Навошта ўлады ўтойваюць зьвесткі аб прыбытках кандыдатаў у дэпутаты

Ілюстрацыйнае фота

Падобна, што ўлады наўмысна ўтойваюць зьвесткі аб прыбытках кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Складаецца ўражаньне, што ў камісіях разумеюць: лічбы прыбыткаў праўладных кандыдатаў выклікаюць раздражненьне ў звычайных выбарнікаў.

Пра тое, як гэта робіцца на Берасьцейшчыне і Гарадзеншчыне, расказваюць карэспандэнты Свабоды.

Гарадзеншчына: дэклярацыі аб даходах кандыдатаў у дэпутаты зьніклі з сайтаў газэт і выбарчых камісій

Назіральнікі і апазыцыйныя кандыдаты схільныя лічыць, што гэта робіцца невыпадкова. Прыбыткі многіх кандыдатаў могуць настроіць супраць іх выбарнікаў.

Выбарчы пікет у Горадні

«На сайт вывешваць інфармацыю мы не абавязаныя. І ўсё»

Напачатку зьвесткі пра даходы кандыдатаў — як у раённыя, так і ў абласныя саветы — былі апублікаваныя ў раённых газэтах. Гэтая ж інфармацыя была зьмешчана і на сайтах — і раённых газэт, і акруговых камісій. Але адразу пасьля публікацый яна з сайтаў пазьнікала.

Сакратар Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі Андрэй Кухто заявіў Свабодзе, што на сайце абласной камісіі зьвестак аб прыбытках кандыдатаў у дэпутаты не было.

«На паседжаньні абласной выбарчай камісіі 22 сьнежня было прынята рашэньне №11 — „вызначыць, што зьвесткі аб даходах і маёмасьці кандыдатаў у дэпутаты накіроўваюцца ў друк для апублікаваньня разам з паведамленьнем аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты“. На сайт вывешваць інфармацыю мы не абавязаныя», — сказаў Кухто.

Ён дадаў, што сайты могуць самі вырашаць, публікаваць ці не зьвесткі пра даходы і маёмасьць кандыдатаў, забароны не было. Але на сайце абласной камісіі іх вырашылі не публікаваць. Маўляў, хто хоча даведацца — знойдзе газэту.

«Паміж выбарчымі камісіямі і выбарнікамі адсутнічае важнае зьвяно — свабодная прэса…»

Праваабаронца Віктар Сазонаў, які вядзе назіраньне за выбарчай кампаніяй, кажа, што зь юрыдычнага пункту гледжаньня кандыдаты ў дэпутаты адказнасьці за публікацыю не нясуць. Яны павінны толькі запоўніць дэклярацыю і прадставіць яе ў выбарчую камісію. Далей дзейнічаюць іншыя мэханізмы.

Віктар Сазонаў, архіўнае фота

Паводле Сазонава, дэклярацыі большасьці кандыдатаў, якія балятуюцца ў народныя абраньнікі ў асноўным па безальтэрнатыўных акругах, глядзеліся вельмі нясьціпла на тле таго, якія даходы маюць збольшага выбарнікі. Месячны заробак некаторых чыноўнікаў складае ад тысячы даляраў да двух, а іх падначаленыя ў той самы час атрымліваюць 200–250 даляраў. І гэта, на думку Сазонава, некаму разанула вока, нават нягледзячы на тое, што гэта афіцыйна заробленыя грошы.

«Камісіі спраўдзілі зьвесткі пра кандыдатаў і апублікавалі іх на старонках газэт. Але далей у ланцужку ад камісій да выбарнікаў адсутнічае адно вельмі важнае зьвяно — свабодная прэса. Амаль уся інфармацыя ад выбарчых камісій, як правіла, публікуецца ў афіцыйных СМІ. А афіцыйныя журналісты непатрэбных пытаньняў не задаюць», — кажа Сазонаў.

Ня варта спадзявацца, што выбарнікі нечага не разумеюць

Кандыдат у дэпутаты Смаргонскага райсавету Алесь Дзергачоў зьнікненьне дэклярацый з сайтаў газэт і акруговых камісій успрыняў іранічна. Мабыць, таму, што ён адзіны кандыдат у раёне, які будзе змагацца за мандат дэпутата на альтэрнатыўнай аснове. Усе астатнія акругі безальтэрнатыўныя.

Алесь Дзергачоў

«Дзіўна, што нехта спадзяецца на тое, што выбарнікі нічога не разумеюць, не заўважаць, не пацікавяцца. Я стаю на пікетах амаль штодня і бачу, хто чым цікавіцца, пра што гаворыць. Большасьць выбарнікаў добра арыентуюцца ў тым, як адбываюцца выбары, як ад іх хаваюць інфармацыю…» — перакананы Дзергачоў.

