Туды сьцягваюць і пяхоту, і бранятэхніку, і артылерыю, і ўдарныя дроны для далейшых штурмаў. Пра сытуацыю на Пакроўскім кірунку — рэпартаж карэспандэнта тэлеканалу «Настоящее Время» Андрэя Кузакова.
Your browser doesn’t support HTML5
Репортаж из Покровска, где ВСУ противостоит российскому наступлению
Пакроўскі кірунак, дэсантнікі 147-й артылерыйскай брыгады Ўзброеных сілаў Украіны (УСУ) рыхтуюць да вылету выведны бесьпілётнік Vector. БПЛА накіроўваецца ў бок найгарачэйшага пункту на фронце.
У сёмым корпусе дэсантна-штурмавых войскаў Украіны (ДШВ) паведамілі, што расейскія войскі спрабуюць ператварыць Пакроўск у паўнавартасны лягістычны вузел. Туды перакідаюць рэзэрвы і дадатковыя сілы — асабовы склад, бронетэхніку і артылерыю. Цывільную забудову і бэтонныя схованкі па ўсім горадзе расейцы выкарыстоўваюць як укрыцьці ці пазыцыі для запуску дронаў. Знайсьці ўсё гэта — задача ўкраінскіх пілётаў.
«Знайсьці прылады і асабовы склад. Працуем, бачым, камандаваньню даем або засечкі, або каардынаты, паведамляем, цэль рухаецца ці не. У гэтым палягае нашая праца. Пасьля гэтага па выяўленых цэлях наносяць удары артылерыя і ўдарныя дроны», — апавядае вайсковец УСУ з пазыўным «Нэрэй».
Украінскія артылерыст ў баях за Пакроўск, 2026 год
Як паведаміў галоўны вайскавод УСУ Аляксандар Сырскі, армія Расеі на Пакроўскі кірунак сьцягнула статысячную групоўку войскаў. Лінія фронту, бачная з паветра, выглядае як суцэльныя руіны. Унізе Грышына, прадмесьце Пакроўску.
«Выглядае вельмі кепска. Кожны горад, куды залазіць вораг, — гэта ўжо руіны, — дзеліцца назіраньнем вайсковец Яўген. — Не, вораг ня менш атакуе, але мы больш пачалі яму адказваць. Вораг пачаў больш даставаць па зубах».
Фронт трымаецца, але зь лягістыкай цяжка, кажа вайсковец Яўген. Зрабіў тры выезды, і двойчы яго атакавалі ўдарнымі БПЛА «Молния»:
«Мы хлопцам завезьлі на пазыцыю FPV-дроны і правізію. Назад выяжджалі, на радарах было ўсё чыста, чуцьцё нічога не паказвала, але пры выезьдзе ў небе ўбачылі „Молнию“. Ну, зарыентаваліся хутка, спрацавалі, каманда: „З машыны!“ Хутка пакінулі машыну, спрабавалі яшчэ зьбіць „Молнию“. Ці падбілі, ці здушыў РЭБ (сродкі радыёэлектроннай барацьбы. — РС), ударыла недалёка ад машыны, машыну разьбіла».
Праз чатыры дні сытуацыя паўтарылася. Машыну зноў пашкодзіла «Молния», але ня вельмі моцна. Аўтамабіль удалося схаваць, гаворыць Яўген.
«Потым па нас прыляцелі чатыры FPV (відэакіраваныя дроны. —РС ), шукалі-шукалі, дзякуй Богу, не знайшлі. Сабраліся і на пашкоджанай машыне бяз кола, дзякуй Богу, так і выскачылі».
Зьнішчаная тэхніка каля Пакроўску
Цяпер расейскім БПЛА на гэтым участку фронту супрацьстаяць сёмы корпус Дэсантна-штурмавых войскаў, брыгада «Птушкі Мадзяра» і спэцпадразьдзел Lasar’s Group. Яўген кажа, што без забесьпячэньня ваяроў на перадавой боепрыпасамі і правіянтам фронт доўга трымацца ня можа.
«Калі мы гэтага ўсяго туды не давязем, хлопцам давядзецца выходзіць адтуль. А калі мы выйдзем, значыць, [расейцы] туды дабяруцца. Ну, так і працуем, трымаемся. Асьцярожна, страшна, шчыра скажу, страшна, але робім сваю работу», — дзеліцца думкамі Яўген.
Пакуль карэспандэнты тэлеканалу «Настоящее Время» пакідаюць пазыцыю, сэнсар дронаў безупынна падае сыгнал. І пакуль мы едзем, недзе побач з намі лётае расейская «Молния». Чым глыбей у тыл, тым слабейшы сыгнал. Яўген кажа, што адносна бясьпечная зона пачынаецца за 25 кілямэтраў ад лініі фронту.