Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банглядэш пераселіць 100 тысяч уцекачоў на бязьлюдны востраў


Уцекачы-рагінг’я

Улады Банглядэшу маюць намер перасяліць каля 100 тысяч уцекачоў, мусульман-рагінг’я, на бязьлюдны востраў у бэнгальскім заліве.

У мясцовасьці, куды плянуюць адправіць мігрантаў, здараюцца паводкі, паведамляе CNN.

У распараджэньні тэлеканалу зьявіўся дакумэнт, падрыхтаваны Міністэрствам плянаваньня Банглядэшу. У ім гаворыцца, што ўцекачоў перавязуць на востраў да лістапада 2019 году. Забудова тэрыторыі пад гэтыя патрэбы пачнецца ў бліжэйшы час. Бюджэт праекту перавысіць 270 мільёнаў даляраў.

Усяго ў Банглядэшы жыве каля мільёна уцекачоў з супольнасьці мусульман-рагінг’я. Паводле зьвестак ААН, толькі за апошнія два тыдні ў гэтую краіну ўцяклі каля 300 тысяч мусульман-рагінг’я. Два лягеры для ўцекачоў у разьмешчаным каля мяжы з М’янмай (Бірмай) горадзе Кокс-Базар перапоўненыя, большасьць насельнікаў пакутуюць ад голаду і смагі.

У рэспубліцы М’янма, дзе большасьць жыхароў — будысты, мусульмане-рагінг’я церпяць уціск з боку мясцовых уладаў. Сотні тысяч прадстаўнікоў гэтай рэлігійнай групы былі вымушаныя ўцячы з краіны.

XS
SM
MD
LG