«Для Ўкраіны надыходзяць вырашальныя тыдні. Таму сёньня я прыехаў у Кіеў з такім пасланьнем: вы можаце на нас разлічваць. Бясьпека Нямеччыны таксама залежыць ад выніку гэтай вайны. Таму, аказваючы дапамогу, мы кіруемся і ўласнымі жыцьцёва важнымі інтарэсамі», — напісаў Мэрц у сацыяльнай сетцы X.
Візыт канцлера не анансаваўся загадзя; аднак напярэдадні Упраўленне дзяржаўнай аховы Украіны папярэдзіла пра часовыя абмежаванні руху ў Кіеве 4 кастрычніка «ў сувязі з мерамі бясьпекі, зьвязанымі зь візытамі замежных дэлегацый».
Прадстаўнікі ўраду Нямеччыны паведамілі, што Мэрц, як чакаецца, абвесьціць пра пакет мер, які ўключае ваенную дапамогу на суму адзін мільярд эўра, а таксама 350 мільёнаў эўра на аднаўленьне энэргетычнага сэктару Ўкраіны. Таксама чакаецца, што падчас візыту будзе ўзгоднена дамова аб сумеснай вытворчасьці розных тыпаў бесьпілётнікаў.
Паводле інфармацыі Reuters, Мэрц прыбыў у Кіеў у суправаджэньні кіраўнікоў нямецкіх абаронных кампаній і міністра эканомікі Нямеччыны Катарыны Райхэ.
Форум