Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэрц абвясьціў пра новую нямецкую дапамогу Ўкраіне коштам больш за 1 мільярд эўра

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц і міністарка эканомікі і энэргетыкі Нямеччыны Катарына Райхэ каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, пашкоджанага ў выніку расейскай атакі, 4 кастрычніка 2026 году
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц і міністарка эканомікі і энэргетыкі Нямеччыны Катарына Райхэ каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, пашкоджанага ў выніку расейскай атакі, 4 кастрычніка 2026 году

Нямеччына дае Ўкраіне новы пакет вайсковай дапамогі коштам больш за мільярд эўра, які ўключае фінансаваньне сумеснай вытворчасьці дронаў-перахопнікаў, заявіў нямецкі канцлер Фрыдрых Мэрц падчас візыту ў Кіеў.

«Сёньня я прывёз канкрэтную дапамогу — чарговы пакет вайсковай дапамогі коштам больш за мільярд эўра. Мы выдзяляем сродкі на сумесную вытворчасьць бесьпілётнікаў, прызначаных для барацьбы з рэактыўнымі дронамі. За апошнія тыдні ў гэтай сфэры былі дасягнуты значныя тэхналягічныя посьпехі, і цяпер мы хутка пераходзім да сэрыйнай вытворчасьці. Гэта хутка і адчувальна ўзмоцніць супрацьпаветраную абарону Украіны», — сказаў Мэрц на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Паводле Мэрца, Нямеччына таксама паставіць дальнабойную зброю, баявыя бесьпілётнікі і спадарожнікавае абсталяванне, каб дазволіць Украіне больш эфэктыўна змагацца з расейскімі ракетнымі ўстаноўкамі.

Мэрц дадаў, што напярэдадні зімы Бэрлін дасьць Украіне дапамогу ў энэргетычным сэктары на суму каля 350 мільёнаў эўра, якая ўключае генэратары, трансфарматарныя падстанцыі і рамонтныя камплекты для аднаўленьня пашкоджанай інфраструктуры.

«Усё гэта дапаможа зьмякчыць наступствы расійскіх нападаў на энэргетычную інфраструктуру і падтрымаць людзей у халодныя зімовыя дні», — адзначыў ён.

Мэрц таксама абвясьціў, што Нямеччына разам з Францыяй і Вялікай Брытаніяй плянуе правесьці ў Бэрліне гэтай зімой сустрэчу «Кааліцыі рашучых» (Coalition of the Willing) спэцыяльна для каардынацыі далейшай дапамогі Ўкраіне.

Як адзначыў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, важна, што пакет дапамогі ад Нямеччыны ўключае як энэргетычную, так і вайсковую падтрымку.

Паводле нямецкага ўраду, з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Ўкраіны 24 лютага 2022 году Бэрлін аказаў Украіне двухбаковую цывільную падтрымку на агульную суму больш за 43,3 мільярда эўра, а таксама даў — ці паабяцаў даць у найбліжэйшыя гады — вайсковую дапамогу коштам прыкладна на 57,6 мільярда эўра.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG