Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства, якое «дапамог раскрыць» Лукашэнка: падазраваны нанёс 50 удараў нажом


Свабодзе ўдалося даведацца пра падрабязнасьці крымінальнай справы аб забойстве 2009 году, якую «дапамог раскрыць» Аляксандар Лукашэнка.

1 лютага падчас сустрэчы са старшынём Дзяржкамітэту судовых экспэртыз Андрэем Шведам кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «дапамог раскрыць» крымінальную справу аб забойстве ў 2009 годзе жыхаркі Магілёўскай вобласьці.

Паводле Лукашэнкі, да яго зьвярнуліся простыя людзі з Магілёўскай вобласьці, бацькі жанчыны, забітай у 2009 годзе. Лукашэнка папрасіў даслаць матэрыялы і апэратыўна вырашыў праблему.

«Я сеў і сам за суткі ўсё вывучыў. І даў каманду пракурору і старшыні КДБ расьсьледаваць гэтую крымінальную справу. Нягодніка знайшлі ў Расеі, прывезьлі ў Менск. І аказалася, што ён забойца. А яго фактычна апраўдалі», — сказаў Лукашэнка.

Пасьля гэтага Генпракуратура паведаміла, што «пасьля завяршэньня новага папярэдняга расьсьледаваньня» вынесены ў лютым 2010 году апраўдальны прысуд Магілёўскага абласнога суду быў адменены, а крымінальная справа накіраваная на паўторны разгляд у Вярхоўны суд.

Хто падазраваны?

Як даведалася Свабода ад крыніц, блізкіх да сям’і пацярпелай, падазраваны ў забойстве Юры І. служыў ва ўнутраных войсках, дзе канваяваў зьняволеных. Вучыўся ў інстытуце Міністэрства ўнутраных спраў, але яго ня скончыў — быў адлічаны нібыта за п’янку. Жыў з таго, што зарабляў у Расеі. На радзіме бываў наездамі. Затрымалі яго ў цягніку. Маці падазраванага гандлявала на Чаркізаўскім рынку ў Маскве.

Што адбылося?

З жанчынай, якую забіў, пазнаёміўся ў рэстарацыі, сустракаўся зь ёю. Паводле крыніцы, блізкай да сям’і забітай, мужчыну на момант забойства было 26 гадоў. Юры І. нібыта забіў яе ў ейным катэджы 3 лютага 2009 году, нанёсшы блізу 50 удараў нажом. Каб утоіць забойства, зьнішчыў адбіткі пальцаў у пакоі і ўключыў газ.

Бацькі забітай западозрылі няладнае, бо дачка доўга не выходзіла з дому. Напярэдадні жанчына мелася ехаць некуды зь сяброўкамі, але на сустрэчу не прыйшла. Ёй пачалі званіць. Дзьверы ў доме ніхто не адчыняў. Выклікалі міліцыю, якая з супрацоўнікамі газавай службы ўзламала дзьверы. У ложку знайшлі зьнявечанае цела. Дом быў запоўнены газам.

У ходзе расьсьледаваньня было затрымана шасьцёра мужчын. Іх паказаньні спраўдзілі на дэтэктары хлусьні.

Падазраваны, паводле крыніц, блізкіх да сям’і, прызнаўся ў забойстве. Расказаў падрабязнасьці злачынства. Паведаміў, у якім месцы гораду выкінуў нож. Прыладу забойства адшукалі ў кантэйнэры са сьмецьцем каля кінатэатру «Радзіма». Свае паказаньні падпісаў.

Дом у Магілёве, дзе адбылося злачынства
Дом у Магілёве, дзе адбылося злачынства

Як судзілі падазраванага

Падазраванага ўтрымлівалі ў сьледчым ізалятары Магілёўскай турмы № 4, што на вуліцы Крупскай, непадалёк ад месца злачынства.

На судзе Юры І. ад сваіх папярэдніх паказаньняў адмовіўся. Заявіў, што іх зь яго выбілі. Справу разглядала судзьдзя абласнога суду Аксёненка, якая цяпер на пэнсіі. У інтэрвію TUT.BY жанчына сказала, што ейны прысуд «быў разгледжаны ва ўсіх інстанцыях, пакінуты ў сіле, рэспубліканская пракуратура падтрымала». «Сапраўды, апраўдальныя прысуды выносяцца нячаста, для мяне гэта быў першы апраўдальны прысуд па гэтым артыкуле. Я працавала якасна, таму прысуды заставаліся ў сіле», — дадала яна.

Дзяржаўны абвінаваўца прасіў для падазраванага 21 год. Баранілі яго двое адвакатаў. Аднаго зь іх ад удзелу ў працэсе адхілілі. Адмовіцца ад паказаньняў намовілі падазраванага адвакаты. Вярхоўны суд не задаволіў касацыйнай скаргі бацькоў забітай. Яе разгляд доўжыўся менш за 25 хвілін.

Бацька забітай атрымліваў адпіскі

У забітай жанчыны засталося двое дзяцей: сын і дачка (у 2009 годзе былі непаўналетнія). Праз чатыры гады памерла, не перанёсшы інсульту, маці забітай.

Лукашэнка сказаў, што да яго зьвярнуўся бацька забітай дачкі: «Прыйшоў і кажа: Аляксандар Рыгоравіч, ну ня можа быць, каб было так, як суд прыняў рашэньне, і так, як сьледзтва правялі».

Крыніца, блізкая да сям'і, кажа, што раней бацька забітай атрымліваў адпіскі ад судовых і наглядных органаў. Цяпер, пасьля ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі, ён спадзяецца на справядлівы перагляд справы.

У катэджы, дзе адбылося злачынства, жыве сын забітай. Дом не дабудаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG