Сілавікі перад Лукашэнкам прызналі, што не зрабілі ўсяго, каб прадухіліць дзедаўшчыну

Станіслаў Зась, архіўнае фота

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась расказаў БелТА пра вынікі нарады ў Аляксандра Лукашэнкі аб выніках праверкі беларускага войска.

Станіслаў Зась па выніках праверкі прызнаў пэўныя недахопы ў асобных падразьдзяленьнях проціпаветранай абароны і праблемы ў мабілізацыі мэдычных атрадаў.

Асобна закраналася тэма вайсковай дысцыпліны. Чыноўнікі пацьвердзілі, што ў 2017 годзе ў войску «назіраецца ўсплёск выяўленых нестатутных узаемаадносінаў і зьвязаных з гэтым правапарушэньняў» — як вынік актыўнасьці праваахоўнікаў пасьля даручэньня Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэта больш вынікі працы праваахоўных органаў, якія, вядома, актывізаваліся па даручэньні кіраўніка дзяржавы і выварочвалі ўсё навыварат ва Ўзброеных Сілах, — казаў Зась Лукашэнку. — Дый самога Міністэрства абароны па ўсёй вэртыкалі. Гэтая праца будзе працягвацца.

Вядома, нестатутныя адносіны ў арміі ёсьць, яны прысутнічаюць. І казаць, што мы цяпер ужо ўсё зрабілі для таго, каб іх не было, не выпадае. Гэта праца не аднаго дня і нават не аднаго году. Трэба над гэтым працаваць сыстэмна і комплексна. І такая праца будзе працягнутая».

Тэма дзедаўшчыны ў беларускім войску пачала шырока абмяркоўвацца пасьля сьмерці салдата Аляксандра Коржыча. Сьледчы камітэт паведамляў, што цела салдата знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай, але прыйшоў да высновы, што гэта было самагубства. Маці Коржыча мае іншую вэрсію — забойства.


Лукашэнка паабяцаў павялічыць выдаткі на ваенныя мэты

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча

На нарадзе Лукашэнка расказаў, што ў пераўзбраеньне арміі ўкладаюцца істотныя сродкі, і грошы павінны даваць рэальны рост баявых магчымасьцяў і падвышаць абараназдольнасьць Беларусі.

«Недапушчальна, каб дарагая зброя выкарыстоўвалася ня ў поўную сілу, а тым больш прыходзіла ў непрыдатнасьць з прычыны непрафэсіяналізму асобных камандзіраў. Задача стаіць ня проста захаваць ці павялічыць ваенны патэнцыял нашай арміі, але і рацыянальна яго ўжываць», — казаў Лукашэнка.