Пра зьнішчэньне карабля паведаміла выданьне Naval News са спасылкай на свае крыніцы і спадарожнікавыя здымкі. Да выбуху «Мэркурый» некалькі дзён знаходзіўся ў порце Бэнгазі.
Як піша Libya Observer, выбухі адбываліся на складах з боепрыпасамі. Непасрэдна перад гэтым над вайсковай базай праляцеў самалёт. Крыніцы, блізкія да камандуючага Лібійскай нацыянальнай арміяй Халіфы Хафтара, сьцьвярджаюць, што самалёт бамбаваў склады.
Урад усходняй часткі Лібіі пацьвердзіў зьнішчэньне расейскага карабля. Паводле ягоных зьвестак, «Мэркурый» накіроўваўся ў Расею і зайшоў у Бэнгазі, каб папоўніць запасы харчаваньня і паліва. Пра загінулых і пацярпелых не паведамляецца.
«Мэркурый» фармальна ўваходзіць у склад Чарнаморскага флёту Расеі, але праз баявыя дзеяньні ў Чорным моры базаваўся на аб’ектах Паўночнага флёту ў Арктыцы. Карабель суправаджаў канвоі і, паводле Naval News, выкарыстоўваўся расейскімі ўладамі для экспарту зброі.
3 чэрвеня 2026 году «Мэркурый» ужо атрымаў сур’ёзныя пашкоджаньні ў выніку атакі бесьпілётнікаў на сухі док у Кранштаце.
Абставіны цяперашняга выбуху пакуль высьвятляюцца. Украінскі бок не заяўляў пра сваю датычнасьць да здарэньня.
Напярэдадні, 21 лістапада, бесьпілётнікі атакавалі ў Балтыйскім моры расейскае грузавое судна Sparta II, якое знаходзіцца пад амэрыканскімі санкцыямі за перавозку зброі. Пажар на ім працягваюць тушыць пры ўдзеле Фінляндыі і Эстоніі.
Форум