«Пуцін, Лукашэнка і іншыя атрымалі білет у Гаагу». Да трыбуналу за вайну Расеі ва Ўкраіне далучыліся 36 краін

Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ, архіўнае фота

Рада Эўропы ўхваліла запуск трыбуналу за вайну Расеі ва Ўкраіне, зрабіўшы важны юрыдычны крок. У Кіеве спадзяюцца, што трыбунал, які пагадзіліся заснаваць у Гаазе, пачне працу ў 2027 годзе.

Як паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода, 15 траўня Рада Эўропы ўхваліла Пашыранае частковае пагадненьне аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу па злачынстве расейскай агрэсіі супраць Украіны.

36 краін і Эўрапейскі зьвяз абвясьцілі аб сваім намеры далучыцца да пагадненьня аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу — пра гэта гаворыцца ў заяве Рады Эўропы, апублікаванай падчас пасяджэньня яе Камітэту міністраў у Кішынёве 15 траўня.

У прыватнасьці, 34 дзяржавы-чальцы Рады Эўропы (Андора, Аўстрыя, Бэльгія, Харватыя, Кіпр, Чэхія, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Германія, Грэцыя, Ісляндыя, Ірляндыя, Італія, Латвія, Ліхтэнштэйн, Літва, Люксэмбург, Малдова, Манака, Чарнагорыя, Нідэрлянды, Нарвэгія, Польшча, Партугалія, Румынія, Сан-Марына, Славенія, Гішпанія, Швэцыя, Швайцарыя, Украіна, Вялікабрытанія) выказалі намер удзельнічаць у пагадненьні аб трыбунале, а таксама Эўрапейскі зьвяз, Аўстралія і Коста-Рыка.

Як заявіў міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга, «гэтыя дзяржавы зрабілі рашучы крок да фактычнага стварэньня Спэцыяльнага трыбуналу і прызнаньня адказнасьці за агрэсію супраць Украіны:

«Спэцыяльны трыбунал — гэта справядлівасьць і надзея. Цяпер неабходна зрабіць крокі для выкананьня гэтага палітычнага абавязацельства, забясьпечыўшы функцыянаваньне і фінансаваньне трыбуналу».

«Час, калі Расея павінна несьці адказнасьць за сваю агрэсію, хутка набліжаецца», — заявіў Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ падчас сустрэчы.

Ён сказаў, што ў будучыні да пагадненьня аб трыбунале могуць далучыцца і іншыя краіны.

Трыбунал будзе расьсьледаваць, перасьледваць і судзіць тых, хто нясе асноўную адказнасьць за злачынства агрэсіі супраць Украіны. Трыбунал павінен запоўніць прабел у юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду, які ня можа ў поўнай меры разгледзець злачынства агрэсіі Расеі з-за працэсуальных абмежаваньняў.

Нідэрлянды пагадзіліся правесьці пачатковы этап працы трыбуналу ў Гаазе. Міністар замежных спраў Нідэрляндаў Том Берэндсэн заявіў, што яго краіна прымае «першы этап» Спэцыяльнага трыбуналу па злачынстве агрэсіі супраць Украіны.

Акрамя таго, міністры віталі падтрымку Канвэнцыі аб стварэньні Міжнароднай камісіі па прэтэнзіях, другога элемэнта мэханізму кампэнсацыі пасьля Рэестру шкоды. На гэты момант канвэнцыю падпісалі 38 краін і Эўрапейскі зьвяз.

Міжнародная камісія па прэтэнзіях будзе разглядаць, ацэньваць і прымаць рашэньні па прэтэнзіях, пададзеных у Рэестар шкоды, і вызначаць памер кампэнсацыі, калі такая будзе, у кожным канкрэтным выпадку.

Як паведамляе сайт Украінская праўда, Андрэй Сыбіга ў сваім выступе згадаў і Аляксандра Лукашэнку.

«Пуцін заўсёды хацеў увайсьці ў гісторыю. І гэты Трыбунал дапаможа яму гэтага дасягнуць. Ён увойдзе ў гісторыю. Як злачынец. І ня толькі ён. Пуцін, Шайгу, Герасімаў, Бортнікаў, Золатаў, Мядзьведзеў, Патрушаў, Лукашэнка і іншыя. Сёньня ўсе яны атрымалі свой білет у Гаагу», — адзначыў міністар Сыбіга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўракамісія заклікала ўсе краіны ЭЗ далучыцца да спэцтрыбуналу ў ваенных злачынствах Масквы і Менску

Хто патрабуе прыцягнуць Лукашэнку да трыбуналу

Намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка падкрэсьліў, што гэты вынік стаў у тым ліку сьледзтвам працы дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ).

Паводле яго, падчас сэсій ПАРЭ былі прынятыя рэзалюцыі, якія сфармавалі рамкі трыбуналу зь юрысдыкцыяй, якая дае магчымасьць прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці. Такая папраўка аб распаўсюджваньні юрысдыкцыі трыбуналу на меркаваныя злачынствы агрэсіі, учыненыя беларускім кіраўніцтвам, была падрыхтаваная камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня і ўнесеная Латушкам як дэлегатам у ПАРЭ.

«Усьлед за Літвой Украіна аплаціла квіток для Лукашэнкі ў Гаагу, праўда, ужо ў рамках іншага крымінальнага працэсу», — заявіў Латушка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Генэральны сакратар Рады Эўропы: «Бачу моцнае пачуцьцё салідарнасьці зь Беларусьсю ў розных эўрапейскіх краінах». ВІДЭА

Хто ініцыяваў трыбунал і як да яго ставіцца Расея

25 чэрвеня 2025 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ падпісалі дамову аб стварэньні Спэцыяльнага трыбуналу для расьсьледаваньня злачынства агрэсіі супраць Украіны.

У асноўную групу яго стварэньня ўваходзяць 41 дзяржава, Эўракамісія, Эўрапейская замежнапалітычная служба і Рада Эўропы.

Першыя справы, якія будзе разглядаць трыбунал, пракурору перадасьць Міжнародны цэнтар перасьледу злачынства агрэсіі супраць Украіны (ІСРА), які пачаў працу ў ліпені 2023 году на базе Агенцтва ЭЗ у пытаньнях крымінальнай юстыцыі.

Стварыць трыбунал прапанавала Урзуля фон дэр Ляен у 2022 годзе. Структуру фармуюць у рамках Рады Эўропы, якую ў тым годзе пакінула Расея.

У Крамлі ўжо заяўлялі, што не прызнаюць легітымнасьць гэтага Трыбуналу. Краіны, якія выступаюць за яго стварэньне, нібыта «займаюць абсалютна аднабаковую і неканструктыўную пазыцыю», сьцьвярджае Масква.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літва паінфармавала Раду Эўропы аб удзеле ў Спэцыяльным трыбунале для расьсьледаваньня ваенных злачынстваў Масквы і Менску

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.