Сьцісла
- Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Іран зьвярнуўся да яго з просьбай аб перамовах пасьля ягоных пагрозаў ваеннымі дзеяньнямі ЗША.
- Трамп і амэрыканскія вайскоўцы разглядаюць некалькі вельмі «моцных варыянтаў» у дачыненьні да Ірану пасьля папярэджаньня ягоным уладарам наконт забойстваў пратэстоўцаў.
- Праваабарончыя арганізацыі паведамілі, што тысячы ўдзельнікаў пратэстаў арыштаваныя. Сотні акцыяў працягваюцца ў розных месцах, нягледзячы на прысутнасьць шматлікіх сілаў бясьпекі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што кіраўніцтва Ірану заклікала да перамоваў з Вашынгтонам перад абліччам ягоных пагрозаў ваеннымі дзеяньнямі ў адказ на жорсткі разгон Тэгеранам масавых антыўрадавых пратэстаў, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
«Кіраўнікі Ірану тэлефанавалі», — сказаў Трамп журналістам на борце самалёта Air Force One 11 студзеня і дадаў, што «сустрэча арганізоўваецца... Яны хочуць весьці перамовы».
Аднак, дадаў ён без канкрэтызацыі, «магчыма, нам давядзецца дзейнічаць перад сустрэчай».
Пакуль незразумела, перамоваў на якую тэму хацеў бы Іран. Раней дзьве краіны вялі перамовы праз пасярэднікаў аб спрэчнай ядзернай праграме Тэгерану.
Злучаныя Штаты і іншыя заходнія краіны асудзілі рэпрэсіі ўраду Ірану супраць пратэстоўцаў і раней увялі санкцыі супраць Тэгерану, паводле іхнага азначэньня, за спробу распрацаваць ядзерную зброю (што Іран адмаўляе).
11 студзеня Трамп заявіў, што ён і амэрыканскія вайскоўцы вывучаюць варыянты падтрымкі пратэстоўцаў у Іране пры непацьверджаных паведамленьнях аб тым, што за апошнія 15 дзён у выніку разгону антыўрадавых дэманстрацыяў былі забітыя больш за 500 чалавек.
«Вайскоўцы разглядаюць гэтае пытаньне, і мы разглядаем некалькі вельмі моцных варыянтаў», — сказаў Трамп журналістам. Ён дадаў, што падтрымлівае сувязь зь лідэрамі іранскай апазыцыі, таксама не ўдакладніўшы дэталяў.
Тэгеран не адразу пракамэнтаваў заявы Трампа.
Трамп атрымае варыянты 13 студзеня
Камэнтары Трампа прагучалі пасьля паведамленьняў амэрыканскіх мэдыя пра тое, што лідэра ЗША паінфармавалі аб варыянтах адказу на жорсткасьць здушэньня пратэстаў у Іране сіламі бясьпекі.
Яго заўвагі, падобна, пацьвярджаюць паведамленьні Axios, The New York Times і The Wall Street Journal і іншых пра тое, што ён разглядае некалькі варыянтаў падтрымкі пратэстаў у Іране. Паводле The Wall Street Journal, канкрэтныя варыянты пададуць прэзыдэнту 13 студзеня.
Магчымыя наступныя крокі могуць уключаць вайсковыя ўдары, разгортваньне сакрэтнай кібэрзброі супраць іранскіх вайскоўцаў і дадатковыя санкцыі супраць ураду Ірану, адзначаецца ў публікацыі The Wall Street Journal.
Гэтыя падзеі адбыліся пасьля таго, як праваабарончыя групы і ўрадавыя СМІ паведамілі аб пратэстах, арыштах і гвалце ў дзясятках гарадоў Ірану 11 студзеня, прычым трэці тыдзень дэманстрацыяў пачынаецца пры ўзмацненьні ціску сілаў бясьпекі.
Патэнцыял гвалту, выглядае, вырас пасьля таго, як урад заклікаў сваіх прыхільнікаў прыняць удзел у агульнанацыянальных мітынгах 12 студзеня, каб асудзіць тое, што ён назваў «тэрарыстычнымі акцыямі Злучаных Штатаў і Ізраілю».
Your browser doesn’t support HTML5
Scores Of Bodies Outside Morgue In Tehran Amid Deadly Iran Protests
Агенцтва навінаў аб правах чалавека (HRANA), арганізацыя іранскіх актывістаў, якая базуецца ў ЗША, 11 студзеня паведаміла, што за апошнія 15 дзён у пратэстах загінулі 544 чалавекі.
HRANA паведаміла, што прынамсі 10 061 чалавек арыштаваны, а дэманстрацыі адбыліся ў 585 месцах, у тым ліку ў 186 гарадах, ува ўсіх правінцыях краіны (іх 31).
Лічбы немагчыма праверыць у незалежных крыніцах, бо пры амаль поўным адключэньні інтэрнэту ў краіне інфармацыю цяжка атрымаць. Тэлефонныя паслугі таксама абмежаваныя.
Праваабарончыя групы сьцьвярджаюць, што адключэньне камунікацыяў і інтэрнэту ў Іране — частка захадаў для прыхаваньня гвалту дзяржавы пры здушэньні пратэстаў.
11 студзеня Трамп заявіў, што плянуе пагаварыць зь мільярдэрам Іланам Маскам аб аднаўленьні інтэрнэту ў Іране. SpaceX Маска забяспечвае спадарожнікавы інтэрнэт-сэрвіс Starlink, які раней ужывалі ў зонах канфліктаў, у тым ліку ва Ўкраіне.
Your browser doesn’t support HTML5
'Hundreds Of Gunshots': Witness Tells RFE/RL Of Iran Protest Violence
На мінулым тыдні Трамп выступіў з шэрагам строгіх папярэджаньняў: ён заявіў, што Злучаныя Штаты «вельмі ўважліва сочаць за сытуацыяй», і настойваў на тым, каб улады ўстрымаліся ад забойстваў пратэстоўцаў.
«Іран мае вялікія праблемы. Выглядае, што людзі захопліваюць некаторыя гарады, што яшчэ некалькі тыдняў таму ніхто не лічыў магчымым», — заявіў Трамп на сустрэчы ў Белым доме 9 студзеня.
Your browser doesn’t support HTML5
Iranians Abroad Lose Contact With Loved Ones Amid Dayslong Digital Blackout
Заявы Трампа падтрымаў сын зрынутага іранскага манарха, апазыцыйны дзяяч Рэза Пэхлеві.
«Прэзыдэнт Трамп як лідэр свабоднага сьвету ўважліва назіраў за вашай невымоўнай адвагай і заявіў, што гатовы вам дапамагчы. [...] Сьвет сёньня падтрымлівае вашу нацыянальную рэвалюцыю і захапляецца вашай мужнасьцю», — сказаў Пэхлеві ў відэазвароце, апублікаваным 11 студзеня.
ААН і Эўразьвяз асудзілі здушэньне пратэстаў
ААН, Эўразьвяз і заходнія ўрады таксама выказалі падтрымку іранскаму руху пратэсту.
Кіраўнік ААН Антонію Гутэрыш 11 студзеня заявіў, што ён «шакаваны» паведамленьнямі аб гвалце супраць пратэстоўцаў і заклікаў урад Ірану праявіць стрыманасьць, а таксама «ўстрымацца ад непатрэбнага або непрапарцыйнага ўжываньня сілы».
Кіраўніца замежнай палітыкі Эўразьвязу Кая Калас заявіла, што гатовая прапанаваць новыя санкцыі супраць Тэгерану ў адказ на рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.
«ЭЗ ужо ўвёў шырокія санкцыі супраць Ірану — супраць адказных за парушэньні правоў чалавека, за распаўсюджваньне ядзернай зброі і за падтрымку Тэгеранам вайны Расеі ва Ўкраіне», — сказала Калас у інтэрвію нямецкай газэце Die Welt.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Іране пачаўся трэці тыдзень пратэстаў«Сцэны вайны» ў Тэгеране
Мужчына, які быў сьведкам разгону пратэстаў ва ўсходнім Тэгеране, сказаў Іранскай службе Радыё Свабода, што рэпрэсіі супраць дэманстрацыяў рэзка ўзмацніліся, а сытуацыя ў горадзе нагадвае «сцэны вайны».
Мужчына, які папрасіў не называць яго імя з матываў бясьпекі, сказаў, што апошнімі начамі па ўсёй іранскай сталіцы чуваць бесьперапынныя стрэлы з пнэўматычнай зброі, а над раёнамі пастаянна лётаюць дроны, каб кантраляваць вуліцы і завулкі.
Пратэсты, выкліканыя ростам цэн, высокай інфляцыяй і падзеньнем нацыянальнай валюты, сталі самым сур’ёзным выклікам для Ісламскай рэспублікі за апошнія гады.
Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян падчас інтэрвію дзяржаўнай тэлевізіі
Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян абвінаваціў у «закалотах» зьвязаных з замежнымі краінамі «тэрарыстаў». Паводле яго, ЗША і Ізраіль імкнуцца «пасеяць хаос і беспарадак» у краіне.
«Калі людзі маюць праблемы, наш абавязак разьвязаць іх, але важнейшы абавязак — не дазволіць групе бунтаўнікоў прыйсьці і разбуыць усё грамадзтва», — сказаў ён у тэлевізійным выступе 11 студзеня.
У публікацыі выкарыстана інфармацыя Axios, The New York Times і The Wall Street Journal.