Міліцыянтам забаранілі аглядаць рэчы пасажыраў менскага мэтро, а пасажырам дазволілі вазіць зброю

Станцыя менскага мэтро «Кастрычніцкая», ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі апублікаваў дакумэнт пра зьмены ў правілы перавозкі пасажыраў Менскага мэтрапалітэну.

У новых правілах пасажырам дазваляецца бясплатна правоіць зброю ў чахле, кабуры ці футляры пры наяўнасьці дакумэнта, што пацьвяржае права на нашэньне зброі. Раней дазвалялася толькі правозіць ружжо ў чахле. Таксама цяпер дазволена правозіць газавыя балёны аб’ёмам менш за 0,5 літра.

Але ў мэтро па-ранейшаму забараняецца правозіць ровары і лыжы, ручную паклажу, большую за 200 см у суме трох вымярэньняў, выбухоўку і таксычныя рэчывы, вострыя і рэжучыя прадметы, ялікі, хатніх жывёлаў бяз клетак і павадкоў. Таксама ў мэтро па-ранейшаму забароненая фотаздымка як на «рэжымным аб’екце».

Пасажыраў мэтро могуць па-ранейшаму аглядаць перад уваходам, але цяпер гэта ня могуць рабіць супрацоўнікі органаў унутраных справаў — толькі супрацоўнікі службы бясьпекі мэрапалітэну.