Праваабаронцу, якую міліцыянты сфатаграфавалі на падлозе, трымаючы за валасы, будуць судзіць

Затрыманьне на плошчы Якуба Коласа 25 сакавіка, ілюстрацыйнае фота

Тацяну Мастыкіну, назіральніцу праваабарончых арганізацый «Вясна» і «Беларускі Хэльсынскі камітэт», выклікалі праз SMS у суд Першамайскага раёну на 8 траўня як асобу, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Праваабаронцы патрабуюць спыніць яе перасьлед.

На Тацяну Мастыкіну і яшчэ чатырох назіральнікаў, затрыманых 25 сакавіка на менскай плошчы Якуба Коласа, былі складзеныя пратаколы за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (хоць назіральнікі мелі адпаведныя бэйджы і камізэлькі, ня ўдзельнічалі ў акцыі і ня ладзілі яе), на Мастыкіну таксама — за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі».

Назіральніцы Тацяна Мастыкіна (зьлева) і Наста Лойка ў аўтазаку пасьля затрыманьня на плошчы Якуба Коласа ў Менску

Паводле гэтых пратаколаў і будзе суд. Пры гэтым на наступны дзень па затрыманьні Мастыкінай казалі, што працэс мае прайсьці ў судзе Савецкага раёну, але тады ён не адбыўся, матэрыялы ў суд не накіравалі і ў РУУС не знайшлі. Чаму пратаколы «знайшліся» цяпер, невядома.

Другі пратакол быў зьвязаны з адмовай ад дактыляскапіі — такая адмова цалкам законная, але ў назіральніцы ўсё адно гвалтоўна зьнялі адбіткі пальцаў і склалі пратакол. Мастыкіну таксама гвалтоўна сфатаграфавалі, паваліўшы на падлогу і трымаючы за валасы.