Праект «Раёнка» рэалізуюць некалькі партнэраў. Гэта плятформа «Тры сланы» і OkDoc, прадстаўніцтва ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, ByMedSol — фонд мэдычнай салідарнасьці. Як задумана, плятформа мусіць зьвязаць беларускіх мэдыкаў, якія працуюць за мяжой, і беларусаў, якія жывуць у невялікіх гарадах і вёсках і маюць праблемы ў доступе да мэдыцыны.
Павал Лібер, які адказвае за тэхнічную частку праекту, у размове з Свабодай кажа, што ў яго аснове — ідэя ранейшага праекту «Е-здароўе». Ад 2020 па 2024 год у межах «Е-здароўя» лекары пракансультавалі каля 25 тысяч беларусаў. Той праект быў бясплатны, а «Раёнка» будзе працаваць за грошы, але плаціць за яе будуць ня людзі зь Беларусі, а прадстаўнікі дыяспары за мяжой.
«Ідэя ў тым, каб пабудаваць такі масток, каб чалавек унутры Беларусі, які сапраўды мае праблемы з атрыманьнем мэдычнай дапамогі або належыць да сацыяльна ўразьлівай групы, мог зьвярнуцца з сваёй праблемай, прайсьці вэрыфікацыю і атрымаць онлайн-кансультацыю беларускага лекара, які знаходзіцца ў Эўрапейскім Зьвязе. Адпаведна ідэя была ня ў тым, каб зрабіць гэтую паслугу цалкам бясплатнай, бо лекары ўсё ж павінны нешта атрымліваць за сваю працу. У свой час „Е-здароўе“ спыніла працу праз чатыры гады менавіта таму, што, уласна кажучы, немагчыма было бясконца кансультаваць людзей бясплатна. Таму ўзьнікла ідэя зьвярнуцца да дыяспары і прапанаваць ёй падтрымаць праект ахвяраваньнямі, каб аплачваць яго працу. Грошы, якія пералічвае чалавек з дыяспары, ідуць на аплату працы спэцыяліста, які кансультуе чалавека ўнутры Беларусі», — тлумачыць Павал Лібер.
Павал Лібэр
Цана кансультацыі — 30 эўра, зь якіх 25 эўра атрымлівае лекар. Паводле Паўла Лібера, такая сума невялікая для лекара, які працуе ў Эўрапейскім Зьвязе. Таму супраца з новай плятформай — гэта яшчэ і грамадзянская пазыцыя лекара.
«Цяпер ёсьць асноўныя папулярныя спэцыяльнасьці, напрыклад, тэрапэўт, лекар агульнага профілю або лекар-кардыёляг. Ёсьць і анколягі, бо катэгорыя пацыентаў з анкалягічнымі захворваньнямі ўвогуле асобная, асабліва ў невялікіх населеных пунктах. То бок пакуль там няма чагосьці вельмі вузкаспэцыялізаванага, зноў жа таму, што праект толькі пачынае працаваць. Але ідэя і ў тым, каб пашыраць спэктар спэцыялістаў», — кажа Лібер.
Як будзе праходзіць вэрыфікацыя і што зь бясьпекай
Праект разьлічаны толькі на жыхароў невялікіх беларускіх гарадоў і вёсак, таму яго карыстальнікі будуць праходзіць вэрыфікацыю. Аднак пэрсанальныя дадзеныя чалавек можа пры гэтым схаваць.
«У карыстальнікаў будзе вэрыфікацыя: трэба будзе падаць дакумэнт, у якім можна закрыць пэрсанальныя зьвесткі, але які пацьвярджае, што чалавек сапраўды жыве ў невялікім населеным пункце або належыць да сацыяльна ўразьлівай групы. Гэта можа быць, напрыклад, фатаздымак мэдычнай карткі з закрытымі пэрсанальнымі дадзенымі, у якой пазначана, да якой мэдычнай установы чалавек прымацаваны. Такім чынам будзе пацьвярджацца, што ён мае права атрымаць такую кансультацыю. Мы лічым, што ў людзей, якія жывуць у Менску і абласных цэнтрах, усё ж сытуацыя значна лепшая. А наша задача — дапамагаць менавіта ўразьлівым групам і людзям, якія маюць праблемы з доступам да мэдычнай дапамогі ў невялікіх населеных пунктах», — апісвае Павал Лібер.
Чарга да лекара ў беларускай паліклініцы. Ілюстарцыйнае фота
На сэрвісе пазначана, што заяўка можа быць ананімнай, а заяўнік можа выкарыстоўваць псэўданім замест сапраўднага імя. Зьвярнуцца ў «Раёнку» можа чалавек, які адпавядае прынамсі аднаму з наступных крытэраў:
- — Жыве па-за межамі Менску;
- — Ня мае грошай на платную мэдыцыну;
- — Гадуе дзяцей у адзіночку;
- — Мае інваліднасьць;
- — Сутыкнуўся з гвалтам ці рэпрэсіямі;
- — Ня можа бясьпечна зьвярнуцца ў дзяржаўную клініку.
То бок праект у пэўных выпадках будзе дасяжны і жыхарам Менску і абласных цэнтраў. Што да абароненасьці дадзеных, то на плятформе зьбіраюцца выкарыстоўваць ранейшыя тэхналёгіі, якія зарэкамэндавалі сябе як бясьпечныя.
«Мы выкарыстоўваем усе нашыя прадукты, якія выкарыстоўвалі да гэтага і якія зарэкамэндавалі сябе як бясьпечныя. Напрыклад, „Е-здароўе“ працавала ў фармаце ананімных кансультацыяў у чатах на плятформе, і таму там у прынцыпе ня трэба было падаваць ніякіх пэрсанальных дадзеных. У кожным разе пры звароце да плятформаў мы рэкамэндуем выкарыстоўваць VPN, карыстацца браўзэрам у рэжыме інкогніта, каб не захоўвалася гісторыя. Гэта агульныя рэкамэндацыі, неабходныя цяпер у працы з абсалютна ўсімі сайтамі і праграмамі, прызнанымі „экстрэмісцкімі“. Я думаю, што прызнаньне і гэтага праекту „экстрэмісцкім“ — гэта пытаньне зусім невялікага часу», — мяркуе Павал Лібер.
Як людзі даведаюцца пра гэтую ініцыятыву
Стваральнікі зьбіраюцца займацца рэклямай сэрвісу паступова. Бо ёсьць рызыка вялікага наплыву людзей у час, калі для гэтага яшчэ ня будзе адпаведных рэсурсаў, тлумачыць Павал Лібер.
Чарга ў рэгістратуру ў паліклініцы. Архіўнае фота
«Мы зьбіраемся патроху даваць інфармацыю пра гэта на ўзроўні нейкіх лякальных чатаў, на ўзроўні рэклямы. Па меры таго, як будзе зьбірацца сума на кансультацыі, мы будзем больш актыўна праводзіць маркетынгавыя кампаніі, бо вельмі баімся іншай сытуацыі — калі прыйдзе шмат людзей, а там ні кансультацыяў, ні грошай. Калі працавала „Е-здароўе“, выявілася, што вельмі шмат людзей зьвяртаюцца менавіта зь Беларусі, зь невялікіх населеных пунктаў, бо ў іх праблемы з мэдыцынай. І калі гэтая праграма закрылася, мы падумалі, што праблему ўсё роўна варта падсьвятляць і вырашаць, і паступова прыйшлі да гэтага праекту „Раёнка“», — кажа Павал Лібер.
Пакуль, згодна з сайтам праекту, з данатаў удалося сабраць 545 эўра — на 18 кансультацыяў. Ахвяраваць можна ад 5 эўра і болей.