Расейскія войскі безь перапынку атакуюць рэгіёны Ўкраіны. Украінскія войскі наносяць удары ў адказ.
У ноч на 25 па ўкраінскіх гарадах і аб’ектах энэргетыкі запусьцілі 112 ударных дронаў. Сілы супрацьпаветранай абароны змаглі зьбіць 88 расейскіх бесьпілётнікаў.
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі аб зьбіцьці 305 украінскіх дронаў над 14 расейскімі рэгіёнамі. Прынамсі ў двух рэгіёнах зафіксавалі ўлучэньні па нафтаперапрацоўчых заводах.
Ва Ўкраіне загінулі сама меней 4 чалавекі, дзясяткі параненых
У Кіеве загарэўся 16-павярховы жылы дом, загінуў адзін чалавек, два пацярпелі.
У Белай Цэркве Кіеўскай вобласьці расейскія войскі пашкодзілі аб’екты цывільнай інфраструктуры, гіпэрмаркет, аддзяленьне «Новай пошты», грузавікі і гандлёвую ўстанову. Адзін чалавек загінуў.
У Палтаўскай вобласьці пацярпела прамысловае прадпрыемства, у Жытомірскай — энэргетычны аб’ект і цывільнае прадпрыемства. Адзін цывільны загінуў.
У Сумскай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 17 паселішчаў. Вядома пакуль пра аднаго загінулага і аднаго параненага.
Атака яшчэ працягваецца. Пасьля 10-й раніцы ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі пра чарговы запуск расейскіх дронаў і іх рух паўзь мяжу зь Беларусьсю.
У Расеі пажары прынамсі на трох нафтаперапрацоўчых заводах
Жыхары Самарскай і Растоўскай вобласьцяў паведамілі пра узгараньні на тэрыторыі нафтаперапрацоўчых заводаў.
У Самарскай вобласьці пад ударам апынуліся Куйбышаўскі і Сызранскі НПЗ.
Для Куйбышаўскага заводу гэта пятая атака з 2024 году. Сёлета ў верасьні ў выніку пацэльваньня ўкраінскіх дронаў адбыўся маштабны пажар на тэрыторыі заводу і рэзэрвуарнага парку. Маштабы сёньняшняга ўдару пакуль невядомыя. На відэа ад мясцовых жыхароў, апублікаваных маніторынгавым каналам Exilenova+, можна пабачыць чорны дым у раёне заводу.
На Сызранскім заводзе таксама пажар, які пачаўся пасьля некалькіх выбухаў. Гэта 15-я атака на прадпрыемства з 2024 году і пятая сёлета.
Улады Самарскай вобласьці не ўдакладняюць сытуацыі. Яны адзначылі толькі, што некаторыя школы будуць працаваць паводле зьмененага графіку, а на асобных тэрыторыях ёсьць праблемы ў энэргазабесьпячэньні.
Улады Растоўскай вобласьці папярэдзілі мясцовых жыхароў аб адказнасьці за разьмяшчэньне фота і відэа зь месца ўдараў. Яны сьцьвярджаюць, што над рэгіёнам зьбілі больш за 50 дронаў. Ніякай інфармацыі аб тым, што адбываецца на Навашахцінскім НПЗ, не паведамляюць. На відэа маніторынгавых каналаў можна пабачыць чорны дым у раёне прадпрыемства.
Што папярэднічала
Украіна ў адказ на расейскія ўдары па сацыяльнай інфраструктуры і аб’ектах энэргетыкі атакуе расейскія тэрыторыі, наносячы ўдары па нафтаперапрацоўчых магутнасьцях. Вайсковае камандаваньне Ўкраіны заяўляе, што спрабуе пазбавіць Расею паліва, каб яго не маглі пастаўляць войскам на акупаваных тэрыторыях Украіны для працягу вайны.
Пасьпяховасьць і масавасьць украінскіх удараў па расейскіх прадпрыемствах стала прычынай глыбокага паліўнага крызісу ў Расеі, анэксаваным ёю Крыме і захопленых ёю іншых вобласьцях Украіны. У некаторых рэгіёнах увялі строгія забароны ці абмежаваньні на продаж паліва насельніцтву, чэргі па бэнзін і дызэль бачныя нават на спадарожнікавых здымках. Расейскія ўлады забаранілі экспарт аўтамабільнага і авіяцыйнага бэнзіну, а таксама дызэльнага паліва.
У пачатку ліпеня адразу некалькі краін Цэнтральнай Азіі заявілі аб паліўным крызісе праз скарачэньне паставак нафтапрадуктаў з Расеі й Ірану. У прыватнасьці, Таджыкістан, Кіргізстан і Ўзбэкістан пачалі тэрмінова шукаць магчымасьць кампэнсаваць страты ў пастаўках нафтапрадуктаў з Расеі.
Пэўную частку дэфіцыту паліва на рынку Расеі закрываюць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.