Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які прадстаўляе Рэспубліканскую партыю, заявіў, што рэспубліканцы перамаглі б на прамежкавых выбарах у Кангрэс з разгромным рахункам, калі б у бюлетэнях было ягонае імя.
«Мяне не было ў бюлетэні, а калі б быў, мы перамаглі б з разгромным рахункам!», — напісаў Дональд Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social.
У інтэрвію выданьню The New York Times Трамп заявіў, што «цалкам гатовы прызнаць гэтыя вынікі» і супрацоўнічаць з дэмакратамі. «Мы, ведаеце, зь нецярпеньнем чакаем супрацы зь імі. Мяркую, мы зможам дасягнуць згоды», — сказаў прэзыдэнт ЗША.
Што вядома пра папярэднія вынікі
У ЗША на прамежкавых выбарах у Кангрэс ЗША, што праходзілі 3 лістапада, першымі закрыліся ўчасткі ў штатах Індыяна і Кентукі. Апошнімі завершаць галасаваньне на Алясцы, дзе ўчасткі закрыюцца а 9:00 паводле менскага часу.
Папярэдне, дэмакраты атрымліваюць большасьць у абедзьвюх палатах Кангрэсу. Паводле амэрыканскіх СМІ, кандыдаты ад Дэмакратычнай партыі перамаглі ў акругах, якія доўгі час лічыліся аплотам рэспубліканцаў — яны атрымалі месцы ў Сэнаце ад штатаў Канзас, Агаё, Паўночная Караліна, Паўднёвая Караліна і Тэхас.
У ЗША зарэгістраваныя больш за 210 мільёнаў выбарнікаў. Частка зь іх галасавала датэрмінова. Такая магчымасьць прадугледжана ў 47 штатах і ў акрузе Калюмбія.
У нядзелю, 1 лістапада, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што стане «Містэрам Вэта» ў выпадку перамогі дэмакратаў. Ён таксама сказаў, што сталае блякаваньне законаў зможа прымусіць кангрэсмэнаў ад Дэмакратычнай партыі дамовіцца з прэзыдэнтам.
Палата прадстаўнікоў выконвае важную ролю ў зацьвярджэньні бюджэту і ініцыятыве імпічмэнту, а Сэнат зацьвярджае кандыдатуры на ключавыя дзяржаўныя пасады, у тым ліку, судзьдзяў, і ратыфікуе міжнародныя дамовы.
Цяпер Рэспубліканская партыя мае большасьць у абедзьвюх палатах Кангрэсу: 53 з 100 мандатаў у Сэнаце і 218 з 435 месцаў у Палаце прадстаўнікоў.
Форум