Асобу Ліндсі Грэма ў інтэрвію Свабодзе ацаніў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка:
«Ліндсі Грэм быў вялікім прыхільнікам свабоднай Беларусі, ён заўжды выказваўся ў падтрымку незалежнасьці, сувэрэнітэту Беларусі. На сустрэчах зь Сьвятланай Ціханоўскай, а сустракаліся яны некалькі разоў, ён пытаўся пра лёс палітвязьняў, пра тое, як іх можна вызваліць.
Ён лічыў, што толькі ціскам, санкцыямі можна прымусіць дыктатараў да саступак. Ён працягваў працу Джона Маккейна, які ў Рэспубліканскай партыі і ў Вашынгтоне заўжды прасоўваў жорсткае стаўленьне да дыктатараў. І незалежна ад таго, як мянялася амэрыканская адміністрацыя, Ліндсі Грэм быў заўсёды такім моцным голасам, нашым саюзьнікам у змаганьні за нашу незалежнасьць і нашу свабоду».
Вячорка добра памятае сустрэчы з Ліндсі Грэмам:
«Ён заўжды цікавіўся дэталямі, уважліва слухаў. І ня быў наіўны, яго немагчыма было абдурыць. Дыктатары спрабавалі гуляць нейкія ролі, Лукашэнка перафарбоўваўся ад выбараў да выбараў, але Ліндсі Грэм выдатна ведаў прыроду гэтага рэжыму».
Паводле Вячоркі, Грэм таксама меў сваё бачаньне ролі ЗША і ўважаў, што Злучаныя Штаты Амэрыкі павінны быць жорсткія, пасьлядоўныя і прынцыповыя.
Амэрыканскі сэнатар ад штату Паўднёвая Караліна Ліндсі Грэм памёр 11 ліпеня ў выніку раптоўнай хваробы.
Ліндсі Грэму быў 71 год. Яшчэ 10 ліпеня ён наведваў Кіеў, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Падчас сустрэчы ён, сярод іншага, заявіў, што з адміністрацыяй Белага дому ўдалося ўзгадніць законапраект аб узмацненьні санкцыяў супраць Расеі.
Хто такі Ліндсі Грэм
Грэм атрымаў юрыдычную адукацыю, служыў у войску ў якасьці вайсковага пракурора, а пасьля пачаў палітычную кар’еру. У Сэнат ЗША ён быў упершыню абраны ў 2002 годзе і стаў адным з найбольш вядомых рэспубліканскіх палітыкаў у верхняй палаце Кангрэсу.
Яшчэ да анэксіі Крыму Расеяй і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Грэм выступаў за жорсткую палітыку адносна Масквы. Ён актыўна падтрымліваў Украіну, ня раз наведваў Кіеў і быў суаўтарам законапраектаў аб дапамозе Ўкраіне і санкцыях супраць Расеі.
У 2023 годзе Міністэрства ўнутраных справаў Расеі абвясьціла вышук Грэма за ягоныя выказваньні пра вайну. Расейскія ўлады прыпісалі яму словы аб тым, што гібель расейцаў — гэта «найлепшае ўкладаньне грошай ЗША». Сам Грэм такой фразы не казаў. Пасьля гэтага намесьнік старшыні Рады бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што ў ЗША «рэгулярна забіваюць ня толькі звычайных людзей, але і трацяць брудныя грошы на забойствы сэнатараў».
Спачатку Грэм быў крытыкам Дональда Трампа, але пазьней стаў адным з найбольш пасьлядоўных хаўрусьнікаў прэзыдэнта ЗША ў Сэнаце. Ён таксама падтрымліваў амэрыканскую ваенную апэрацыю супраць Ірану і выступаў у падтрымку Ізраілю.
Дональд Трамп выказаў спачуваньні ў сувязі зь сьмерцю Грэма, назваўшы яго «адным з найвыдатнейшых людзей і сэнатараў, якіх я калі-небудзь ведаў».