Дзергачоў заўважае, што, праглядаючы сьпіс кандыдатаў у безальтэрнатыўных акругах, найчасьцей сустракаў такія пасады прэтэндэнтаў: дырэктар, старшыня, начальнік. Пераважная большасьць кандыдатаў — гэта людзі з высокімі дзяржаўнымі пасадамі.

«Магу сказаць, што ва ўсім раёне самы нізкі прыбытак сярод кандыдатаў у дэпутаты ў мяне. Зразумела, што я пэнсіянэр, а там людзі, якія яшчэ працуюць. Але ўражвае, наколькі іх заробкі, прыбыткі адрозьніваюцца ад таго, што маюць звычайныя выбарнікі. Гэта не магло не застацца незаўважаным», — перакананы Дзергачоў.

Берасьцейшчына: зьвесткі пра маёмасьць кандыдатаў — пад грыфам «сакрэтна»

Выбарчыя камісіі на Берасьцейшчыне адмаўляюцца дадаткова прадстаўляць зьвесткі аб прыбытках кандыдатаў у дэпутаты. Згодна з заканадаўствам камісіі вызначаюць, якім чынам будзе агучана інфармацыя пра маёмасьць кандыдатаў: або праз публікацыі ў мясцовай прэсе, або ў інфармацыйных улётках. Але на запыты журналістаў ці кандыдатаў аб прадстаўленьні такой інфармацыі ў мясцовых выбарчых камісіях гучаць адмовы.

На звароты ў выбарчыя камісіі Івацэвіцкага, Бярозаўскага, Камянецкага і Пружанскага раёнаў з просьбай агучыць інфармацыю пра гадавы прыбытак кандыдатаў праваабаронцам адмовілі. Камісіі вырашылі, што зьвесткі пра маёмасьць ахвотных стаць дэпутатамі будуць апублікаваныя толькі ў інфармацыйных улётках, якія разьмесьцяць непасрэдна на выбарчых участках.

Сяржук Русецкі

«У Бярозаўскім раёне выбарчыя камісіі прымаюць рашэньне пра тое, каб не публікаваць у мясцовай прэсе інфармацыю пра прыбыткі кандыдатаў, ужо ня першы раз. З аднаго боку, гэта нібы і не парушэньне, бо, паводле Выбарчага кодэксу, камісіі могуць самастойна вырашаць такія пытаньні. Але, зь іншага боку, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі кажа, што выбары павінны быць максымальна празрыстыя і адкрытыя. Аднак камісіі вырашаюць на месцах па-свойму», — кажа Сяржук Русецкі, праваабаронца зь «Вясны».

Са слоў Леаніда Дубаносава, жыхара гораду Мікашэвічы Лунінецкага раёну, у мясцовай прэсе ня быў апублікаваны нават сьпіс асобаў, якія зарэгістраваліся ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты.

«Не было ў нашай раёнцы дакладных зьвестак пра прыбыткі кандыдатаў. Калі не памыляюся, то нават на ўлётках, што разьвешваюцца на выбарчых участках, таксама няма інфармацыі такога кшталту», — кажа кандыдат у дэпутаты, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леанід Дубаносаў.

А вось у Берасьці інфармацыі пра маёмасьць кандыдатаў у дэпутаты на інфармацыйных улётках наагул ня будзе. Тут камісія пастанавіла апублікаваць зьвесткі толькі ў мясцовай дзяржаўнай газэце.

Ігар Маслоўскі

«Падаецца, што камісіі прынялі рашэньне пра тое, каб інфармацыя аб прыбытках кандыдатаў была надрукавана толькі і выключна ў дзяржаўных газэтах. А вось ва ўлётках такой інфармацыі ня будзе. Гэта прывядзе да таго, што яшчэ меней людзей даведаюцца пра маёмасьць. Я быў на паседжаньні камісіі, і калі нічога не пераблытаў, то так выглядае сытуацыя», — кажа Ігар Маслоўскі, старшыня Берасьцейскай абласной філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Многія лічаць,што абмежаваньне інфармацыі пра маёмасьць кандыдатаў абумоўлена галоўным чынам тым, што многія кандыдаты ў дэпутаты — кіраўнікі дзяржаўных устаноў. А выбарнікі, якія праглядаюць інфармацыю пра кандыдатаў, зьвяртаюць увагу найперш на маёмасьць і заробкі кіраўнікоў. Многіх такая інфармацыя можа абураць.

«На мой погляд, цяпер назіраецца значны разрыў у заробках звычайных жыхароў і кіраўніцтва, начальства, якое ў тым ліку і балятуецца на выбарах. Таму ўлады імкнуцца прыхаваць гэтую інфармацыю. Справа ў тым, што заробкі начальства істотна перавышаюць заробкі жыхароў мястэчак і гарадоў вобласьці», — лічыць Ігар Маслоўскі.