Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кватэры YouTube-блогера NEXTA правялі вобшук праз абразу Лукашэнкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнікі Сьледчага камітэту правялі вобшук у кватэры маці аўтара YouTube-каналу NEXTA. Блогера з 109 тысячамі падпісантаў падазраюць у абразе кіраўніка Беларусі.

Блогер, які прадстаўляецца як Сьцяпан Сьвятлоў, сказаў Свабодзе, што 22 лютага ў кватэру ў Сеньніцы Менскага раёну, дзе ён раней жыў, прыйшлі «сьледчы ў форме і чалавек у цывільным» з пастановай на вобшук ад Сьледчага камітэту.

«У гэтай пастанове было напісана, што была заява ад нейкай грамадзянкі, якая абурана тым, што я на сваім канале абражаю гонар і годнасьць прэзыдэнта, — кажа Сьвятлоў. — Сьледчыя нібыта азнаёміліся з матэрыяламі на канале і выявілі, што там сапраўды нейкія абразьлівыя выразы на адрас прэзыдэнта Беларусі ўжываліся».

Радыё Свабода не ўдалося датэлефанавацца да прадстаўнікоў Сьледчага камітэту. Афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова папрасіла тэлеканал «Белсат» пачакаць інфармацыі і камэнтароў у панядзелак.

У пастанове Сьледчага камітэту, паводле Сьвятлова, былі пералічаныя гэтыя абразы, але сфатаграфаваць пастанову ці перапісаць абразы не дазволілі. Маці Сьцяпана заўважыла, што адной з такіх абразаў была назва роліка «ЛукаШэрлак», дзе распавядалася пра забойства, якое «дапамог раскрыць» Аляксандар Лукашэнка. Гэты выпуск Nexta сабраў больш за 246 тысяч праглядаў.

«Інкрымінуюць 368 артыкул, то бок „Абраза прэзыдэнта“. Невядома яшчэ, ці справа заведзена, ці не, бо нейкая праверка зараз вядзецца. Вырашаюць, ці заводзіць крымінальную справу. Сказалі чакаць паведамленьня, якое прыйдзе на пошту», — сказаў Сьвятлоў.

Падчас вобшуку супрацоўнікі канфіскавалі ноўтбук, якім карыстаўся брат Сьцяпана, і відэакамэру.

«Гэта не маё. Ня ведаю, навошта ім гэта. Нічога зьвязанага са справай там няма. Ніякай забароненай літаратуры. Там былі звычайныя асабістыя файлы».

Сьцяпан кажа, што ня зьвязваўся са сьледчым, які праводзіў вобшук, бо ня ведае, хто ён — супрацоўнік не прадставіў пасьведчаньня.

Далі выехаць зь Беларусі, каб больш не прыяжджаў

Сьцяпан навучаецца ў Сылескім унівэрсытэце ў Катавіцах і цяпер жыве ў Польшчы. За амаль два з паловай гады існаваньня канала на YouTube гэта першая спроба перасьледу.

«Я быў у Беларусі паўтара тыдня таму. І ўсё было нармальна, ніхто не затрымліваў нічога. Я быў у судзе, здымаў дзяржаўныя будынкі, каб потым выкарыстоўваць у роліках. І ніякага перасьледу або ціску не было. Яны мяне выпусьцілі, як я разумею, каб ужо больш не прыяжджаў».

Канал не закрыюць

Вобшук і спроба завесьці крымінальную справу за абразу Лукашэнкі ня спыніць выпуск відэа на канале, кажа Сьцяпан. Выпускі выходзяць па пятніцах, пасьля вобшуку ў чацьвер новае відэа выйшла ў традыцыйны час. На момант публікацыі артыкула відэа ўжо паглядзелі 53 тысячы разоў.

«Я б хацеў пра гэтую сытуацыю расказаць, але я хачу дачакацца афіцыйных тлумачэньняў ад сьледчых ці ад міліцыі, бо ня ведаю, што цяпер адбываецца. Але вядома, калі вобшук — гэта ўжо нешта сур’ёзнае. Тое, што заплянавана, таксама будзе выходзіць», — кажа Сьвятлоў.

Блогер ня лічыць сваю дзейнасьць на YouTube палітычнай ці супрацьзаконнай.

«Ніякіх абразаў на канале не было. Тое, што адбываецца — гэта перасьлед за іншадумства, я лічу».

Першае відэа на YouTube-канале Nexta выйшла ў кастрычніку 2015 году, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Трое выпускнікоў Ліцэю імя Якуба Коласа запісалі відэа-кавэр на песьню «Выхода нет», якую ў арыгінале выконвае расейскі гурт «Сплин». Агулам відэа назьбірала больш за 34 тысячы праглядаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG