пад Харкавам зьнішчаныя ўсе запраўкі. Такая ж сытуацыя ў Нікапалі Днепрапятроўскай вобласьці і Трасьцянцы ў Сумскай.
Зьявілася інфармацыя, што зьнішчаныя ўсе АЗС на трасе Дніпро — Харкаў. Кіроўцам рэкамэндавалі запраўляцца ў гарадах. Калі запраўка ня зьнішчана поўнасьцю, яе даволі хутка аднаўляюць, і яна працуе надалей.
Здымаць на такіх аб’ектах — рэч даволі нэрвовая: людзі баяцца, што іхную запраўку абстраляюць пасьля відэаздымак. Пры спробе дамовіцца аб здыманьні на адной з такіх заправак мясцовыя жыхары, убачыўшы карэспандэнта з камэрай, выклікалі паліцыю.
Людзі, бізнэс і мясцовая ўлада спрабуюць неяк арганізаваць падачу бэнзіну. Часьцей за ўсё гэта схемы «для сваіх», таму «чужынцаў» у іх не пасьвячаюць. Недзе бэнзін прадаюць строга па гадзінах, напрыклад, зь першай да другой. Недзе пускаюць на запраўку па адной машыне. Недзе заправачныя пункты робяць незаўважнымі, амаль падпольнымі.
Паліўныя экспэрты запэўніваюць, што АЗС і ўлады шукаюць рашэньне, як засьцерагчы свае аб’екты, але дакладных адказаў няма, хоць ідзецца пра сотні абʼектаў у невялікіх мястэчках.
«Тут адно рашэньне можа быць — дроны трэба зьбіваць. Ты ж саркафаг не паставіш над запраўкай, — кажа кіраўнік паліўнай групы „А-95“ Сяргей Куюн. — Я думаю, што спажыўцам прыйдзецца далей ехаць па гэтае паліва і рабіць нейкі запас. Праблема ў тым, што і за бэнзавозамі ідзе сапраўднае паляваньне. Кіроўцы ня хочуць ехаць у небясьпечныя і аддаленыя, набліжаныя да фронту рэгіёны».
Менавіта таму здымачная група прэвэнтыўна заправіла аўтамабіль яшчэ пад Харкавам — на нязвыкла пустой АЗС, дзе раней заўсёды кіпела жыцьцё.
Паліўныя экспэрты кажуць, што ўдары па запраўках — праблема пакуль што лякальная. Ва Ўкраіне налічваецца каля 5,5 тысячы заправак, пашкоджаныя або зьнішчаныя каля 170 зь іх. Але гэтая колькасьць расьце.