Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лібіі рабоў прадаюць на аўкцыёнах. Францыя хоча склікаць Раду Бясьпекі ААН


Афрыканскія ўцекачы чакаюць дэпартацыі на лётнішчы каля сталіцы Лібіі Трыпалі.
Афрыканскія ўцекачы чакаюць дэпартацыі на лётнішчы каля сталіцы Лібіі Трыпалі.

Францыя мае намер склікаць надзвычайнае пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН, каб абмеркаваць паведамленьні аб магчымым продажы мігрантаў з Афрыкі ў рабства.

Пра гэта сказаў прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Гвінэі і кіраўніком Афрыканскага зьвязу Альфам Кондэ. Макрон назваў відэа, на якім зафіксаваны факт продажу мігрантаў на аўкцыёне ў Лібіі, «скандальным» і «непрымальным». Відэа было паказана амэрыканскім тэлеканала CNN на мінулым тыдні і выклікала шырокі рэзананс.

Кіраўнік Францыі заявіў, што хоча вывесьці рашэньне гэтай праблемы на ўзровень ААН.

«Францыя ўзяла на сябе ініцыятыву пачаць расьсьледаваньне ў Радзе Бясьпекі ААН пытаньня аб становішчы мігрантаў у Лібіі. Я хачу вывесьці барацьбу з кантрабандыстамі, якія зьдзяйсьняюць такія злачынствы, на іншы ўзровень і пачаць супрацоўніцтва з усімі краінамі рэгіёну, каб ліквідаваць гэтыя сеткі», — заявіў францускі прэзыдэнт.

Лібійскія ўлады ўжо пачалі расьсьледаваньне па факце апублікаванага відэазапісу. Паводле папярэдніх зьвестак, на тэрыторыі Лібіі дзейнічаюць некалькі аўкцыёнаў, дзе гандляры рабамі, выкрадаючы уцекачоў, якія спрабуюць патрапіць з Афрыкі ў Эўропу, прадаюць іх для цяжкай працы на фэрмах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG