Рашэньне забараніць мэдыкам пераходзіць у прыватныя клінікі ня маючы 7 гадоў стажу ў дзяржаўных пакуль не канчатковае. Гэта праект, які абмяркоўваецца «з прафэсійнай супольнасьцю», кажа міністар Аляксандар Хаджаеў. Паводле ягоных словаў, «крытычных заўваг» і вялікай колькасьці пытаньняў ад мэдыкаў не паступіла.
«Патрэбна будзе адпрацаваць у дзяржаўнай мэдустанове сем гадоў замест трох», цытуюць міністра Хаджаева дзяржаўныя прапагандысты.
Паводле агульнадзяржаўнай базы вакансій, апублікаванай на афіцыйным сайце службы занятасьці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, у лякарнях, санаторыях і іншых мэдычных установах краіны цяпер не хапае 3644 лекараў, 1878 мэдычных сясьцёр і 1872 санітараў. Найбольшы дэфіцыт мэдычных кадраў у сталіцы, Менскай, Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцях.
Прычым недахоп лекараў адчуваюць як дзяржаўныя паліклінікі і шпіталі, так і прыватныя мэдцэнтры.
Чэргі ў паліклінікі да ўчастковага, немагчымасьць узяць талёнчык да вузкага спэцыяліста, якога часта ў паліклініцы папросту няма — звычайная карціна, да якой беларусы ўжо прывыклі. Таму людзі часьцяком не разьлічваюць на дзяржаўную мэдыцыну і гарантыі, прапісаныя ў Канстытуцыі, а вымушаныя зьвяртацца ў прыватныя цэнтры і плаціць за сваё здароўе, распавядае ў размове са Свабодай пэнсіянэрка з Барысава спадарыня Ганна (імя зьмененае з меркаваньняў бясьпекі — РС).
«Я рабіла дзьве складаныя апэрацыі на вачах у камэрцыйным цэнтры „Оптымэд“ у Менску. Цяпер трэба пастаянна назірацца ў афтальмоляга. У канцы сьнежня 2025 году ў дзяржаўнай паліклініцы № 2 мне далі талёнчык на 3 верасьня 2026 году — чакаць 9 месяцаў! Таму хаджу ў прыватны цэнтар, там вядзе прыём па нядзелях вельмі добрая лекарка з 10-га клінічнага шпіталя Менска. Візыт каштуе 80 рублёў. Нядаўна хадзіла і да ЛОР-лекара — 40 рублёў прыём. Унутрывенны ўкол у прыватным цэнтры каштуе 9 рублёў. Хоць я і пэнсіянэрка, не лічу, што гэта дорага. Мне маё здароўе даражэйшае», — кажа 85-гадовая жанчына.
Тацяна (імя зьмененае з пытаньняў бясьпекі — РС) жыве ў Менску. Кажа, што ў дзяржаўную паліклініку да лекараў вузкіх спэцыяльнасьцяў трапіць амаль нерэальна. Таму яна вымушана запісваецца ў прыватныя цэнтры.
«За апошнія некалькі месяцаў зьвярталася ў розныя прыватныя клінікі некалькі разоў. Цэны не завоблачныя. Мне нават падалося, што крыху зьнізіліся. Кансультацыя лекара-нэўроляга найвышэйшай катэгорыі — 67 рублёў; лекар-артапэд найвышэйшай катэгорыі, доктар навук, прафэсар — 93 рублі. Праўда, чакаць яго давялося 3 тыдні. Лекар-флеболяг найвышэйшай катэгорыі — 60 рублёў, таксама чакала прыёму 2 тыдні. Так што цэны цярпімыя, а вось на МРТ „кусаюцца“.
Хачу трапіць да канкрэтнага кардыёляга ў „ЛОДЭ“, і пакуль не атрымліваецца: на верасень-кастрычнік усё занята. 1 кастрычніка адкрываецца запіс на лістапад — трэба будзе „лавіць“ дату, бо „вакенцы“ разьлятаюцца імгненна», — распавядае Тацяна.
«Кепска схаваны страх міністра»
Што хаваецца за прапанаванымі міністрам здароўя Аляксандрам Хаджаевым захадамі? Лекар, які ў Беларусі меў найвышэйшую катэгорыю і стаж больш за 20 гадоў (не падаем яго імя праз пытаньні бясьпекі — РС), у размове са Свабодай найперш зьвяртае ўвагу на адну неадпаведнасьць. З аднаго боку, у Беларусі не хапае больш за 3,5 тысячы лекараў. А з другога, ёсьць заявы чыноўнікаў, што ўкамплектаванасьць лекарамі ў краіне — 96%.
«Гэта проста дзівосы нейкія… Апошняя заява наконт сямі гадоў і першай катэгорыі — гэта кепска схаваны страх міністра аховы здароўя, проста крык душы: „ня біце мяне, калі ласка, не чапайце мяне — я раблю, што магу“. Усё гэта ўжо было, я за свае 20+ гадоў у мэдыцыне ўсё гэта ўжо бачыў: павышалі тэрмін адпрацоўкі ў дзяржаўных клініках, адмянялі катэгорыі… Сытуацыю гэта не паправіла і не паправіць. А рабіць штосьці трэба, справаздачыцца, што „мы прынялі меры“. Эйнштэйн, праўда, называў вар’яцтвам рабіць то самае і спадзявацца на іншы вынік. Але паколькі ў кіраўніцтве сыстэмы шмат людзей разумных, то прычына ня ў страце глузду, а ў іншым. Да таго ж доля прыватнай медыцыны ў Беларусі мізэрная, так, што нават калі зусім яе ліквідаваць, то істотна гэта бы не паправіла кадравую сытуацыю» — мяркуе суразмоўца.
На яго думку, у Беларусі дагэтуль няма сыстэмнага падыходу, чыноўнікі так да канца і ня вызначыліся: прыватная мэдыцына — гэта плюс, гэта дапамога ці гэта зло, якое трэба выкараняць?
«Вось гэтая хаатычнасьць — то даюць, то забіраюць — сьведчыць пра тое, што няма сыстэмы. Яны ня вызначыліся з вобразам, ня вызначыліся, якой мусіць быць мэдыцына. Толькі агульныя словы: за ўсё добрае і супраць усяго кепскага, мэдыцына мусіць быць даступная і якасная. І з прыватнай мэдыцынай тое самае», — кажа суразмоўца.
З больш-менш новага, чаго дасягнула ў апошні час дзяржаўная мэдыцына, можна назваць лічбавізацыю, працягвае ён.
«Дзеля таго, каб атрымаць адпаведны вынік, трэба ведаць, куды ідзем. А калі ня ведаем — адпаведна і вынік. Я ведаю, наколькі яны бедныя і абмежаваныя па ўсіх франтах, наколькі несамастойныя і нясьмелыя. Добрыя пачынаньні і той патэнцыял, які ёсьць — ён будзе зьліты ў вясковую прыбіральню», — мяркуе суразмоўца.
Доктар узгадвае, што ранейшыя дасьледаваньні паказвалі: 40% беларусаў, якія жывуць у гарадах, гатовыя плаціць за сваё лячэньне.
Для такіх людзей гэта не зьяўляецца праблемай — плаціць за паслугі, якія адпавядаюць іх патрабаваньням, іх запытам.
«У нармальнай сытуацыі можна было скарыстацца тым, што людзі гатовыя, і прыдумаць нейкія мэханізмы, каб спалучаць дзяржаўную мэдыцыну і прыватную для таго, каб разгрузіць першую. Але для гэтага трэба прызнаць, што яна перагружаная. Такога прызнаньня няма, адпаведна няма разуменьня, куды падзець прыватную мэдыцыну. Зь іншага боку, ёсьць яшчэ такі практычны сярмяжны сялянскі інтарэс — зарабіць, адціснуць чарговы афтальмалягічны цэнтар кшталту „Новага зроку“ ці зрабіць такую прыдзяржаўную прыватную кантору, як „Аква-Мінск Клінік“. Бо ёсьць жа „харошыя“ людзі, якім трэба даць зарабіць», — выказвае меркаваньне лекар.
«Спроба „прыкрыць“ праблему»
Намесьнік прадстаўніка па сацыяльнай, палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, доктар найвышэйшай катэгорыі Станіслаў Салавей перакананы, што новая ідэя Мінздароўя, гэта спроба яшчэ на некалькі гадоў адцягнуць час, калі лекары пачнуць зьбягаць у прыватныя ўстановы. Ён узгадвае, як яшчэ падчас ягонай вучобы ва ўнівэрсытэце міністрам аховы здароўя быў Васіль Жарко, які абяцаў праз 2-3 гады вырашыць праблему з чэргамі ў паліклініках.
«Гэта барацьба зь ветракамі — тое, што немагчыма перамагчы, таму што гэта асаблівасьці мэдыцыны. Ты ня можаш трымаць вольнага лекара, чакаць чаргі ў паліклініку — гэта штосьці сакральнае. Прыкладна 20% лекараў, адпрацаваўшы ў дзяржаўных клініках, сыходзяць у прыватныя мэдцэнтры. Гэта проста спроба, каб яшчэ пазьней — на 2 гады — лекары зьбягалі ў прыватныя ўстановы. Таму што за чэргі ў дзяржаўных б’юць па галаве, а чэргі ў прыватных — гэта праблемы саміх прыватных клінік. І раней гэтыя абмежаваньні былі: забарона працаваць бязь першай катэгорыі ў прыватных установах, стаж ня менш за 5 гадоў. А цяпер — яшчэ на 2 гады павялічым. Гэта спроба ня вырашыць праблему, а „прыкрыць“ яе яшчэ на 2 гады. Чыноўнік зацікаўлены хоць на 2 гады затрымаць лекараў у дзяржаўнай мэдыцыне», — мяркуе Станіслаў Салавей.
Станіслаў Салавей прыводзіць прыклады Літвы, Украіны, дзе дзяржава ня цісьне на прыватнікаў, а цесна супрацоўнічае зь імі.
«У Літве ты можаш пайсьці ў прыватную клініку і зрабіць апэрацыю, а дзяржава з гэтай клінікай разьлічыцца, шпіталь атрымае аплату, з тых падаткаў, якія чалавек плаціць. Тое самае ёсьць і ва Ўкраіне: хуткая дапамога можа прывезьці чалавека, да прыкладу, зь інфарктам у прыватную клініку, дзе яго безкаштоўна пралечаць, і шпіталь ад гэтага атрымае пэўную суму, вызначаную ўстановай, якая разьмяркоўвае фінансы.
Барацьба з прыватнай мэдыцынай — гэта бздура. Як атрымалася з той жа клінікай „Новы зрок“, якую пачалі тэрарызаваць яшчэ да 2020 году і ў 2023-м адціснулі канчаткова. Трэба было зрабіць калябарацыю, а не змагацца зь ёй. Калі ёсьць прыватнік, які вельмі добра кіруе гэтым бізнэсам, то можна было б мяняць па чарзе тыя самыя „крышталікі“ там, і людзі б плацілі менш, чым у дзяржаўным шпіталі», — кажа доктар.
Станіслаў Салавей падкрэсьлівае, што дзяржава магла б узмацніць прыватную мэдыцыну, бо калі праблему закрывае прыватнік — ён жа гэта робіць для грамадзянаў Беларусі. А беларуская дзяржава з тых падаткаў, якія чалавек сплаціў, заплаціць прыватніку.
«Калі 40% лекараў і мэдсёстраў сыходзіць — можа, праблема не ў прыватнай мэдыцыне, куды зьбягаюць, а праблема ў сыстэме? Умовы працы трэба мяняць, заробкі павялічваць, лепей лекараў бараніць ад агрэсіі пацыентаў ці парушэньняў працоўнага права. А ў нас толькі дубінкай умеюць штосьці рабіць», — кажа Станіслаў Салавей.
Як складваюцца адносіны беларускай дзяржавы з прыватнай мэдыцынай
Паводле Міністэрства аховы здароўя, цяпер у Беларусі ў мэдычнай сфэры дзейнічаюць прыкладна 1950 аб’ектаў прыватнай формы ўласнасьці, аднак сюды ўваходзяць ня толькі клінікі, але і індывідуальныя прадпрымальнікі, стаматалягічныя кабінэты, кабінэты масажу, оптыкі і гэтак далей. Колькасьць паўнавартасных мэдычных цэнтраў у краіне не перавышае 550 устаноў.
Прыватныя мэдычныя цэнтры сталі зьяўляцца ў Беларусі на пачатку 1990-х. Першым быў цэнтар «Авіцэна». У 1992-м адкрыліся «ЛОДЭ» і «Эксана», у 1993-м — «Парацэльс» і «Мікоша», у 1994-м — «Сантана» і «Поўстар», у 1995-м — «Экамэдсэрвіс», у 2001-м «Новы зрок».
Дзяржава заўсёды імкнулася жорстка кантраляваць і правяраць прыватныя мэдцэнтры. У пачатку 2000-х гадоў чыноўнікі патрабавалі ад дзяржаўных мэдустаноў зарабляць — здаваць пустыя памяшканьні прыватнікам, а прыватныя мэдцэнтры вымушаны былі плаціць за іх вялікую арэнду. Але ўвесну 2002 года Лукашэнка загадаў выселіць арандатараў і зьняў тагачаснага міністра здароўя Ўладзіслава Астапенку. Пры новым міністры Людміле Пастаялцы прыватнікаў выставілі зь дзяржустановаў, а ў паліклініках і шпіталях увялі платныя паслугі — 28 чэрвеня 2002 года Савет Міністраў прыняў Пастанову № 847.
Буйныя мэдцэнтры («Экамэдсэрвіс», «Нардзін» ды іншыя) пачалі будаваць уласныя клінікі. Прыватнікам дзяржава пэрыядычна ставіць новыя ўмовы і патрабаваньні, спрабуе рэгуляваць цэны на іх паслугі.
Пасьля падзей 2020 года з прыватных цэнтраў пачалі звальняць лекараў, якія падтрымалі пратэсты. Тады ж зьявіліся паведамленьні пра забарону прымаць туды на працу мэдыкаў, якія звольніся зь дзяржаўных клінік. Сотні лекараў і мэдыцынскіх сясьцёр вымушаныя былі зьехаць за мяжу.
У траўні 2022 года ў выніку праверак Міністэрства аховы здароўя, Дэпартамента фінансавых расьсьледаваньняў і іншых органаў у дзесяці прыватных медцэнтраў былі прыпыненыя дзеяньні ліцэнзій Сярод іх у «Лодэ», «Нардына», «Клінікі А1», «Кравіры» ды іншых. Сямі цэнтрам удалося вярнуць ліцэнзіі празь некалькі месяцаў, тры — «Клініка А1», «Доктар Нема», «Унукі Гіпакрата» — закрыліся.
У ліпені 2023 года Мінздароўя забрала ліцэнзію ў сеткі клінік «Новы зрок» (у Менску «Новы зрок» меў два сучасна абсталяваныя будынкі, філіялы былі ў многіх буйных гарадах).
Форум