Пра здарэньне, якое адбылося 5 кастрычніка, піша выданьне poranny.pl.
Фільм беластоцкага рэжысэра Юрыя Каліны, які супрацоўнічае з тэлеканалам Белсат, быў вельмі прыхільна ўспрыняты публікай. Падчас дыскусіі, пасьля паказу, вядомы на Падляшшы манах беларускага паходжаньня, айцец Гаўрыіл (герой фільму Каліны «Архімандрыт») назваў імігрантаў насякомымі, вошамі і гнідамі.
«Духоўная асоба заявіла, што імігранты сёньня прыяжджаюць у Эўропу па сацыяльную падтрымку. А напрыканцы ён назваў іх „вошамі і гнідамі“. Духоўная асоба не павінна так казаць пра людзей. Ён не палемізаваў са зьместам фільму, ён увайшоў у палітыку» — лічыць мясцовы грамадзкі дзеяч Яўген Мушыц.
Як паведамляе польскае выданьне, прысутныя сустрэлі словы манаха абураным гулам.
Гаўрыіл (Гіба) нарадзіўся ў Саколцы на Падляшшы. Ён зьяўляецца архімандрытам Польскай праваслаўнай аўтакефальнай царквы.