Ад 1 лістапада ў Менску падаражэе праезд у грамадзкім транспарце

Жанчына набывае квіткі на грамадзкі транспарт, ілюстрацыйнае фота

У Менску ад 1 лістапада падвышаюцца цэны на праезд у грамадзкім транспарце. Талён і жэтон у мэтро будуць каштаваць на 5 капеек болей. Новыя тарыфы зацьверджаныя рашэньнем Менгарвыканкаму ад 19 кастрычніка.

Талён на адну паездку ў наземным транспарце будзе каштаваць 60 капеек, жэтон у мэтро — 65 капеек. Цана на праязныя павысіцца на 12–13%. Квіткі, купленыя па ранейшых тарыфах, будуць дзейныя яшчэ 30 дзён.

Апошні раз тарыфы на праезд павялічвалі летась у сьнежні — таксама на 5 капеек.

У кастрычніку цэны на праезд павысілі ў Менскай, Віцебскай і Гомельскай абласьцях.

16 верасьня намесьнік міністра транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Ляхновіч сказаў парталу TUT.BY, што да канца гэтага году тарыфы на праезд расьці ня будуць.