Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі вызначыла квоты на рэгістрацыю хадайніцтваў аб статусе ўцекача: ня больш за 800 сумарна па краіне, мяркуючы па пастанове МУС (PDF).
Пастанова апісвае квоты для падразьдзяленьняў грамадзянства і міграцыі ўпраўленьняў унутраных спраў абласных выканаўчых камітэтаў на рэгістрацыю хадайніцтваў аб статусе ўцекача, дадатковай абароны ці прытулку ў Беларусі: на Берасьцейскую вобласьць 135 чалавек, на Віцебскую і Гомельскую па 170 чалавек, на Гарадзенскую 95, на Менскую і Магілёўскую па 115.
Аналягічнай пастановы пра квоты на 2017 год у адкрытым доступе не публікавалася. Колькі было прынята хадайніцтваў сёлета, пакуль не паведамлялася.
Але за 2016 год з хадайніцтвамі па абарону, паводле афіцыйнай статыстыкі, зьвярталіся 788 чалавек (на траціну меней за 2015 год). У нейкай форме абарону атрымалі 73,5%, статус уцекача — 0,4% (у 2015-м — 1,9%), астатнія — «дадатковую абарону».
Палітычны прытулак за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі афіцыйна атрымаў толькі адзін чалавек — літоўскі камуніст Чэслаў Высоцкі. Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што прапаноўваў такі статус экс-прэзыдэнту Кіргізстану Курманбеку Бакіеву, але ў выніку Бакіеў атрымаў не афіцыйны прытулак, а беларускае грамадзянства.