Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што варта ведаць пра выбары ў ЗША 3 лістапада

Выбарнікі запаўняюць бюлетэні ў апошні дзень датэрміновага галасаваньня 31 кастрычніка 2026 году ў выбарчым офісе акругі Ўаяндот у Канзас-Сіці, штат Канзас.
Выбарнікі запаўняюць бюлетэні ў апошні дзень датэрміновага галасаваньня 31 кастрычніка 2026 году ў выбарчым офісе акругі Ўаяндот у Канзас-Сіці, штат Канзас.

Амэрыканскія выбарнікі прагаласуюць на так званых прамежкавых выбарах, вынікі якіх маюць вялікае значэньне: Дэмакратычная партыя імкнецца пераняць кантроль і над Палатай прадстаўнікоў, і над Сэнатам ад Рэспубліканскай партыі цяперашняга прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Такі вынік выбараў ускладніў бы рэалізацыю палітычнай праграмы прэзыдэнта ў астатнія два гады яго знаходжаньня на пасадзе.

Тлумачым, вакол чаго ідзе барацьба на выбарах 3 лістапада, якія праблемы ключавыя і што пастаўлена на кон.

Каго абіраюць?

Кожныя два гады амэрыканцы выбіраюць дэпутатаў дзьвюх палат Кангрэсу ЗША: Сэнату і Палаты прадстаўнікоў.

Калі гэтыя выбары прыпадаюць на сярэдзіну чатырохгадовага тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта, яны называюцца прамежкавымі.

Паводле зьвестак Дасьледчага цэнтру П’ю (Pew Research Center), у прамежкавых выбарах 2026 году маюць права ўдзельнічаць каля 250 мільёнаў дарослых грамадзян ЗША — гэта на 8,4 мільёна больш, чым у прамежкавых выбарах 2022 году.

У Палаце прадстаўнікоў барацьба ідзе за ўсе 435 месцаў, бо прадстаўнікоў абіраюць усяго на два гады.

Сэнатараў жа абіраюць на шасьцігадовы тэрмін. Кожныя два гады адна група сэнатараў — прыкладна траціна ад іх агульнай колькасьці — ідзе на новыя выбары. На сёлетніх выбарах барацьба ідзе за 35 з 100 месцаў у Сэнаце. (У двух штатах адбываюцца нечарговыя выбары, бо рэспубліканскія сэнатары Марка Рубіё з Флорыды і Дж. Д. Вэнс з Агаё ў студзені 2025 году склалі свае сэнацкія паўнамоцтвы, каб увайсьці ў склад адміністрацыі Трампа. Тады на іхныя месцы губэрнатары гэтых штатаў прызначылі іншых прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі.)

Акрамя таго, выбарнікі будуць абіраць губэрнатараў у 36 штатах і трох тэрыторыях ЗША. У некаторых штатах таксама пройдуць выбары на мясцовыя і судовыя пасады, а таксама розныя рэфэрэндумы на ўзроўні штату.

Рэспубліканская партыя мае перавагу над Дэмакратычнай ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу і ў Сэнаце. Але расклад сілаў можа зьмяніцца пасьля цяперашніх выбараў
Рэспубліканская партыя мае перавагу над Дэмакратычнай ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу і ў Сэнаце. Але расклад сілаў можа зьмяніцца пасьля цяперашніх выбараў

За што ідзе змаганьне?

Цяпер рэспубліканцы кантралююць Палату прадстаўнікоў, маючы перавагу ў пяць месцаў — гэта нязначны адрыў, які пакідае дэмакратам шанец перахапіць кантроль.

Гэта ўскладніла б для Трампа магчымасьці ажыцьцяўляць кіраваньне, бо дэмакраты паабяцалі скасаваць некаторыя зь ягоных палітычных рашэньняў у такіх галінах, як ахова здароўя, мытныя зборы і вайна з Іранам.

Лідэры рэспубліканцаў заявілі: калі яны захаваюць кантроль, амэрыканцам варта чакаць працягу палітычнага курсу, які праводзіўся цягам апошніх двух гадоў прэзыдэнцтва Трампа.

