Гарадзенец двойчы паспрабаваў купіць біткойны. Двойчы падманулі

Ілюстрацыйнае фота

Міліцыя спрабуе адшукаць асобаў, якія падманулі жыхара Горадні на 1790 рублёў пры спробе купіць крыптавалюты. Як паведамляе УУС Гарадзенскага аблвыканкаму, жыхар Горадні 1996 году нараджэньня двойчы аддаў грошы незнаёмцам, спадзеючыся атрымаць за іх біткойны.

Мужчына знайшоў прадаўца біткойнаў у адной з тэматычных Telegram-суполак, сьпісаўся зь ім, перавёў 1000 рублёў на банкаўскі рахунак, але так і не дачакаўся абяцанай крыптавалюты. Тады ён знайшоў у іншай Telegram-суполцы іншага прадаўца, якому пералічыў 790 рублёў на электронны гаманец QIWI (прывязаны, паводле міліцыі, да расейскага нумару тэлефона) — але біткойнаў зноў не атрымаў.

Цяпер міліцыя правяла праверку, зрабіла выснову аб махлярстве з боку нявыяўленых асобаў, шукае злачынцаў, якім можа пагражаць ад 3 да 10 год пазбаўленьня волі.

Здабыча і абмен крыптавалютаў, а таксама стварэньне ўласных крыптавалютаў дазволеныя ў Беларусі нядаўнім «ІТ-дэкрэтам», але імі нельга карыстацца як грашыма — купляць і прадаваць за іх тавары і паслугі.

Міліцыя раіць «выбіраць надзейных контрагентаў, асобы і рэпутацыя якіх не выклікаюць падазрэньняў». Праблема ў тым, што транзакцыі шмат якіх крыптавалютаў праходзяць няхутка — перавод тых жа грошай у Bitcoin можа заняць не адну гадзіну. І ніводная біржа ня можа сама (без удзелу праваахоўнікаў) прыцягнуць нядобрасумленнага прадаўца да адказнасьці.

Раней у Берасьці было здарэньне, калі крыптавалюту куплялі на асабістай сустрэчы, але прадавец уцёк, пакуль пакупнік думаў, што яму пераводзяцца біткойны — міліцыя ў тым ня ўгледзела складу злачынства.

Менская міліцыя раней давала рэкамэндацыі па апэрацыях з крыптавалютамі, сярод якіх была парада купляць і прадаваць крыптавалюты толькі на вядомых біржах і абменных пунктах, а не праз форумы, дамаўляючыся з кімсьці наўпрост і г.д., толькі праз афіцыйных пасярэднікаў (такімі могуць быць кампаніі, ухваленыя Паркам высокіх тэхналёгій).