Беларускі блогер Nexta выдаў «магчыма, апошняе відэа»

У сувязі з падрыхтоўкай паправак у закон «Аб СМІ» беларускі блогер Сьцяпан Сьвятлоў, вядомы як Nexta, зрабіў відэа, якое назваў «магчыма, апошнім».

Nexta сьцьвярджае, што зьмены ў законе, прынятыя ў першым чытаньні, узмоцняць ціск на незалежныя СМІ і байнэт — у тым ліку праз забарону ананімных камэнтароў і магчымасьць заблякаваць рэсурс «у адзін клік».

Блогер адзначае, што «сьціплы голас дзяржаўных СМІ адназначна тоне на тле свабоднай інфармацыі зь інтэрнэту» — таму дзяржава і хоча больш жорстка рэгуляваць гэтую інфармацыю, мяркуе ён, хай сабе законы і апраўдваюць барацьбой з экстрэмізмам, тэрарызмам ці пэдафіліяй.

Ён згадвае, што наклад «Советской Белоруссии» складае «ўсяго 400 тысяч экзэмпляраў», тым часам як у ягоным «сьціплым блогу» некаторыя выпускі набіралі мільёны праглядаў.

«Цешыць ва ўсёй гэтай сытуацыі толькі адно: укараняць у Беларусі цэнзуру інтэрнэту будуць тыя самыя людзі, якія некалі займаліся мадэрнізацыяй дрэваапрацоўчых фабрык і цэмэнтных заводаў, увагнаўшы іх у шматмільярдныя страты, а затым уводзілі ў дзеяньне „дэкрэт аб дармаедах“, сабраўшы з 50 тысяч чалавек па 360 рублёў, а затым раздаўшы іх назад», — разважае Nexta.

Раней Сьвятлоўрасказаў, што яго западозрылі ў «абразе прэзыдэнта», за што могуць пасадзіць у турму на тэрмін да трох год. У кватэры ў Сеньніцы Менскага раёну, дзе ён раней жыў, правялі ператрус. Бацька відэаблогера казаў, што гэтым сям’ю ня ўдасца запалохаць.

Як беларуская дзяржава парушае свой жа закон аб СМІ