Расейскія «Яндекс маркет» і Ozon таксама ня будуць кампэнсаваць страты ў разе атакі дронаў. Беларускія вытворцы прадаюць там свае тавары

Пажар на складзе Wildberries у Расеі. 22 ліпеня 2026 году

Усьлед за Wildberries іншыя расейскія гандлёвыя кампаніі ня будуць кампэнсаваць кошт тавараў.

Усьлед за Wildberries іншыя расейскія гандлёвыя пляцоўкі пачалі мяняць дамовы з прадаўцамі. Надалей яны ня будуць кампэнсаваць кошт тавараў, зьнішчаных пры ваенных атаках на склады, паведамляе Белсат.

Расейская пляцоўка «Яндекс Маркет» 20 ліпеня апублікавала новую рэдакцыю дамовы, паводле якой кампанія здымае зь сябе адказнасьць перад прадаўцамі за «частковае ці поўнае невыкананьне абавязаньняў» у разе атак.

Цяпер згодна з пунктам 7 дамовы «Яндекс Маркет» не абавязаны кампэнсаваць страты ў выпадку «якіх-хаця наступстваў ужываньня, узьдзеяньня, падзеньня, запуску або актывацыі ўзбраеньняў, вайсковай тэхнікі, лётных апаратаў (уключаючы БПЛА), сродкаў паражэньня, боепрыпасаў і іх частак».

Абставінамі непераадольнай сілы таксама назвалі «абстрэлы і выбухі», выбуховую і шумавую хвалі, а таксама тэрарыстычныя акты, ваенныя дзеяньні і інш.

Акрамя таго, «Яндэкс Маркет» пры форс-мажоры больш не «абавязаны неадкладна інфармаваць іншы бок аб надыходзе падобных абставінаў і пацьвердзіць наяўнасьць такіх абставінаў», як гэта было раней.

Крыху раней варункі дамоваў зьмяніла і кампанія Ozon, якая вызваліла сябе ад «якіх-хаця патрабаваньняў [прадаўца] паводле дамовы», калі іх прычынай сталі ваенныя дзеяньні, «узьдзеяньне» бесьпілётнікаў і іх фрагмэнтаў, рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі, абстрэлы, выбухі і г.д.

Wildberries першым унёс зьмены ў дамовы — за 10 дзён да першых удараў па сваіх лягістычных цэнтрах. Пляцоўка абнавіла афэрту 7 ліпеня, пашырыўшы сьпіс абставінаў непераадольнай сілы і дэ-факта прызнаўшы напады форс-мажорам, пры якім яна мае права не выплачваць прадаўцам кампэнсацыі за страчаны тавар. У ранейшай вэрсіі пагадненьня пераліку абставінаў непераадольнай сілы не было, а ад адказнасьці пры надзвычайным здарэньні вызваляліся абодва бакі, а ня толькі маркетплэйс.

Беларускія вытворцы прадаюць там свае тавары

Нягледзячы на такія ўмовы, беларускія вытворцы надалей рэалізоўваюць прадукцыю праз расейскія пляцоўкі. На Wildberries прадаюцца тавары Modum, «Belita Вітэкс», Mark Formell, Avalon, BonAsti, Milavitsa, «Купалінка» і іншых. Прыкадна той жа асартымэнт на пляцоўцы OZON. На «Яндексе» знайшліся беларускія шкарпэткі, прадукцыя трыкатажнай фабрыкі «8 Сакавіка».

Украінскія бесьпілётнікі ў ноч з 17 на 18 ліпеня атакавалі склады гандлёвай кампаніі Wildberries у Электрасталі Маскоўскай вобласьці і Катоўску Тамбоўскай вобласьці Расеі. У выніку лучаньня дронаў у катоўскі лягістычны цэнтар загінулі сем працаўнікоў начной зьмены, яшчэ 25 чалавек пацярпелі. Акрамя таго, Wildberries страціў каля 10% сваіх складзкіх магутнасьцяў.

Уначы 22 ліпеня дроны атакавалі яшчэ два буйныя склады расейскага маркетплэйсу — у Краснадары і Нявіннамыску (Стаўрапольскі край).

Modum прызнаў страты

Беларускі брэнд касмэтыкі Modum каля 30% сваіх таварных запасаў захоўваў на расейскіх складах Wildberries, пацярпелых ад атакі бесьпілётнікаў 18 ліпеня, расказала ў Threads дырэктарка маркетынгу фірмы Вольга Безвадзіцкая:

«На складах у Электрасталі і Катоўску знаходзілася каля 30% усяго таварнага запасу касмэтычнай кампаніі Modum. Цяпер гэты асартымэнт недаступны для замовы, у прыярытэце ня толькі ацэнка стратаў, але і максымальна хуткае аднаўленьне даступнасьці прадукцыі для пакупнікоў».

Зяленскі патлумачыў прычыны ўдараў

Уладзімір Зяленскі заявіў, што «22 ліпеня далёкабойныя санкцыі Ўкраіны пасьпяхова паразілі важныя цэлі ў Краснадарскім і Стаўрапольскім краях — лягістычныя цэнтры, якія займаюцца забесьпячэньнем расейскай арміі кампанэнтамі бесьпілётнікаў, навігацыйным абсталяваньнем і тэхнікай»:

«Мы справядліва вяртаем вайну дадому — у Расею. Патрэбен мір, і Ўкраіна дала расейскаму боку ўсе прапановы. Мы павінны прымусіць яго зьвярнуцца да дыпляматыі. Мы справядліва адказваем на кожны расейскі ўдар на нашыя гарады і грамады. Гэтую вайну трэба завяршаць, і гэта магчыма толькі праз узмацненьне ціску на адзіную прычыну гэтай вайны — Расею», — заявіў Зяленскі.

У Расеі завялі справу аб тэрарыстычным акце.

  • Расейскія войскі рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі, ударнымі бесьпілётнікамі, кіраванымі авіябомбамі, іншымі відамі ўзбраеньняў.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.
  • Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў — прыкмета генацыдных дзеяньняў.
  • Крэмль адмаўляе, што расейская армія падчас паўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

22 тысячы прадаўцоў і абарот на 3,9 мільярда: Як атакі на Wildberries закранулі беларусаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Яшчэ два лягістычныя цэнтры Wildberries загарэліся ў Расеі пасьля атакі бесьпілётнікаў. ФОТА і ВІДЭА