Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр Мэджлісу прапануе перанесьці перамовы па сытуацыі ва Ўкраіне зь Менску ў іншае месца


Рэфат Чубараў

Кіраўнік Мэджлісу крымскататарскага народа выступіў за перанос перамоваў трохбаковай кантактнай групы зь Менску на іншую пляцоўку з-за пазыцыі Беларусі па крымскай рэзалюцыі Генасамблеі ААН.

Перамовы Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе неабходна перанесьці зь Менску на іншую пляцоўку з-за пазыцыі Беларусі па рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН па правах чалавека ў Крыме, заявіў старшыня Мэджлісу крымскататарскага народа, народны дэпутат з фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Рэфат Чубараў, паведамляе агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».

«Хачу зьвярнуць нашу ўвагу на пазыцыю Беларусі пры галасаваньні, Беларусі, якая пазыцыянуе сябе, што нібыта забясьпечвае пляцоўку для дыялёгу і сустрэч для спыненьня расейскай агрэсіі», — сказаў Чубараў з трыбуны Вярхоўнай Рады Ўкраіны на пленарным пасяджэньні ў сераду.

«Абсалютна ўпэўнены, што мы павінны прапаноўваць іншую краіну для перамоваў па забесьпячэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і спыненьня расейскай агрэсіі», — заявіў палітык.

Раней у гэты дзень першы віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады, прадстаўнік Украіны ў гуманітарнай падгрупе Трохбаковай кантактнай групы Ірына Герашчанка назвала некарэктным галасаваньне Беларусі супраць рэзалюцыі па Крыме ў кантэксьце яе прэтэнзіяў на міратворчую місію.

Ірына Герашчанка
Ірына Герашчанка

«Менавіта ў Менску праходзяць перамовы па мірным урэгуляваньні сытуацыі на Данбасе, краіна прэтэндуе на статус нэўтральнай і пэўную міратворчую місію. Статус нэўтральнасьці, а не падыгрываньне Крамлю, тады павінен захоўвацца на ўсіх пляцоўках і падчас усіх галасаваньняў. Лічу такія галасаваньні Беларусі — менавіта ў кантэксьце яе прэтэнзіяў на міратворчую місію — некарэктнымі», —падкрэсьліла Герашчанка.

19 сьнежня Генэральная асамблея ААН падтрымала рэзалюцыю «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Сэвастопаль», ініцыяваную ўкраінскай дэлегацыяй. Згодна з вынікамі галасаваньня, падтрымалі ўкраінскую рэзалюцыю 70 дзяржаваў, супраць прагаласавалі 26, устрымаліся 76 дэлегатаў.

Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі. Таксама супраць прагаласавалі Расея, Кітай, КНДР, Іран, Казахстан, Сырыя, Зымбабвэ, Вэнэсуэла і іншыя краіны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG