Раней у Іране было забаронена публічна гаварыць аб распрацоўцы ядзернай зброі. Улады часта спасылаліся на рэлігійны ўказ былога найвышэйшага кіраўніка аяталы Алі Хамэнэі, які забараняў распрацоўку зброі масавага зьнішчэньня. Іранскія службоўцы доўгі час настойвалі на тым, што ядзерная праграма краіны прызначана выключна для цывільных мэтаў, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Адкрытыя заклікі дзейных заканадаўцаў і высокіх афіцэраў службаў бясьпекі да стварэньня бомбы нельга было ўявіць яшчэ некалькі гадоў таму. Але цяпер, калі вайна са Злучанымі Штатамі апынулася ў падвешаным стане, гэта ўжо ня так.
Камаль Харазі, дарадца Алі Хамэнэі (які сёлета загінуў у выніку ізраільскіх удараў), заяўляў у 2024 годзе, што Тэгеран «можа перагледзець сваю ядзерную дактрыну», калі адчуе экзыстэнцыяльную пагрозу. Вайну ЗША і Ізраілю супраць Ірану, якая ідзе цяпер, падобна, некаторыя ўспрымаюць менавіта як такую экзыстэнцыяльную пагрозу.
28 лютага пры першых жа стрэлах вайны былі забітыя Хамэнэі і шэраг найвышэйшых службоўцаў войска і службаў бясьпекі Ірану. Хоць удары ў асноўным былі накіраваныя на цэлі, зьвязаныя зь дзяржавай, войскам або ядзернымі аб’ектамі, пацярпела і цывільная інфраструктура, гінулі звычайныя іранцы. Буйныя ваенныя апэрацыі ЗША былі згорнутыя на карысьць эканамічнага ціску, у тым ліку морскай блякады іранскіх партоў, а перамовы праз пасярэднікаў зайшлі ў тупік.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адхіліў нядаўнюю прапанову Ірану аб сямідзённым спыненьні агню і паэтапным адкрыцьці Армускай пратокі. Ён пагражаў аднавіць моцныя ўдары. Вашынгтон заяўляе, што ўсякая ўгода павінна ўключаць «значнае» скарачэньне здольнасьцяў Ірану ўзбагачаць уран, як гэта акрэсьліў віцэ-прэзідэнт Дж. Д. Вэнс.
Адкрытыя заклікі заняцца ядзернай праграмай
Іран падпісаў Дамову аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі ў 1968 годзе і ратыфікаваў яе ў 1970 годзе. Дамова забараняе ядзерным дзяржавам дзяліцца сваімі арсэналамі, а бязьядзерныя дзяржавы абавязвае не ствараць іх, адначасова гарантуючы доступ да мірных ядзерных тэхналёгіяў пры ўмове гарантыяў бясьпекі.
У 2015 годзе Іран таксама падпісаў Сумесны ўсеабдымны плян дзеяньняў з групай вядучых сусьветных дзяржаў, у тым ліку Злучанымі Штатамі. Гэты дакумэнт прадугледжваў абмежаваньне ядзернай праграмы Тэгерану ў абмен на зьмякчэньне санкцыяў.
Аднак пасьля таго, як у 2018 годзе Трамп аднабаковым чынам вывеў Злучаныя Штаты з гэтага пагадненьня, Іран павялічыў маштабы ўзбагачэньня ўрану, хоць і сьцьвярджаў надалей, што яго ядзерная праграма мае выключна мірныя мэты.
У леташнім чэрвені Ізраіль і Злучаныя Штаты нанесьлі авіяўдары па іранскіх ядзерных абʼектах, папярэдзіўшы, што Іран знаходзіцца на мяжы стварэньня ядзернай зброі. 28 лютага гэтыя дзьве дзяржавы ўзмацнілі ціск, нанёсшы авіяўдары, якія прывялі да цяперашняй вайны.
Ахмад Бахшаяеш Ардэстані, дэпутат і сябра ўплывовага парлямэнцкага камітэту нацыянальнай бясьпекі і замежнай палітыкі, нядаўна заявіў, што Іран ужо заплаціў цану за сваю ядзерную праграму і што прыйшоў час ствараць зброю.
Давуд Мадарэсьян, кансэрватыўны камэнтатар і прыхільнік стварэньня ядзернай зброі, напісаў у сацыяльнай сетцы X, што распрацоўка бомбы «важнейшая за харч». Ён заявіў, што стварэньне ядзернай бомбы стала б «гарантыяй выжываньня краіны», спаслаўшыся на выказваньне Трампа пра важнасьць падтрыманьня добрых адносінаў зь ядзернымі дзяржавамі.
Аднак некаторыя дзеячы, прынамсі публічна, выказаліся супраць ператварэньня ядзернай праграмы (ці таго, што ад яе засталося) у інструмэнт стварэньня зброі.
Мухамад Мухбір, былы віцэ-прэзідэнт, цяпер старшы дарадца Найвышэйшага кіраўніка Муджтабы Хамэнэі, заявіў, што Іран ужо валодае неабходнымі сродкамі стрыманьня. У выступе 19 кастрычніка ён адзначыў, што палітыка Тэгерану, накіраваная на рэгіяналізацыю канфлікту, служыць дастаткова моцным фактарам стрыманьня.
Мухбір таксама падкрэсьліў здольнасьць Ірану блякаваць рух праз Армускую пратоку:
«Краіне, якая кантралюе Армускую пратоку, атамная бомба не патрэбная». Ён сказаў, што кантроль над гэтым стратэгічна важным вузлом закранае інтарэсы мільярдаў людзей, у той час як адна бомба «можа забраць жыцьці ад 50 000 да 100 000 чалавек».
Тым часам камэнтатары, якія выступаюць супраць стварэньня ядзернай зброі, папярэджваюць пра наступствы спробаў яе займець.
Палітычны аглядальнік Амір Алі Абульфатх папярэдзіў: праціўнікі Ірану даведаюцца пра якія-хаця захады дзеля стварэньня ядзернай зброі яшчэ да таго, як Тэгеран пасьпее яе вырабіць.
«Што адбудзецца, калі ўся інфраструктура краіны будзе зьнішчана ў выніку разбуральнага амэрыканскага ўдару — яшчэ да таго, як будзе дасягнута ядзернае стрыманьне?» — напісаў ён у сацыяльнай сетцы X, зьвяртаючыся да прыхільнікаў ядзернага ўзбраеньня. — «Ці зможа стварэньне атамнай бомбы стрымаць кагосьці пасьля зьнішчэньня краіны?»
Стан ядзернай праграмы
Пакуль у Іране ідуць спрэчкі, ці варта ператвараць ядзерную праграму ў збройную, узьнікае больш практычнае пытаньне: ці здольны Іран насамрэч стварыць бомбу з увагі на стан яго ядзернай інфраструктуры?
Магчымасьці Ірану ўзбагачаць уран былі сурʼёзна падарваныя, аднак аснова яго ядзернай праграмы, імаверна, захавалася. З трох прадпрыемстваў узбагачэньня ўрану адзіны наземны абʼект — у Натанзе — быў зьнішчаны. Два іншыя, у Натанзе і Фардо, атрымалі моцныя пашкоджаньні і, як мяркуецца, выйшлі з ладу. У выніку ўдараў былі таксама зьнішчаныя адзіныя ў Іране магутнасьці перапрацоўкі ўранавай руды і канвэрсіі ўрану.
Найбольш няпэўны лёс іранскіх запасаў урану — 440,9 кіляграма, узбагачанага да 60 працэнтаў.
Рафаэль Гросі, генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ), яшчэ ў сакавіку паведамляў, што больш за 200 кг з гэтага абʼёму знаходзяцца ў тунэлях у Ісфагане, а частка — у Натанзе.
Your browser doesn’t support HTML5
What Is Iran's Secretive Pickaxe Mountain?
У верасьні агенцтва заявіла, што страціла магчымасьць адсочваць гэтыя запасы яшчэ больш за год таму.
Амэрыканскія й ізраільскія службоўцы заяўляюць, што Іран перамясьціў тысячы цэнтрыфугаў пад гару Пікакс, яны пад пластом граніту на глыбіні каля 80–100 мэтраў. На мінулым тыдні Трамп заявіў, што Вашынгтон, «магчыма, туды дабярэцца».
Тэарэтычна, пакуль Іран валодае запасамі высокаўзбагачанага ўрану, ён можа ўзбагачаць яго да збройнага ўзроўню зь мінімальнымі намаганьнямі і ўсяго некалькімі цэнтрыфугамі, у сувязі з чым у навінах згадваюць абʼект на гары Куланг.
Аднак ці мае Тэгеран магчымасьць вырабляць бомбу — зусім іншае пытаньне. Іран пасьлядоўна адкідае прапанову цалкам адмовіцца ад сваіх запасаў, але прапаноўвае скараціць іх у рамках шырэйшаага пагадненьня з Злучанымі Штатамі аб спыненьні вайны, якая ідзе ўжо восьмы месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Трамп заявіў, што пасьля аднаўленьня баявых дзеяньняў угоды з Іранам «больш няма»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На вучэньні ў Беларусь прыедзе спэцназ Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі з ІранаШто варта ведаць пра Іран, цяперашні іранскі рэжым і яго стасункі з рэжымам у Беларусі
Іран (афіцыйная назва — Ісламская Рэспубліка Іран) мае тэрыторыю 1648 тыс. км². Гэта амаль у 8 разоў больш за тэрыторыю Беларусі. Насельніцтва Ірану каля 81 мільёна чалавек. 85% зь іх — мусульмане-шыіты, амаль 10% — мусульмане-суніты, каля 4% — хрысьціяне.
