Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымчанка легла пад колы расейскага вайсковага грузавіка


Керч, Крым

Жыхары вёскі Залатое пад Керчу ў Крыме паспрабавалі перашкодзіць будаўніцтву радыёлякацыйнай станцыі (РЛС) на тэрыторыі населенага пункту, перадае «Керчь.ФМ».

Мяркуючы з апублікаваных выданьнем відэазапісаў, адна з пратэстуючых легла пад колы грузавіка, яшчэ адзін устаў у катлаван, каб перашкодзіць заліваньню бэтону. У выніку ім абаім спатрэбілася мэдычная дапамога з прычыны рэзкага пагаршэньня самаадчуваньня.

Скаргі жыхароў Залатога, паводле інфармацыі выданьня, зьвязаныя з тым, што ім ніхто не паказаў дазвольную дакумэнтацыю на правядзеньне будаўнічых работ.

Аднак прадстаўнікі сілавікоў і адміністрацыя сельсавету, паводле выданьня, усё ж спрабавалі даць усе тлумачэньні на сходзе 20 сьнежня, але прэтэнзіі грамадзянаў задаволеныя не былі.

«Мантаж і ўвод у эксплюатацыю РЛС дазволіць эфэктыўна кантраляваць надводную абстаноўку ў Казантыпскім заліве ў мэтах недапушчэньня пранікненьня на тэрыторыю Рэспублікі Крым дывэрсійна-разведвальных груп, а таксама процідзеяньня браканьерскай лоўлі марскіх біялягічных рэсурсаў у акваторыі Азоўскага мора», — патлумачылі ў Памежнай управе Крыму.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG