Месца памерлага Ліндсі Грэма ў Сэнаце ЗША заняла яго сястра, ягоны законапраект аб санкцыях супраць Расеі падтрымаў Белы дом

Ліндсі Грэм з сваёй сястрой Дарлін Грэм Нордаўн, 2016 год

Сястра Ліндсі Грэма будзе займаць гэтую пасаду да 3 студзеня 2027 году. Трэцяга лістапада 2026 году выбарнікі вырашаць, хто зойме гэтае месца на наступны тэрмін.

Губэрнатар Паўднёвай Караліны Генры Макмастэр абвясьціў аб прызначэньні малодшай сястры памерлага сэнатара-рэспубліканца Ліндсі Грэма на пасаду да канца яго тэрміну. Гэта адбылося пасьля таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп публічна заклікаў губэрнатара вылучыць яе кандыдатуру.

Дарлін Грэм Нордаўн будзе працаваць у Сэнаце ЗША да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Грэма ў студзені наступнага году.

«Для мяне гонар папрасіць яго малодшую сястру, Дарлін Грэм, скончыць яго працу», — сказаў Макмастэр, абвяшчаючы аб яе прызначэньні.

Дарлін Грэм будзе ў Сэнаце да 3 студзеня 2027 году, а сёлета ў лістападзе выбарнікі вырашаць, хто зойме гэтае месца ў наступныя 6 гадоў.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў журналістам, што размаўляў з Грэмам па тэлефоне незадоўга да таго, як таму стала кепска. Паводле Трампа, яны абмеркавалі палітычныя пытаньні, у тым ліку паездку Грэма ва Ўкраіну, голас сэнатара быў стомленым, але ён ня скардзіўся на здароўе.

Грэм ніколі ня быў жанаты і ня меў дзяцей. Іх з Дарлін маці памерла ў 1976 годзе, калі Грэму было 20 гадоў, а Нордаўн — 12. Менш чым праз два гады памёр іх бацька ад сардэчнага прыступу. Грэм, якому на той момант было 22 гады, усынавіў сваю 13-гадовую сястру.

Ліндсі Грэму быў 71 год. Яшчэ 10 ліпеня ён наведваў Кіеў, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. На сустрэчы ён, сярод іншага, заявіў, што з адміністрацыяй Белага дому ўдалося ўзгадніць законапраект аб узмацненьні санкцыяў супраць Расеі.

Што варта ведаць пра «біль Грэма — Блюмэнталя»

Законапраект аб больш жорсткіх санкцыях ЗША супраць Расеі за яе вайну ва Ўкраіне, які пасьпеў падрыхтаваць памерлы сэнатар Грэм з калегам Рычардам Блюмэнталем, надалей застаецца ў заканадаўчай працэдуры.

Лідэры фракцыяў Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыяў у Кангрэсе ЗША заклікаюць хутка прыняць законапраект у знак павагі да аднаго з самых гучных прыхільнікаў Украіны сярод амэрыканскіх заканадаўцаў. Грэм меўся сам прэзэнтаваць канчатковую вэрсію законапраекту, зь якой азнаёмілася Ўкраінская служба Радыё Свабода, у панядзелак, 13 ліпеня, пасьля месяцаў перамоваў зь Белым домам і суаўтарам законапраекту ад Дэмакратычнай партыі сэнатарам Рычардам Блюмэнталем. Але раптоўная сьмерць Грэма ператварыла гэты дзень у дзень памяці, і сэнатары замест гэтага аддалі даніну павагі яго спадчыне, шматкроць заклікаючы прыняць законапраект неадкладна.

Да вечара панядзелка ў Сэнаце заявілі, што праца перайшла да завяршэньня перагляду тэксту і яго ўзгадненьня зь нядаўна прынятым законапраектам Палаты прадстаўнікоў, што можа дазволіць пасьля зацьверджаньня законапраекту Сэнатам перадаць яго прэзыдэнту Дональду Трампу.

Белы дом публічна падтрымаў законапраект 13 ліпеня. У той жа дзень лідэры абедзьвюх партый у Сэнаце ЗША заклікалі як найхутчэй прыняць гэты законапраект, які Грэм унёс у красавіку мінулага году.

Хто такі Ліндсі Грэм

Грэм атрымаў юрыдычную адукацыю, служыў у войску ў якасьці вайсковага пракурора, а пасьля пачаў палітычную кар’еру. У Сэнат ЗША ён быў упершыню абраны ў 2002 годзе і стаў адным з найбольш вядомых рэспубліканскіх палітыкаў у верхняй палаце Кангрэсу.

Яшчэ да анэксіі Крыму Расеяй і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Грэм выступаў за жорсткую палітыку адносна Масквы. Ён актыўна падтрымліваў Украіну, ня раз наведваў Кіеў і быў суаўтарам законапраектаў аб дапамозе Ўкраіне і санкцыях супраць Расеі.

У 2023 годзе Міністэрства ўнутраных справаў Расеі абвясьціла вышук Грэма за ягоныя выказваньні пра вайну. Расейскія ўлады прыпісалі яму словы аб тым, што гібель расейцаў — гэта «найлепшае ўкладаньне грошай ЗША». Сам Грэм такой фразы не казаў. Пасьля гэтага намесьнік старшыні Рады бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што ў ЗША «рэгулярна забіваюць ня толькі звычайных людзей, але і трацяць брудныя грошы на забойствы сэнатараў».

Спачатку Грэм быў крытыкам Дональда Трампа, але пазьней стаў адным з найбольш пасьлядоўных хаўрусьнікаў прэзыдэнта ЗША ў Сэнаце. Ён таксама падтрымліваў амэрыканскую ваенную апэрацыю супраць Ірану і выступаў у падтрымку Ізраілю.

Дональд Трамп выказаў спачуваньні ў сувязі зь сьмерцю Грэма, назваўшы яго «адным з найвыдатнейшых людзей і сэнатараў, якіх я калі-небудзь ведаў».

Ліндсі Грэм быў прыхільнікам жорсткай замежнай палітыкі ЗША, выступаў за дэмакратычныя перамены ў Беларусі, падтрымліваў Украіну ў яе супрацьстаяньні ваеннай агрэсіі Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памёр амэрыканскі сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм. Ён выступаў за дэмакратычныя перамены ў Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Франак Вячорка: «Ліндсі Грэм быў вялікім прыхільнікам свабоднай Беларусі»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўніца амэрыканскага Сэнату беларусам: «Мы хочам свабоды для ўсіх. Каб быць моцнымі, важна ведаць, што мы разам»