У Сэнаце рэспубліканцы цяпер маюць 53 з 100 месцаў — таксама даволі нязначная перавага.

Сэнат валодае выключнымі паўнамоцтвамі зацьвярджаць кадравыя прызначэньні прэзыдэнта ЗША, ухваляць або адхіляць міжнародныя дамовы, а таксама выносіць рашэньні аб вінаватасьці ці невінаватасьці ў працэсах імпічмэнту, ініцыяваных Палатай прадстаўнікоў.

Колькасьць месцаў, якія кожны штат мае ў Палаце прадстаўнікоў, вынікае з колькасьці яго насельніцтва, а ў Сэнаце кожны з 50 штатаў мае два месцы, незалежна ад колькасьці насельніцтва. Напрыклад, штат Пэнсыльванія мае 17 месцаў у Палаце прадстаўнікоў, а штат Канзас — 4; пры гэтым абодва штаты маюць па два сэнатары.

Партыя прэзыдэнта — незалежна ад таго, Рэспубліканская ці Дэмакратычная, — часта страчвае пазыцыі на прамежкавых выбарах у Палату прадстаўнікоў, аднак у Сэнаце гэта адбываецца радзей.

Паводле апытаньняў, праведзеных большасьцю буйных СМІ, Дэмакратычная партыя можа ўмацаваць свае пазыцыі ў Палаце прадстаўнікоў і, імаверна, атрымаць кантроль над гэтай палатай, у той час як вынік барацьбы за месцы ў Сэнаце застаецца няпэўным.

Шыльда з надпісам Hopeful («Поўны надзеі») на сьцяне будынка ў цэнтры гораду Бангор, штат Мэн, напярэдадні прамежкавых выбараў у ЗША. 1 лістапада 2026 году
Шыльда з надпісам Hopeful («Поўны надзеі») на сьцяне будынка ў цэнтры гораду Бангор, штат Мэн, напярэдадні прамежкавых выбараў у ЗША. 1 лістапада 2026 году

Ключавыя праблемы

Кошт жыцьця стаў ключавым пытаньнем для выбарнікаў пры стагнацыі заробкаў і пастаяннай інфляцыі, якая падкрэсьліваецца рэзкім ростам цэн на паліва. Гэтая тэма дамінуе ў дэбатах. Палова зарэгістраваных выбарнікаў з тых, што ўзялі ўдзел у нядаўнім апытаньні Reuters/Ipsos, назвалі кошт жыцьця найважнейшым фактарам на выбарах.

  • Прыхільнікі рэспубліканцаў называлі моцную эканоміку, працяг падатковых ільготаў і квітучы фондавы рынак прыкметамі таго, што іхная палітыка вядзе краіну правільным шляхам.
  • Прыхільнікі дэмакратаў назвалі рэзкі рост цэн на бэнзін і дызэльнае паліва пасьля ўдараў ЗША і Ізраілю па Іране ў лютым, а таксама павышэньне цэн на прадукты харчаваньня асноўнымі прычынамі галасаваньня супраць рэспубліканцаў.


Іміграцыя таксама была ў цэнтры многіх дэбатаў падчас кампаніі. Рэспубліканцы віталі ўзмацненьне памежнага кантролю і дэпартацыю соцень тысяч нелегальных імігрантаў з моманту ўступленьня Трампа на пасаду. Дэмакраты засяродзіліся на тым, гэта рабілася. Яны падкрэсьлівалі сьмяротныя выпадкі ў канфліктах з фэдэральнымі іміграцыйнымі агентамі і залішняе, на іхную думку, выкарыстаньне сілы пры пошуку патэнцыйных нелегальных імігрантаў.

Таксама на выбар людзей, які зьбіраюцца галасаваць, могуць паўплываць такія пытаньні, як палітыка адносна штучнага інтэлекту, цэнтраў апрацоўкі дадзеных і крыптавалютаў, аборты, праблемы замежнай палітыкі — такія, як вайна ў Іране і амэрыканская падтрымка Ізраілю.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG