Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што ўкраінскія спэцслужбы нанесьлі ўдар па двух расейскіх караблях ля берагоў Лібіі: па вайсковым, які патануў у порце Бэнгазі, і па грузавым, што перавозіў зброю і боепрыпасы церазь Міжземнае мора.
Раней прадстаўнікі ўраду Лібіі, які базуецца на ўсходзе краіны, заявілі, што 22 лістапада на борце расейскага карабля, прышвартаванага на вайскова-морскай базе паблізу Бэнгазі, адбыўся выбух — мяркуюць, з прычыны атакі морскага бесьпілётніка. У выніку пацярпелі 10 чальцоў экіпажу — грамадзяне Расеі і Лібіі.
Як паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сацыяльнай сетцы X 23 лістапада, ва «ўкраінскай апэрацыі» ля ўзьбярэжжа Лібіі ўдзельнічалі сем морскіх бесьпілётнікаў украінскай вытворчасьці, накіраваных супраць расейскага карвэта і грузавога карабля.
«Нягледзячы на ўсе намаганьні ворага адбіць атаку, расейскі карвэт „Меркурий“ быў патоплены», — адзначыў ён, дадаўшы, што «гэта адзін зь іхных найноўшых караблёў, уведзены ў эксплюатацыю ў 2023 годзе, падчас поўнамаштабнай вайны».
Разам з карвэтам, паводле Зяленскага, быў зьнішчаны расейскі баявы гелікоптэр Ка-27. А грузавы карабель выкарыстоўвалі «для перавозкі зброі», паведаміў прэзыдэнт Украіны.
У допісе ў сацыяльных сетках Дзяніс Сенік, высокапастаўлены ўкраінскі дыплямат у Вашынгтоне, напісаў:
«Нешта здарылася з расейскім вайсковым караблём і грузавым вадаплавам, які, як паведамляюць, перавозіў вайсковую тэхніку, ля ўзьбярэжжа Лібіі.
Ясна адно: гэтыя караблі больш ня будуць служыць расейскай ваеннай машыне», — дадаў ён, не ўдакладняючы дэталяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Фінляндыі працягваюць тушыць расейскае судна, якое атакавалі дроны. Яно магло перавозіць зброюЧаму гэта важна
Украінскія сілы часта выкарыстоўваюць морскія дроны і ракеты для ўдараў па расейскіх вайсковых караблях і вайскова-морскіх аб’ектах у Чорным моры, а нядаўна атакавалі расейскія караблі і ў больш аддаленым ад Украіны Балтыйскім моры.
У сьнежні 2025 году Ўкраіна паведаміла, што з дапамогай паветраных бесьпілётнікаў атакавала ў Міжземным моры нафтавы танкер, зьвязаны з Расеяй, хоць дакладнае месца падзеі засталося нявысьветленым.
У сакавіку 2026 году Масква абвінаваціла Ўкраіну ў атацы на расейскі танкер для перавозкі звадкаванага прыроднага газу з выкарыстаньнем морскіх бесьпілётнікаў, запушчаных з узьбярэжжа Лібіі. Кіеў не камэнтаваў гэтага ўдару.
Аднак напад у Паўночнай Афрыцы — калі ён пацьвердзіцца — сьведчыць, што Кіеў займеў шырэйшыя магчымасьці наносіць сурʼёзную шкоду расейскім вайсковым перавозкам.
Паводле інфармацыі агенцтва Reuters, спадарожнікавыя здымкі ад кампаніі Vantor паказваюць, што пацярпеў «Меркурий» — карвэт (невялікі вайсковы карабель) расейскага вайскова-морскага флёту.
На здымках відаць, што карабель перакуліўся — над вадой засталася толькі насавая частка. З карабля ідзе дым, а на прычале раскіданыя абломкі.
Reuters таксама паведаміла пра ўдар па іншым вадаплаве, які адбыўся 22 лістапада. Дзьве крыніцы ў вайсковых колах Лібіі паведамілі агенцтву, што ля ўзьбярэжжа Бэнгазі морскі дрон атакаваў гандлёвы карабель пад мальтыйскім сьцягам.
Як паведамляе Reuters з спасылкай на свае крыніцы, лібійскія вайскова-морскія сілы выратавалі экіпажы абодвух караблёў.