Як піша Расейская служба Радыё Свабода, галоўная інтрыга візыту Ўладзіміра Пуціна ў Кітай, які праходзіць 19–20 траўня, заключаецца ў новым «трохкутніку» адносін паміж Масквой, Пэкінам і Вашынгтонам.
За дзень да візыту ў Кітай Пуцін у спэцыяльным звароце заявіў, што адносіны Расеі і Кітая дасягнулі «беспрэцэдэнтнага ўзроўню», Сі Цзіньпіна расейскі кіраўнік назваў «даўнім добрым сябрам».
Падчас візыту Пуціна суправаджае рэкордная, як сьцьвярджаюць расейскія афіцыйныя СМІ, колькасьць «цяжкавагавікоў» расейскага бізнэсу і ўраду, уключаючы кіраўнікоў кампаній «Газпром», «Роснефть», «Новатек», буйных банкаў. Зь ім едуць пяць намесьнікаў старшыні ўрада Расеі, восем ключавых міністраў і некалькі губэрнатараў расейскіх абласьцей. Такая дэлегацыя сьведчыць аб надзеі Крамля на заключэньне маштабных зьдзелак з кітайскім бокам, якія выходзяць за рамкі звычайнага.
Пуцін прылятае ў Пэкін 19 траўня — усяго праз чатыры дні пасьля завяршэньня візыту ў Кітай прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Многія экспэрты называюць КНР «сярэднім зьвяном» у камунікацыях Масквы і Вашынгтону і гадаюць, ці гатовы Сі Цзіньпін стаць пасярэднікам у перадачы сыгналаў паміж Крамлём і Белым домам, у першую чаргу па ключавых сусьветных канфліктах — гэта значыць па вайне ва Ўкраіне і войнам на Блізкім Усходзе.
Няпростае пытаньне — ці будзе зараз заключаны фінальны кантракт Расеі з КНР па будаўніцтве газаправоду «Сіла Сібіры-2». Нягледзячы на падпісаны два гады таму мэмарандум, асноўнай інтрыгай застаецца цана расейскага газу — Кітай настойвае на ўмовах, блізкіх да ўнутрырасейскіх, гэта значыць на цане каля 50 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Пры гэтым, як нагадвае The Moscow Times, ужо зараз Кітай купляе расейскі газ па цане 258 даляраў за тысячу кубамэтраў — што на 40 адсоткаў менш, чым плацяць кліенты «Газпрому» ў большасьці іншых дзяржаў.
Стаўленьне Кітая да расейскай вайны ва Ўкраіне
КНР пасьля 24 лютага 2022 года ні разу не асудзіла Расею за ўварваньне ва Ўкраіну і не галасавала за адпаведныя рэзалюцыі Генасамблеі ААН — хоць ня раз абвінавачвала ЗША, NATO і Захад у «правакаваньні канфлікту».
Але пры гэтым Кітай афіцыйна ніколі не прызнаваў анэксію ўкраінскага Крыму, а пасьля частак Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны, а таксама даваў зразумець Крамлю, што ўжываньне ім ядзернай зброі ў вайне ў Пэкіне палічаць «катэгарычна непрымальным». Таму няма сумневаў, што тэма расейскага ўварвання ва Украіну будзе абавязкова закранута і на сустрэчах у Пэкіне 19–20 траўня, хаця ў афіцыйных заявах і расейскага, і кітайскага боку яна наўпрост не згадвалася.
Ёсьць зьвесткі, што дэталёвае абмеркаваньне Сі Цзіньпінам і Уладзімірам Пуціным ваенных і геапалітычных пытаньняў чакаецца падчас нефармальнай гутаркі «за гарбатай», якая лічыцца найважнейшай часткай праграмы для вырашэньня самых складаных палітычных задач.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і старшыня КНР Сі Цзіньпін на сустрэчы ў Пэкіне. 2 верасьня 2025
Як паведаміў памочнік Пуціна Юры Ушакоў, чакаецца, што Пуцін і Сі падпішуць сумесную «Дэклярацыю аб станаўленьні шматпалярнага сьвету і міжнародных адносін новага тыпу», але ніякіх падрабязнасьцей, што маецца на ўвазе, Ушакоў не прывёў.
У цэлым большасьць незалежных аналітыкаў падкрэсьлівае, што Пуціну ў гасьцях у Сі зараз непазьбежна давядзецца пабыць у ролі таго, хто просіць, — проста таму, што сёньня эканамічныя ўзаемаадносіны Масквы і Пэкіна вельмі нераўнацэнныя. У тэлезвароце перад візытам прэзыдэнт Расеі адзначыў, што таваразварот паміж краінамі перавысіў 200 мільярдаў даляраў, а разьлікі амаль цалкам вядуцца ў рублях і юанях. Але на долю Расеі прыпадае толькі каля 4 працэнтаў усяго замежнага таваразвароту КНР — пры тым, што на долю Кітая прыпадае больш за трэць усяго расейскага імпарту і больш за чвэрць расейскага экспарту.
Будучыня расейскай эканомікі, якая перажывае стагнацыю і на якой моцна адбіўся цяжар вайны, што працягваецца ўжо пяты год, апынулася ў крытычнай залежнасьці ад КНР.