У Фінляндыі працягваюць тушыць расейскае судна, якое атакавалі дроны. Яно магло перавозіць зброю

Sparta II знаходзіцца пад амэрыканскімі санкцыямі з 2022 году. Судна зьвязвалі з перавозкай зброі на карысьць Расеі (архіўнае фота).
Sparta II знаходзіцца пад амэрыканскімі санкцыямі з 2022 году. Судна зьвязвалі з перавозкай зброі на карысьць Расеі (архіўнае фота).

На расейскім грузавым судне Sparta II, якое 21 лістапада атакавалі бесьпілётнікі ў Балтыйскім моры, працягваецца пажар. У яго тушэньні ўдзельнічаюць караблі Фінляндыі, Эстоніі і Расеі. Пра гэта 22 лістапада паведаміла памежная служба Фінляндыі.

Судна атакавалі ў міжнародных водах Фінскага заліву, пасьля чаго яно дрэйфавала ў бок тэрытарыяльных водаў Фінляндыі. Паводле шэрагу паведамленьняў, цяпер яно знаходзіцца ў фінскіх водах. Усіх 16 чальцоў экіпажу раней эвакуавалі.

Тушэньне пажару адбываецца пад кіраўніцтвам фінскай памежнай службы. У апэрацыі ўдзельнічае таксама расейскае ратавальнае судна «Мурман». Ратавальнікі павінны сачыць, каб Sparta II не затанула праз назапашваньне вады падчас тушэньня.

Прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб назваў здарэньне «сур'ёзным інцыдэнтам», але адзначыў, што непасрэднай пагрозы бясьпецы краіны няма.

У Міністэрстве абароны Фінляндыі заявілі, што ўдар па судне, імаверна, нанесла Ўкраіна. Прэм'ер-міністар Фінляндыі Пэтэры Орпа падкрэсьліў, што Ўкраіна мае права на самаабарону. Украінскі бок атаку афіцыйна не пацьвердзіў.

Паводле расейскіх уладаў, судна накіроўвалася з Санкт-Пецярбургу ў Калінінград.

Sparta II знаходзіцца пад амэрыканскімі санкцыямі з 2022 году. Судна належыць кампаніі «Оборонлогистика», якая забясьпечвае перавозкі для Міністэрства абароны Расеі. Раней яго зьвязвалі з транспартаваньнем зброі. У жніўні 2022 году Sparta II заўважылі пры выхадзе з сырыйскага порту Тартус з зэнітна-ракетнымі комплексамі С-300 на борце.

​
XS
SM
MD
LG