Сэнат ЗША падтрымаў разгляд законапраекту аб санкцыях супраць Расеі, падрыхтаваны сэнатарам Грэмам

Сэнатар ЗША Роджэр Вікер (рэспубліканец, ад штату Місісіпі) выступае разам зь іншымі сэнатарамі пасьля галасаваньня за працэдуру разгляду законапраекту аб санкцыях супраць Расеі

  • 28 ліпеня 86 сяброў Сэнату ЗША прагаласавалі за працэдуру разгляду заканадаўчага акту, накіраванага на ўзмацненьне эканамічнага ціску на Расею і Іран. Супраць выступілі толькі 12 сэнатараў.


Як паведаміў карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, працэдурнае галасаваньне, што адбылося празь некалькі гадзін пасьля разьвітаньня з сэнатарам Ліндсі Грэмам з Паўднёвай Караліны, вядучага аўтара законапраекту, адбылося адразу пасьля таго, як прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сустрэўся з сэнатарамі за зачыненымі дзьвярыма. Зяленскі быў ў залі падчас галасаваньня.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на сустрэчы з сэнатарамі ЗША падчас візыту ў Вашынгтон 28 ліпеня 2026 году

Законапраект, цяпер афіцыйна названы «Законам Ліндсі Грэма аб санкцыях супраць Расеі і Ірану 2026 году», упаўнаважвае Трампа ўводзіць тарыфы да 200 адсоткаў для найбуйнейшых пакупнікоў расейскай нафты і прыроднага газу, адначасова пашыраючы санкцыі, накіраваныя на расейскія фінансавыя ўстановы, палітычныя эліты, алігархаў і «ценевы флёт», які выкарыстоўваюць для абыходу дзейных абмежаваньняў.

Ён таксама падаўжае санкцыі супраць Ірану да 2031 году.

Нягледзячы на тое, што законапраект усё яшчэ чакае зацьверджаньня ў Сэнаце і далейшага разгляду ў Палаце прадстаўнікоў ЗША пасьля жнівеньскага перапынку, працэдурнае галасаваньне падкрэсьліла рэдкі двухпартыйны кансэнсус наконт таго, што эканамічны ціск застаецца адным з самых магутных інструмэнтаў Вашынгтону супраць Масквы.

Сэнатары ня раз называлі законапраект ня проста чарговым пакетам санкцыяў, а стратэгічнай спробай пазбавіць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна даходаў, якія фінансуюць вайну Расеі ва Ўкраіне.

Што сказаў сэнатарам Зяленскі

Пасьля сустрэчы з сэнатарамі Зяленскі сказаў, што значэньне гэтага заканадаўчага акту выходзіць далёка за межы яго беспасярэдняга эканамічнага ўзьдзеяньня.

«Гэты законапраект вельмі важны, — заявіў Зяленскі. — Санкцыйны ціск на Расею вельмі важны. Ідзецца ня толькі пра грошы, якія Расея выкарыстоўвае для фінансаваньня гэтай вайны. Гэта таксама вялікі сыгнал для Эўропы, вялікі сыгнал для Ўкраіны і вялікая падтрымка нашага народу».

Прэзыдэнт Украіны выказаў надзею, што дакумэнт стане законам, падзякаваў за дзьвюхпартыйную дыскусію і выказаў аптымізм наконт яе станоўчага выніку.

Зяленскі адзначыў, што размова, акрамя санкцыяў, у асноўным тычылася патрэбаў Украіны на полі бою, у тым ліку ўмацаваньня абароннай прамысловасьці краіны.

Ён сказаў, што Ўкраіна хоча пашырыць вытворчасьць сыстэмаў, здольных зьнішчаць бесьпілётнікі Shahed іранскай вытворчасьці і расейскія дроны, працягваючы пры гэтым разьвіваць сучасныя магчымасьці радыёэлектроннай барацьбы.

У той жа час Зяленскі падкрэсьліў, што найбольш актуальнай вайсковай патрэбай Кіева застаецца дадатковая супрацьпаветраная абарона.

«Сапраўдная праблема — гэта супрацьбалістычныя сыстэмы і супрацьбалістычныя ракеты», — сказаў Зяленскі і дадаў, што ён ужо агучваў гэта раней, на сустрэчы з прэзыдэнтам Дональдам Трампам.

Галоўная асаблівасьць законапраекту аб санкцыях — ён скіраваны на дзяржавы, што працягваюць купляць расейскую нафту і прыродны газ, нягледзячы на вайну Расеі супраць Украіны.

Сэнатары ня раз падкрэсьлівалі, што дакумэнт значна скарочаны ў параўнаньні з папярэднімі праектамі, каб унікнуць пакараньня хаўрусьнікаў ЗША і адначасова сканцэнтраваць эканамічны ціск на ключавых пакупніках, якія фінансуюць вайну Расеі.

З моманту ўступленьня на пасады адміністрацыі Трампа Злучаныя Штаты ўнікалі ўводу шырокіх санкцыяў супраць Расеі й імкнуліся да ролі пасярэдніка ў спыненьні вайны. Законапраект аб санкцыях доўга не разглядаўся ў Кангрэсе. Цяпер Трамп сыгналізуе, што гатовы ўхваліць яго з папраўкамі.

Your browser doesn’t support HTML5

«8 із 10». Віткофф і Кушнер їдуть до Києва. Деталі домовленостей президентів України й США у Вашингтоні

Перад сустрэчай з сэнатарамі у Зяленскага была размова з Трампам

Перад галасаваньнем у Сэнаце Уладзімір Зяленскі сустрэўся з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Размова праходзіла ў Белым доме за зачыненымі дзьвярыма.

Пазьней Дональд Трамп заявіў, што сустрэча была пазытыўнай.

«Для мяне было вялікім гонарам сустрэцца з прэзыдэнтам Украіны Зяленскім. Мы абмеркавалі шмат пытаньняў. Сустрэча прайшла вельмі добра!» — працытавалі Трампа на старонцы Белага дому ў сацыяльнай сетцы Х.

Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі прыбыў у ЗША 28 ліпеня. Сустрэча з прэзыдэнтам Трампам працягвалася прыблізна гадзіну і прайшла без удзелу СМІ.

Як відаць на апублікаваных фота, у склад украінскай дэлегацыі на перамовах уваходзілі кіраўнік Офісу прэзыдэнта Кірыла Буданаў, яго намесьнікі Сяргей Кісліца і Павел Паліса, сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Рустэм Умераў, кіраўнік МЗС Андрэй Сыбіга, кіраўнік фракцыі «Слуга народу» ў парлямэнце Давід Арахамія, а таксама пасол Украіны ў ЗША Вольга Стэфанішына.

Зяленскі таксама назваў сустрэчу з Трампам «добрай». Паводле яго, на ёй абмеркавалі ліцэнзіі на вытворчасьць перахопнікаў для сыстэмаў Patriot і «некаторыя іншыя ідэі, якія могуць дапамагчы», а таксама важнасьць актывізацыі дыпляматычнага працэсу.

Раней Белы дом заявіў, што сустрэчы Трампа з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу былі «пазытыўнымі і прадуктыўнымі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.