Як піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, паводле прагнозаў некалькіх буйных амэрыканскіх агенцтваў навін, дзякуючы хвалі перамог на выбарчых участках па ўсёй краіне 3 лістапада дэмакраты забяруць кантроль над Сэнатам і Палатай прадстаўнікоў ад рэспубліканцаў і прэзыдэнта Дональда Трампа.
Вынікі выбараў адлюстроўваюць значны зрух ва ўладзе, даючы дэмакратам большы ўплыў на фэдэральныя выдаткі, кантроль над адміністрацыяй і вылучэньнем кандыдатаў у прэзыдэнты. Паводле The New York Times, Трамп заявіў, што гатовы прыняць вынікі выбараў і супрацоўнічаць з дэмакратамі.
«Мы будзем супрацоўнічаць з дэмакратамі, і мы, ведаеце, з нецярплівасьцю чакаем супрацы зь імі. Мы, пэўна, нешта прыдумаем», — цытуе Трампа выданьне.
Выбары адбываюцца ў час, калі ЗША і Ізраіль вядуць вайну з Іранам, працягваецца поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, а падыход Вашынгтону да Масквы застаецца крыніцай дзьвюхпартыйных рознагалосьсяў.
Трамп захоўвае шырокія паўнамоцтвы ў галіне дыпляматыі і вайсковых апэрацыяў, таму рэспубліканская апазыцыя ў Кангрэсе і права вэта прэзыдэнта могуць абмежаваць намаганьні ператварыць перамогу дэмакратаў у заканадаўчыя зьмены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дэмакраты перамагаюць на выбарах у Кангрэс ЗША. Трамп заявіў аб гатоўнасьці зь імі супрацоўнічацьНайбліжэйшым замежнапалітычным выпрабаваньнем для новага Кангрэсу можа стаць вайна з Іранам.
Дэмакраты агітавалі за спыненьне канфлікту, які спрыяў росту цэн на энэрганосьбіты і эканамічнай няпэўнасьці. Кантроль над абедзьвюма палатамі дасьць ім больш магчымасьцяў кантраляваць адміністрацыю, аспрэчваць вайсковыя выдаткі і дамагацца абмежаваньня апэрацыяў.
Данія Арайсі, кіраўніца праграмы і старшы аналітык Інстытуту стратэгіі і палітыкі New Lines, якая рэгулярна інфармуе кіраўнікоў Кангрэсу і выканаўчай улады, заявіла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што вынікі выбараў могуць падштурхнуць Трампа да дыпляматычнага выхаду з вайны.
«Вынікі выбараў, безумоўна, падштурхнуць адміністрацыю Трампа да распрацоўкі стратэгіі выхаду з вайны, асабліва шляхам дыпляматычных інструмэнтаў і перамоваў», — сказала яна.
Арайсі заявіла, што дэмакраты могуць заблякаваць дадатковае фінансаваньне канфлікту і расьсьледаваць рашэньні адміністрацыі пасьля пачатку працы новага складу Кангрэсу ў студзені.
Яна сьцьвярджае, што Тэгеран таксама можа імкнуцца да лепшых перамоўных умоваў, зважаючы на аслабленьне палітычнай здольнасьці Трампа падтрымліваць вайсковую кампанію.
«Гэта таксама азначае, што іранцы ня будуць паддавацца на ціск, каб прапанаваць нейкі дадатковы кампраміс», — сказала яна.
Трамп застаецца галоўным вайскаводам, захоўвае значную ўладу над вайсковымі апэрацыямі і дыпляматыяй. Большасьць рэспубліканцаў абаранялі іранскую кампанію як неабходную для супрацьдзеяньня іранскім ядзерным і рэгіянальным пагрозам і, падобна, будуць супраціўляцца намаганьням дэмакратаў абмежаваць фінансаваньне.
Тым ня менш за эканамічныя наступствы канфлікту нясе палітычную адказнасьць адміністрацыя. Павышэньне цэн на бэнзін і дызэльнае паліва, часткова зьвязанае з абмежаваньнем руху ў раёне Армускай пратокі, дапамагло дэмакратам паставіць пытаньне росту цэн у цэнтар выбарчай кампаніі.
Новы Кангрэс таксама можа ўзмацніць кантроль над Пэнтагонам і міністрам абароны Пітам Гэґсэтам.
Тым часам Кіеву, які больш за чатыры гады абапіраўся на падтрымку ЗША ў барацьбе з расейскімі акупантамі, вынікі выбараў прыносяць як нявызначанасьць, так і ўпэўненасьць.
Некалькі вядомых прыхільнікаў Украіны ў Кангрэсе пакідаюць свае пасады, у тым ліку рэспубліканскі дэпутат Дон Бэкан, вядомы крытык Расеі.
«Я рэспубліканец старой рэйганаўскай школы і ўважаю расейскае ўварваньне ва Ўкраіну за найважнейшы крызіс, зь якім сутыкаецца свабодны сьвет, — сказаў Бэкан у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода 3 лістапада. — Я спадзяюся, што мы абяром 120-ы Кангрэс, які будзе падтрымліваць нашага сябра і саюзьніка мацней», — дадаў ён.
Тым ня менш украінска-амэрыканскія арганізацыі заяўляюць, што, на іх думку, падтрымка Кіева застанецца дзьвюхпартыйнай.
«Хоць у гэтым выбарчым цыклі мы трацім цьвёрдых прыхільнікаў Украіны, але мы памятаем пра тых, хто застанецца, і нас падбадзёрвае, што Ўкраіна будзе надалей мець значную дзьвюхпартыйную падтрымку», — сказаў у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Майкл Саўкіў, прэзыдэнт Украінскага кангрэсавага камітэту Амэрыкі.
Саўкіў назваў прыярытэтамі нагляд Кангрэсу за нядаўняй адмовай адміністрацыі ад санкцыяў супраць Расеі, за яе дызэльнай угодай, рост дапамогі Украіне ў галіне бясьпекі і працяг статусу часовай абароны для ўкраінскіх уцекачоў.
«Злучаныя Штаты павінны заставацца ўсясьветным лідэрам для прыгнечаных або паняволеных у выніку іншаземнай агрэсіі. Мы імкнемся супрацоўнічаць зь пераабранымі службоўцамі, а таксама з новаабранымі, каб рухаць наперад нашыя важныя пытаньні», — сказаў ён.
Два старшыя дарадцы рэспубліканцаў у замежнай палітыцы Сэнату таксама заявілі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што выбары могуць узмацніць ціск Кангрэсу ў пытаньні санкцыяў на Расеі, і зьвярнулі ўвагу на нядаўна прыняты закон аб санкцыях, зьвязаны з памерлым сэнатарам Ліндсі Грэмам. Такім чынам, Кангрэс, кантраляваны дэмакратамі, можа ўскладніць намаганьні Трампа дасягнуць шчыльнейшых адносінаў з Масквой, асабліва калі яго адміністрацыя будзе імкнуцца і надалей паслабляць санкцыі.
Але заканадаўцы сутыкнуцца з абмежаваньнямі. Права вэта Трампа і рэспубліканская апазыцыя могуць абмежаваць увод новых санкцыяў і пашырэньне вайсковай дапамогі Ўкраіне. Кантроль дэмакратаў над Сэнатам дасьць партыі большы ўплыў на заканадаўчы каляндар, расьсьледаваньні камітэтаў, а таксама на кадравыя прызначэньні ў адміністрацыях і судах.