Сто гадоў Крымскай Народнай Рэспубліцы

Ілюстрацыйнае фота

Сто год таму, 26 сьнежня (13 сьнежня паводле «старога стылю») 1917 году ў Бахчысараі была абвешчаная Крымская Народная Рэспубліка — Курултай (парлямэнт) крымскататарскага народу ўхваліў Канстытуцыю рэспублікі і сфармаваў урад.

Да таго 2 кастрычніка 1917 году Другі Ўсякрымскі мусульманскі зьезд у Сымфэропалі прыняў рашэньне аб правядзеньні выбараў у Курултай. Выбары прайшлі ў другой палове лістапада, у парлямэнт абралі 76 дэпутатаў (зь іх 4 жанчыны). Большасьць дэпутатаў уваходзілі ў партыю «Мілі Фірка» («Народная партыя»). Старшынём Курултаю абралі аднаго з лідэраў «Мілі Фирка» Асана Сабра Айвазава.

Курултай абвясьціў стварэньне Крымскай Народнай Рэспублікі 13 сьнежня паводле яшчэ дзейнага тады ў Расеі «старога стылю» (юліянскага календару), а на наступны дзень прыняў «Крымскататарскія асноўныя законы», надаўшы ім статус Канстытуцыі. Гэтая першая ў гісторыі Крыму Канстытуцыя, сярод іншага, абвясьціла роўнасьць усіх грамадзянаў, раўнапраўе жанчын і мужчын. Урад рэспублікі (Дырэкторыю) сфармавалі зь пяці міністраў (дырэктараў) на чале з Наманам Чэлебіджыханам (ён быў муфціем Крыму, Беларусі, Літвы і Польшчы).

Украінская Цэнтральная Рада ў той час павітала пачатак працы Курултаю тэлеграмай, практычна адразу прызнала Дырэкторыю. Але ідэя не спадабалася расейскім «чырвоным»: бальшавікі пачалі ўзброеную барацьбу з Крымскай Народнай Рэспублікай, разьвязалі ў Сэвастопалі, Фэадосіі, Эўпаторыі ды іншых гарадах масавы тэрор, забілі ня менш за тысячу чалавек. у канцы студзеня 1918 году бальшавікі захапілі ўвесь Крым, распусьцілі Курултай і пашырылі тэрор супраць крымскіх татараў. Урэшце, 19 сакавіка 1918 году ў складзе РСФСР была абвешчаная «Савецкая сацыялістычная рэспубліка Таўрыды», што затым стала Крымскай ССР і ўрэшце аўтаномнай «рэспублікай».

У акупаваным Расеяй Крыме на афіцыйным узроўні не адзначаецца стагодзьдзе Крымскай Народнай Рэспублікі. Але Ўкраіна прысьвяціла стагодзьдзю ўтварэньня Курултаю мэдыйную кампанію.