«ЭЗ будзе адыгрываць цэнтральную ролю ў дзейнасьці трыбуналу, у прыватнасьці, як сябра Кіроўнага камітэту, які будзе кіраваць Спэцыяльным трыбуналам», — адзначаецца ў паведамленьні.
Спэцыяльны трыбунал будзе мець мандат на перасьлед высокапастаўленых палітычных і вайсковых лідэраў за злачынства агрэсіі супраць Украіны.
«Справядлівасьць для ахвяр агрэсіі — найлепшы шлях да моцнага міру. Імкненьне да справядлівасьці таксама зьяўляецца стрымліваючым чыньнікам для патэнцыйных агрэсараў. У той час, калі міжнароднае права знаходзіцца пад гістарычным ціскам, правільным адказам будзе большая адказнасьць, а ня меншая», — заявіла высокая прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах Кая Калас.
Раней Эўракамісія выдзелілі 10 мільёнаў эўра на дзейнасьць расшыранай групы Спэцыяльнага трыбуналу для падрыхтоўкі яго апэратыўнай структуры.
Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга назваў намер Эўразьвязу далучыцца да заснавальнікаў Спэцтрыбуналу «асабліва каштоўным напярэдадні гадавіны забойстваў цывільных у Бучы».
Сёлета 25 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ падпісалі дамову аб стварэньні Спэцыяльнага трыбуналу для расьсьледаваньня злачынства агрэсіі супраць Украіны.
У асноўную групу яго стварэньня ўваходзяць 41 дзяржава, Эўракамісія, Эўрапейская замежнапалітычная служба і Рада Эўропы.
Чакаецца, што пракурор Трыбуналу прыступіць да абавязкаў у канцы гэтага ці пачатку наступнага году. Першыя справы, якія будзе разглядаць Трыбунал, пракурору перадасьць Міжнародны цэнтар перасьледу злачынства агрэсіі супраць Украіны (ІСРА), які пачаў працу ў ліпені 2023 году на базе Агенцтва ЭЗ у пытаньнях крымінальнай юстыцыі.
Стварыць Трыбунал прапанавала Урзуля фон дэр Ляен у 2022 годзе. Структуру плянуюць сфармаваць у рамках Рады Эўропы, якую ў тым годзе пакінула Расея.
У Крамлі ўжо заяўлялі, што не прызнаюць легітымнасьць гэтага Трыбуналу. Краіны, якія выступаюць за яго стварэньне, «займаюць абсалютна аднабаковую і неканструктыўную пазыцыю», сьцьвярджае Масква.
Форум