Краіна мяжуе з Азэрбайджанам, Армэніяй, Туркмэністанам, Іракам, Турэччынай, Афганістанам і Пакістанам.
У 1979 годзе ў Іране адбылася рэвалюцыя, якая зрынула шаха Рэзу Пэхлеві. Іран быў абвешчаны Ісламскай рэспублікай. Паводле новай тэакратычнай Канстытуцыі, лідэр рэвалюцыі аятала Хамэйні зрабіўся Найвышэйшым кіраўніком, прамысловасьць нацыяналізавалі, ува ўсіх сфэрах вырасла роля ісламу, «заходнія ўплывы» былі абмежаваныя.
Іран мае абраны насельніцтвам парлямэнт (Мэджліс), але ўсе законапраекты мае ўхваляць Рада вартавых канстытуцыі. У ёй 6 з 12 чальцоў прызначае Найвышэйшы кіраўнік, а яшчэ 6 — Мэджліс на прапанову Вярхоўнага суду.
Таксама ў Іране рэгулярна адбываюцца выбары прэзыдэнта. З 2024 году гэтую пасаду займае Масуд Пэзэшкіян. Аднак асноўную ўладу мае не прэзыдэнт, а Найвышэйшы кіраўнік. Ён вызначае агульную палітыку, камандуе Ўзброенымі сіламі і вайсковай выведкай, прызначае людзей на ключавыя пасады ў дзяржаве — старшыняў судоў, кіраўніка паліцыі і вайскаводаў усіх родаў войскаў.
Найвышэйшага кіраўніка абірае Рада экспэртаў (у ёй больш за 80 ісламскіх багасловаў) і тэарэтычна яна ж можа ў кожны момант памяняць першую асобу ў дзяржаве. На практыцы пасьля сьмерці аяталы Хамэйні ў 1989 годзе гэтую пасаду да сваёй гібелі 28 лютага займаў Алі Хамэнэі, які перад гэтым з 1981 году быў прэзыдэнтам Ірана.
У сьнежні 2025 году на фоне эканамічных цяжкасьцяў у краіне ўспыхнулі пратэсты. Іх асноўным рухавіком спачатку былі вулічныя гандляры, потым далучыліся студэнты, іншыя жыхары гарадоў. Пратэсты не спыняліся каля 50 дзён і былі жорстка задушаныя. Праваабаронцы з арганізацыі HRANA пацьвердзілі больш за 7 тысяч сьмерцяў падас пратэстаў, і працягваюць правяраць яшчэ амаль 12 тысяч паведамленьняў.
Стасункі зь Беларусьсю
У 2006 годзе Беларусь вырашыла наладзіць зборку іранскіх аўтамабіляў Samand. Да згортваньня праекту ў 2013-м удалося выпусьціць толькі 2000 машын.
Абʼём гандлю Беларусі з Іранам за 2023 год быў каля 140 мільёнаў даляраў. Паводле ўладаў, у 2024 годзе ён вырас на чвэрць.
• У сакавіку 2023 году ў Тэгеране Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з тагачасным іранскім прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі.
• У жніўні 2025 году іранскі прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян сустрэўся з Лукашэнкам у Менску. Яны дамовіліся скасаваць візы і адкрыць авіярэйсы паміж Тэгеранам і Менскам.
• У сьнежні 2025 году міністры замежных справаў Беларусі і Ірану Максім Рыжанкоў і Абас Аракчы падпісалі ў Менску шэраг дакумэнтаў, у тым ліку дэклярацыю аб супрацьдзеяньні санкцыям.
Супраца ў вайсковай сфэры
• У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся ў Тэгеране зь міністрам абароны Ірану Мугамадам Ашт’яні. Яны падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.
• У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны Ірану Саід Галяндары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў красавіку — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Мэхдзі Джафары.
• У красавіку 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».
• У траўні 2024 году беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі — 2024» у Тэгеране. А ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры іранскай амбасадзе.
• У ліпені 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацы ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».
• У жніўні 2024 году камандуючы вайскова-паветранымі сіламі Беларусі Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану Абдулрагімам Мусаві і камандзірам ВПС Ірану Хамідам Вахэдзі.
• У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.
• У сьнежні 2025 году падчас візыту ў Менск дэлегацыі іранскага Генэральнага штабу Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год і абвясьцілі пра намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.