Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Туапсэ зноў гарыць НПЗ. Блякаваньне ў Расеі інтэрнэту не спыняе ўдары дронаў

Пажар на НПЗ у Туапсэ, Краснадарскі край Расеі. 20 красавіка 2026 г
Пажар на НПЗ у Туапсэ, Краснадарскі край Расеі. 20 красавіка 2026 г

Украінскія бесьпілётнікі б’юць па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах у тысячах кілямэтрах ад мяжы, нягледзячы на ўсе спробы расейскіх уладаў гэтыя атакі спыніць.

У Туапсэ пасьля чарговай атакі бесьпілётнікаў адбыўся пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе. Пра гэта паведамляе апэратыўны штаб Краснадарскага краю, піша «Настоящее время».

У тушэньні пажару задзейнічаны 122 чалавекі і 39 адзінак тэхнікі, у тым ліку ад рэгіянальнага ўпраўленьня МНС Расеі, гаворыцца ў паведамленьні.

Наступствы пажару на НПЗ ў Туапсэ. 16 красавіка 2026
Наступствы пажару на НПЗ ў Туапсэ. 16 красавіка 2026

Украінскі маніторынгавы тэлеграм-канал Exilenova+ сьцьвярджае, што ў выніку мінулага ўдару была пашкоджаная або зьнішчана большая частка рэзэрвуарнага парку НПЗ. Цяпер, паводле яго зьвестак, верагодна, гарыць адзін або некалькі рэзервуараў ужо на тэрыторыі самога НПЗ, якія задзейнічаны ў тэхналягічных працэсах заводу. Мясцовыя жыхары пішуць, што агонь перакінуўся на трэці рэзэрвуар.

Украінскі бок пакуль не камэнтаваў інфармацыю аб удары па НПЗ. Бесьпілётнікі ўжо атакавалі гэты нафтаперапрацоўчы завод 16 і 20 красавіка 2026 года. На НПЗ тады пачаўся магутны пажар у рэзэрвуарным парку, які працягваўся некалькі дзён і быў бачны на дзясяткі кілямэтраў. Прадукты гарэньня трапілі ў атмасфэру, з-за праліўных дажджоў узьняўся ўзровень вады ў рацэ Туапсэ, куды раней трапіла нафта, і нафтапрадукты пераліліся праз раней устаноўленыя ахоўныя бар’еры, у выніку яны трапілі ў акваторыю Чорнага мора.

Як на сытуацыю з нападамі на расейскія НПЗ ўплывае блякаваньне інтэрнэту

Пад маркай барацьбы з дронамі расейскія ўлады пачалі адключаць у краіне інтэрнэт. У сакавіку мабільнага інтэрнэту амаль цалкам не было ў Маскве. Таксама пагрозай нападаў украінскіх дронаў улады тлумачаць блякіроўку ў Расеі асобных мэсэнджараў.

Ці можа адключэньне інтэрнэту ў некаторых рэгіёнах Расеі паўплываць на эфэктыўнасьць удараў па НПЗ праціўніка, ці зьвязаныя гэтыя ўдары з Starlink і чаму ўкраінскія дроны сёлета не бʼюць па Маскве, як было ў 2023 годзе? Аб сытуацыі «Настоящее время» пагаварыла з экспэртам Валерам Раманенкам, навуковым супрацоўнікам украінскага Нацыянальнага авіяцыйнага ўнівэрсытэта.

Экспэрт мяркуе, што блякіроўкі і адключэньні інтэрнэту ў Расеі не памяншаюць колькасьць атак дронаў, паколькі цяпер яны дзейнічаюць інакш: на канчатковым этапе бесьпілётнік наводзіцца на выяву цэлі.

«Сыстэма данавядзеньня на канчатковым этапе не залежыць ад GPS. Навошта расейцы выключаюць інтэрнэт, мала зразумела. Нібыта каб перадухіліць магчымасьць арыентацыі па навігацыйнай спадарожнікавай сыстэме, але ніякага эфэкту гэта не аказвае», — кажа Валер Раманенка і пагаджаецца з меркаваньнем, што адключэньне мабільнага інтэрнэту ў Расеі робіцца не дзеля бясьпекі.

«Гэта зусім іншыя мэты, не зьвязаныя з налётамі», — кажа экспэрт Раманенка.

Валер Раманенка абверг меркаваньне, што ўкраінскія дроны падчас атак углыб Расеі нібыта кіруюцца пры дапамозе Starlink. Гэта немагчыма, сьцьвярджае экспэрт, паводле якога ў глыбіні Расеі няма пакрыцьця Starlink.

«Над акупаванымі тэрыторыямі Starlink працуе, актыўна ляцяць нашы дроны і патрапляюць па цэлях. А над расейскай тэрыторыяй пакрыцьця няма. Таму тое, што дроны з дапамогай Starlink ляцяць углыб Расеі, не адпавядае рэчаіснасьці», — сьцьвярджае экспэрт.

Паводле зьвестак Валера Раманенкі сыстэма супрацьпаветранай абароны Расеі за апошнія два гады зьмяніла сваю канфігурацыю.

«27 комплексаў, вельмі неабходных на перадавой, цяпер абараняюць рэзыдэнцыю Уладзіміра Пуціна на Валдаі. Там знаходзіцца і комплекс С-400, здольны абараняць ад балістычных ракет. То бок гэтых сродкаў не хапае для абароны іншых гарадоў. Як правіла, абараняюць мінімальныя сродкі і толькі тыя гарады, якія знаходзяцца на малой глыбіні. Напрыклад, Усьць-Лугу абараніць ад удараў з мора не змаглі. Не было чым. Дальнабойнасьць „Панцыраў“ не дазваляе, а астатнія комплексы разьлічвалі на СПА флёту. А СПА флёта не дало рады», — мяркуе экспэрт.

Чаму перасталі біць дронамі па Маскве

У 2023 годзе вяліся актыўныя атакі ўкраінскіх вайскоўцаў на Маскву: дроны патраплялі па палацу ў Крамлі, былі ўдары па «Масква-Сіці».

Паводле экспэрта цяпер такіх удараў няма ня толькі таму, што ўзмацнілася расейская сыстэма СПА.

«З тых часоў вакол сваёй сталіцы расейцы ўсталявалі „Вежы“, прычым у тры шэрагу. Цяпер стаяць і „Панцыры“, стаяць „Торы“. Вакол Масквы разьмешчана мінімум тры палкі С-400 і С-300. Шчыльнасьць СПА значна ўзмоцнена вакол Масквы. Гэта першы момант. Другі момант, гэтыя бесьпілётнікі зараз зьняты з узбраеньня ўкраінскай арміі, таму што іх баявая частка ў раёне трох кіляграмаў. І біць шкло — гэта не той баявы зарад, які варта запускаць за сотні кілямэтраў, каб уразіць цэль. Ён усё роўна сурʼёзных паражэньняў не наносіць. Адзінае, іх можна было б прымяняць у пэўных вузкіх мэтах. Але, відавочна, існуюць нейкія дамоўленасьці асоба па цэнтрах кіраваньня не біць», — мяркуе авіяцыйны экспэрт Валер Раманенка.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG