На 10 чэрвеня, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі налічваецца 869 палітвязьняў, зь іх восем чалавек маюць інваліднасьць. Як найменей 60 беларускіх палітвязьняў маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, зь іх 30 чалавек — у зоне асаблівай рызыкі, бо іх узрост перавышае 60 гадоў. Праваабаронцы даводзіць, што гэтыя людзі маюць патрэбу ў асаблівай і рэгулярнай увазе лекараў, але забясьпечыць такую ўвагу і дапамогу за кратамі праблематычна.
Гэтак лічыць праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка, які трапіў за краты ў студзені 2021 году і адбыў у зьняволеньні два з паловай гады. Судаленка на сабе зьведаў, якой ёсьць турэмная мэдыцына ў СІЗА і калёніі.
«Мне як хвораму на цукровы дыябэт былі патрэбны лекі, трэба было штодзень іх прымаць. Пакуль быў у СІЗА, лекі перадавала жонка, мне іх выдавалі без праблем, але за 13 месяцаў СІЗА ніводнага разу не памералі ўзровень цукру ў крыві. То бок такіх паслуг там не аказваюць. Між тым без такіх замераў складана вызначыць узровень цукру і адпаведна ўгадаць з дозай мэдыкамэнту. Справа крыху зрушылася талькі пасьля таго, як жонка схадзіла на прыём да начальніка гомельскага СІЗА», — згадаў Леанід Судаленка.
З 2022 па лета 2023 году Леанід Судаленка адбываў пакараньне ў ПК-3 пад Віцебскам. Паводле яго, у калёніі сытуацыя з мэдычнай дапамогай аказалася яшчэ горшай.
«Там лекі, якія перадавала жонка, да яе і вярталіся, да мяне не даходзілі. Пры гэтым мяне паставілі на ўлік як хворага на цукроўку і выдавалі пэўныя лекі, але беларускай вытворчасьці, якія не асабліва дапамагалі. Даходзіла да таго, што я губляў прытомнасьць. Шмат скардзіўся, прасіў даць мне дадатковы перапынак для больш частага прыёму ежы, бо доўга без ежы арганізм не вытрымліваў. Не прасіў ежы казённай, казаў, што буду есьці свае харчы, але і ў гэтым адмовілі. Фактычна ўвесь час, пакуль быў у калёніі, працягваў пакутаваць, бо фізычны стан пагаршаўся», — згадаў Леанід Судаленка.
Паводле Судаленкі ў калёніі ён часта бачыў вязьняў, якім наўпрост на тэрыторыі станавілася дрэнна.
«Бачыў як людзі гублялі прытомнасьць і проста валіліся на зямлю. Тады іншыя вязьні клалі такога чалавека на коўдру і цягнулі ў мэдычную частку, а там што будзе то і будзе. Людзей сталага веку ў калёніі шмат, сярод іх ёсьць інваліды, якім цяжка перасоўвацца. Часта бачыш сцэны, як ідзе атрад, а за ім цягнецца чалавек з кійком, ледзь не паўзе. І такім вязьням ніякай палёгкі не даюць, калі чалавек не ў атрадзе для пэнсіянэраў, дык такіх нават ад працы не вызваляюць», — згадаў праваабаронца пабачанае ў ПК-3 «Віцьба».
Судаленка трапіў у «Віцьбу» ў 55 гадоў і кажа, што да таго часу акрамя цукроўкі ня меў іншых праблем са здароўем, але ў калёніі зьведаў новую бяду — хутка пачалі разбурацца зубы.
«Усяго страціў там 11 зубоў. У калёніі навучыўся лячыць хворы зуб сольлю, прызвычаіўся спаць з бальным зубам. Пакладзеш у дзірку солі і нібыта лягчэй, крыху пасьпіш, але потым боль вяртаецца», — падзяліўся досьведам Судаленка.
Былы палітвязень патлумачыў, чаму даводзілася займацца самалячэньнем.
«Лячыць не было дзе, неяк 8 месяцаў не было зубнога лекара. Прызвычаіўся пальцамі вырываць зуб, які расшматаўся. І такіх як я з хворымі зубамі ў атрадзе было шмат вязьняў. Амаль усе, хто сядзяць больш за 5 гадоў, страчваюць зубы і ядуць потым пераважна дзяснамі. А куды падзецца?», — кажа былы палітвязень Леанід Судаленка.
Паводле праваабаронцы ягоныя скаргі на дрэннае становішча з мэдычнай дапамогай у адміністрацыю папраўчай установы не дзейнічалі. Судаленка выйшаў на волю ўлетку 2023 году, ён кажа, што ў гэты час становішча з мэдычнай дапамогай у «Віцьбе» не зьмянілася.
Лейкома, цынга, сьлепата, трамбоз венаў, эпілепсія
Праваабаронцы «Вясны» згадваюць імёны і гісторыі палітвязьняў, стан здароўя якіх выклікае асаблівую заклапочанасьць.
23-гадовы Арсеній Майсейчык, асуджаны да шасьці гадоў калёніі, хворы на лейкому. Рэмісія патрабуе рэгулярнага кантролю лекарамі і штогадовыя МРТ. Маладому чалавеку забароненыя вялікія фізычныя нагрузкі, але невядома, ці гэта ўлічваюць у папраўчай калёніі № 17 у Шклове, дзе Арсеній адбывае пакараньне.
У асуджанага да 12 гадоў Аляксея Галаўко хранічныя праблемы з носам, якія патрабуюць хірургічнага ўмяшаньня. Сёлета Аляксею дадалі да тэрміну паўгоду паводле 411 артыкулу КК аб непадпарадкаваньні, цяпер яго трымаюць у больш жорсткіх умовах у калёніі № 14 у Навасадах.
Шмат у якіх палітвязьняў за кратамі імкліва пагаршаецца здароўе праз умовы ўтрыманьня, абвастраюцца ранейшыя хранічныя захворваньні, даводзяць праваабаронцы «Вясны».
Праваабаронцы згадваюць Мікіту Кунтыша, якому 24 гады. Мікіта мае захворваньне, якое пры неналежным доглядзе лекараў можа перайсьці ў хранічную стадыю.
У палітвязьня Сьцяпана Латыпава ў 2024 годзе была дыягнаставана цынга. Цяпер Латыпава трымаюць у турэмных умовах у Магілёўскай вязьніцы.
У былога супрацоўніка мытнай службы Яўгена Гурыновіча, якога асудзілі за «здраду дзяржаве», сур’ёзныя праблемы з хрыбетнікам.
У палітвязьня Яўгена Бурло ў зьняволеньні здарыўся рэцыдыў захворваньня, на якое мужчына пакутаваў яшчэ да затрыманьня — нэкроз тазабедраных суставаў. Яўген быў накіраваны ў мэдсанчастку СІЗА. Паводле зьвестак праваабаронцаў, сваякі палітвязьня зьвярталіся да кіраўніцтва СІЗА, каб ён мог атрымаць належнае лячэньне, але там адмовілі. Яўген Бурло ў судзе быў на мыліцах, ён нават не змог падняцца падчас агалошваньня прысуду. Вядома, што Яўгену была патрэбна апэрацыі на хрыбетніку.
Дзянісу Сальмановічу ў калёніі зрабілі апэрацыю па выдаленьні жоўцевага пухіра. У яго таксама сурʼёзнае хранічнае захворваньне нырак. Больш за год, з красавіка 2025 году Сальмановіча ўтрымліваюць у магілёўскай турме № 4.
Вольга Маёрава рызыкуе цалкам страціць зрок. У яе катаракта, рубцы, пагроза поўнай сьлепаты. Палітзьняволеная зьвярталася па дапамогу, але мэдыцынская частка жаночай калёніі № 4 адмовіла ў лячэньні, паведамляюць праваабаронцы. Паводле «Вясны» Вользе Маёравай не перадаюць лекі і мэдыцынскія бандэролі ад родных.
У палітвязьня Дзьмітрыя Маставога — трамбоз венаў. У час адбыцьця пакараньня ў ШЫЗА магілёўскай калёніі № 15 у Дзмітрыя апухла нага. Палітвязень дамогся, каб летам 2025 года яго адправілі ў турэмны шпіталь у Калядзічах на абсьледаваньне, дзе яму прызначылі мэдыкамэнтознае лекаваньне, якое, як сьцьвярджаюць праваабаронцы, не прынесла палёгкі. Між тым летась у сьнежні Маставога зноў судзілі паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу аб непадпарадкаваньні, цяпер ён пераведзены ў магілёўскую турму.
На 26-гадовага Кірыла Ашурка, якога трымаюць у турме № 4 у Магілёве, аказваюць дадатковы ціск, кажуць праваабаронцы. Ім стала вядома пра цяжкі стан здароўя Кірыла — напрыканцы 2025 году ў яго здарыўся мікраінсульт.
У палітвязьня Яўгена Скочкі праблемы са здароўем і пагоршыўся зрок. У яго павышаны ціск, нестабільнасьць шыйных хрыбетак, праз што яму трэба на шыі насіць адмысловы «каўнер».
Таксама мае сурʼёзныя праблемы са здароўем Максім Шуканаў, сьцьвярджаюць праваабаронцы «Вясны». Паводле іх зьвестак у палітвязьня дыягнаставалі эпілепсію. «Вясна» атрымала пакуль непацьверджаную інфармацыю пра тое, што ў Максіма яшчэ ў СІЗА было некалькі прыступаў, якія прывялі да траўмаў. Праваабаронцы не выключаюць, што хворы на эпілепсію палітвязень ня меў магчымасьці прымаць неабходныя прэпараты, якія перадухіляюць прыступы.
Камэнтар юрыста
Юрыст «Вясны» Павал Сапелка ў камэнтары да зьвестак пра ўразьлівых палітвязьняў сказаў пра адказнасьць вінаватых у неаказаньні гэтым людзям неадкладнай мэдычнай дапамогі ў поўным аб’ёме, як патрабуе іх стан здароўя.
«Для тых зь іх, хто з прычыны стану здароўя і наяўнасьці цяжкіх захворваньняў адчувае асаблівыя пакуты, чыё жыцьцё ў сувязі з гэтым пастаўленае ў небясьпеку, вызваленьне ня можа быць прадметам уладных маніпуляцый, палітычных дыскусій ды інсынуацый. Яно павінна адбыцца неадкладна, у якасьці першага кроку да сапраўднага нацыянальнага прымірэньня, каб не абцяжарваць немінучую адказнасьць вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасьці», — мяркуе юрыст Павал Сапелка.
Форум