Лідэры краін ЭЗ не дамовіліся пра бюджэт і дапамогу Ўкраіне, адклалі рашэньне да сьнежня

Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонію Кошта

Дадатковая пазыка ў 45 мільярдаў эўра, прапанаваная Эўрапейскай камісіяй, уключае, сярод іншага, 25 мільярдаў эўра на абаронныя патрэбы Ўкраіны.

Лідэры 27 дзяржаваў Эўрапейскага Зьвязу на нечарговым саміце ў Брусэлі 26 лістапада не змаглі канчаткова дамовіцца аб дадатковым крэдыце ў 45 мільярдаў эўра для Ўкраіны на 2027 год, паведамляе з Брусэлю Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Прапанову Эўрапейскай камісіі падтрымалі 24 з 27 дзяржаваў, заявіў прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонію Кошта пасьля сустрэчы.

«Мы таксама абмеркавалі прапанову Эўрапейскай камісіі аб дадатковым крэдыце для Ўкраіны. 24 дзяржавы падтрымалі гэтую прапанову. Адна зь іх, Баўгарыя, будзе ўдзельнічаць толькі ў невайсковым складніку, з асаблівым акцэнтам на рэгіёны, дзе жыве яе нацыянальная меншасьць. Мы вернемся да гэтага пытаньня ў сьнежні», — сказаў Кошта.

Што папярэднічала

Раней нежаданьне дапамагаць фінансаваньню Ўкраіны выказвалі Вугоршчына, Славаччына і Чэхія. Гэтыя тры дзяржавы ня ўдзельнічалі і ў папярэднім крэдыце ЭЗ Украіне ў 90 мільярдаў эўра на 2026–2027 гады.

Перад самітам канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц настойваў на ўдзеле ўсіх без вынятку дзяржаваў Эўрапейскага Зьвязу ў фінансаваньні Ўкраіны, увязаўшы гэтае пытаньне з дамоўленасьцю аб шматгадовым бюджэце ЭЗ на 2028–2034 гады.

«Летась нам давялося пайсьці на кампраміс, бо гэта адбывалася ўжо ў канцы году, але сёлета я ня бачу магчымасьці гэта паўтарыць», — сказаў раней Мэрц.

Дадатковы крэдыт у 45 мільярдаў эўра, прапанаваны Эўрапейскай камісіяй, прадугледжвае 25 мільярдаў эўра на абаронныя патрэбы Ўкраіны і 20 мільярдаў эўра на невайсковую падтрымку.

Лідэры Эўрапейскага Зьвязу таксама не змаглі дамовіцца аб наступным сямігадовым бюджэце блёку, у якім для Ўкраіны прадугледжаныя яшчэ 100 мільярдаў эўра. Чакаецца, што сямігадовы бюджэт разам зь фінансаваньнем Украіны ўхваляць у сьнежні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Бэрліне кіраўнікі «кааліцыі ахвочых» пацьвердзілі падтрымку Ўкраіны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мэрц абвясьціў пра новую нямецкую дапамогу Ўкраіне коштам больш за 1 мільярд эўра